343. Творы жывапісу могуць пакавацца як разам з рамамі, так i без іх.

344. Зашклёныя карціны перад упакоўкай дэмантуюцца, паміж шклом i рамамі закладваюцца ўпаковачныя мяккія матэрыялы, якія адпавядаюць памеру карціны. Пасля гэтага карціна зноў афармляецца ў раму.

345. Усе музейныя прадметы станковага жывапісу перад упакоўкай абгортваюцца крафтам ці белай паперай, а да гэтага – фланэллю.

346. Карціны, якія накіроўваюцца за межы рэспублікі, падчас упакоўкі змяшчаюцца ў супрацьвільгасныя чахлы ці канверты, краі якіх заклейваюцца.

347. Карціны кладуцца ў скрыню шчыльна парамі адной жывапіснай паверхняй да другой. Іх фарбаваны слой папярэдне абгортваецца мікалентнай ці папяроснай паперай i перакладваецца фланэллю. Потым абедзве карціны абгортваюцца паперай ці крафтам.

348. Усе існуючыя ў скрынях пустоты запаўняюцца амартызацыйнымі матэрыяламі (паперай, паралонам ці пенапластам).

349. Карціны вялікага фармату пры транспарціроўцы здымаюцца з падрамніка і накручваюцца на вал. Гэтая аперацыя павінна праходзіць толькі ў прысутнасці вопытнага рэстаўратара.

Краі палотнаў, якія накатаны на вал, не павінны даходзіць да кружала на 5–10 см з кожнага боку. Вал з накатанымі карцінамі абгортваецца рулоннай паперай, потым сінтэтычным матэрыялам і месціцца ў спецыяльнай скрыні. Транспарціруецца скрыня ў гарызантальным стане.

350. Карціны невялікага габарыту розных памераў кладуцца ў скрыні на спецыяльна зробленыя для гэтага драўляныя рамкі, якія накладаюцца адна на адну.

Перад упакоўкай карціны падбіраюцца па памерах i кладуцца ў скрыні фарбаваным слоем уніз гарызантальна, прысоўваюцца да аднаго з вуглоў скрыні. Вуглы ляпных ці разных рам абкладаюцца паралонавымі альбо ватнымі падушкамі.

351. Скрыні з творамі станковага жывапісу транспарціруюцца так, каб запакаваныя карціны незалежна ад спосабу іх укладкі (гарызантальна ці вертыкальна) абавязкова знаходзіліся ў вертыкальным стане.

ГЛАВА 40

УПАКОЎКА ТЭМПЕРНАГА ЖЫВАПІСУ

352. Перад упакоўкай творы тэмпернага жывапісу групуюцца па памерах, адпаведна якім робіцца тара для транспарціроўкі.

353. Вага ўпаковачнай скрыні з музейнымі прадметамі не павінна перавышаць 80 кг.

354. Усе музейныя прадметы абгортваюцца белай фланэллю. Фарбаваны слой папярэдне закрываецца васковай калькаю, мікалентнай ці папяроснай паперай.

355. Творы тэмпернага жывапісу невялікіх памераў кладуцца ў скрыню гарызантальна і парна (фарбаванымі слаямі адзін да аднаго). Паміж слаямі на вуглах кладуцца накладкі з мяккіх матэрыялаў. На дно скрыні месціцца паралон альбо гафрыраваная папера. Пустоты паміж сценкамі скрыні i тарцамі твораў набіваюцца скруткамі скамечанай паперы.

356. Творы тэмпернага жывапісу вялікіх памераў пакуюцца не болей аднаго-двух у скрыню, замацоўваюцца амартызацыйнымі пракладкамі. Жывапісныя слаі месцяцца адзін да аднаго праз мяккія пракладкі. У месцах сутыкнення твораў з умацаваннямі пракладаюцца падушкі.

357. Творы тэмпернага жывапісу з пашкоджанай асновай пакуюцца ў асобныя скрыні. Яны кладуцца жывапісным слоем уніз на мяккія пракладкі i шчыльна прыціскаюцца да ix абгорнутымі ў паперу брускамі, якія кладуцца ўздоўж валокнаў дошкі па лініі яе найбольшага прагіну. Брусок мацуецца да бакавых сценак скрыні. Паміж сценкамі скрыні i краямі дошкі месцяцца амартызацыйныя пракладкі з гафрыраванага кардону ці іншыя пракладкі, якія забяспечваюць захаванасць твораў ад пашкоджанняў.

358. Упакоўка абразоў з унікальнымі аправамі павінна ажыццяўляцца толькі пад кіраўніцтвам вопытнага рэстаўратара.

359. Абразы невялікіх памераў перад упакоўкай у скрыню месцяць у асобныя касеты.

ГЛАВА 41

УПАКОЎКА ТВОРАЎ ГРАФІКІ

360. Акварэлі, малюнкі i гравюры пакуюцца ў скрыні ў папках, у якіх яны захоўваюцца ў фондах музея.

361. Папкі падзяляюцца на групы па памерах, абгортваюцца ў паперу, кладуцца ў вільгаценепранікальныя падвойныя пакеты i потым гарызантальна ў скрыні. На дно скрыні месціцца пракладка з пенапласту. Усе пустоты ў скрыні запаўняюцца ўпаковачным матэрыялам.

362. Творы графікі павінны ўпакоўвацца манціраванымі ў паспарту, але асобна ад шкла і рам. Перад упакоўкай шкло неабходна заклеіць цэлым лістом паперы ці марляй альбо шырокімі палоскамі ліпкай сінтэтычнай стужкі.

363. Творы графікі ў старой, мастацкай ці аўтарскай манціроўцы не падлягаюць пры ўпакоўцы дэмантажу.

364. Транспарціроўка пастэлей i малюнкаў вугалем дапушчальна толькі ў выключных выпадках у зашклёным выглядзе. Скрыні з зашклёнай пастэллю транспарціруюцца ў вертыкальным стане.

ГЛАВА 42

УПАКОЎКА СКУЛЬПТУРЫ

365. Разборныя часткі скульптуры пакуюцца асобна.

366. Перад упакоўкай кожны прадмет абгортваецца паперай, якая мацуецца вяроўкай i месціцца ў чахол з белай тканіны. Выкарыстанне глянцавай i парафініраванай паперы забараняецца.

367. Скульптура (акрамя гіпсу) сярэдніх i вялікіх памераў надзейна мацуецца ў скрыні ў залежнасці ад індывідуальных асаблівасцей (планкамі з мяккімі пракладкамі, упорамі з дошак). Пустоты запаўняюцца ўпаковачнымі матэрыяламі.

368. Скульптуры з мармуру пакуюцца па адной у скрыню. У выпадку ўпакоўкі дзвюх скульптур у адну скрыню яны паміж сабой раздзяляюцца надзейнай сценкай i добра замацоўваюцца.

ГЛАВА 43

УПАКОЎКА ТВОРАЎ ДЭКАРАТЫЎНА-ПРЫКЛАДНОГА МАСТАЦТВА

369. Пры ўпакоўцы твораў дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва кожны з іх абгортваецца тонкай паперай, потым ватаю, жгутом з лігніну, зноў паперай i перавязваецца. Кожная дэталь абгортваецца асобна.

370. Пры ўпакоўцы найбольш крохкіх твораў разам з абгортваннем мяккімі матэрыяламі ix трэба размяшчаць у невялікіх скрынях з фанеры ці кардону, а потым – у агульную скрыню.

371. Надзвычай каштоўныя i крохкія творы абгортваюцца ў паперу i пакуюцца кожны ці ў спецыяльны футарал, які зроблены па ix форме, ці ў індывідуальныя кардонныя, а потым у фанерныя скрыні.

372. Фанерныя скрынкі ці футаралы з творамі пакуюцца ў агульную скрыню, i пустоты шчыльна набіваюцца ўпаковачнымі матэрыяламі.

373. Скрыні для ўпакоўкі тканін павінны быць забяспечаны засцерагальнай унутранай накрыўкай i здымнымі паліцамі, на якія кладуцца тканіны. Яны пакуюцца ў скрыню без залішніх згінаў i перакладаюцца паперай.

374. Папярэдне тканіны змяшчаюцца ў вільгацеўстойлівыя пакеты.

375. Дываны i шпалеры (габелены) перад транспарціроўкай перакладаюцца двума слаямі паперы i накручваюцца на вал ворсам унутр.

376. Асобныя разборныя дэталі мэблі пры ўпакоўцы здымаюцца i месцяцца ў скрыні разам з асноўнымі.