253. Захоўваць тканіны неабходна без перагінаў i перакладваць мікалентнай паперай.

254. Касцюмы і верхняе адзенне захоўваюцца ў шафах на плечыках адпаведна крою адзення.

255. Галаўныя ўборы захоўваюцца на драўляных, кардонных балванках ці балванках з арганічнага шкла, а пры ix адсутнасці галаўныя ўборы шчыльна набіваюцца мікалентнай паперай, каб не страцілі сваёй формы. Мэтазгодна захоўваць галаўныя ўборы ў шафах i ў асобных для кожнага кардонных альбо фанерных футаралах.

256. Шпалеры i дываны захоўваюцца накатанымі на вал дыяметрам да 10 см вонкавым бокам унутр. Вал павінен мець на тарцах кружалы дыяметрам да 15 см для апоры ў ляжачым выглядзе, пры размяшчэнні валоў з дыванамі на кранштэйнах яны робяцца без кружала. Памер вала павінен быць даўжэйшым за шырыню дывана на 25–30 см. Вал з накатанымі дыванамі ці шпалерамі абкладваецца тоўстай паперай альбо баваўнянай тканінай i абвязваецца.

Зверху на вал накатваецца папяровы альбо баваўняны чахол.

257. Сцягі неабходна захоўваць накручанымі на дрэўка ў чахлах. Выключэнне складаюць сцягі, выявы i надпісы на якіх зроблены фарбамі. Ix мэтазгодна захоўваць гарызантальна на паліцах у разгорнутым выглядзе.

258. Прадметы з залатым, срэбным, жамчужным i іншым рэльефным шыццём i з футравымі ўпрыгожаннямі захоўваюцца асобна ад іншых музейных прадметаў і музейных калекцый. Кожны прадмет перакладваецца паперай, паміж імі наладжваюць пракладку з байкі ці некалькіх пластоў мікалентнай паперы.

259. Шафы, камоды, куфры i скрыні, у якіх захоўваецца тканіна, неабходна сістэматычна праветрываць, чысціць і абціраць.

260. Пазбаўленне тканін ад пылу робіцца з перасцярогай ад пашкоджанняў і пад наглядам рэстаўратараў.

261. Вырабы са скуры захоўваюцца ў шафах, пры вытворчасці якіх не ўжывaлicя драўлянастружкавыя пліты.

262. Адзенне са скуры захоўваецца на плечыках з ватнымі пракладкамі.

263. Галаўныя ўборы і абутак са скуры кладуцца ў асобныя скрынкі на балванках адпаведнай формы.

264. Плоскія прадметы перакладаюцца паперай або тканінай.

265. Музейныя прадметы з косці захоўваюцца ў зашклёных шафах, якія перасцерагаюць ад пранікнення пылу, у светлых памяшканнях.

266. Мініяцюры на слановай косці, якія намаляваны акварэллю, захоўваюцца пад шклом у аправе ці ў акантоўцы, што пазбаўляе ix ад прамога ўздзеяння святла i ахоўвае фарбы.

267. Забараняецца выкарыстоўваць вільготныя анучы для выцірання пылу на прадметах з косці. З мініяцюр пыл выводзіцца выключна мастаком-рэстаўратарам.

ГЛАВА 30

ПААСОБНАЕ ЗАХОЎВАННЕ МУЗЕЙНЫХ ПРАДМЕТАЎ З ДРЭВА

268. Драўляная скульптура, куфэркі вялікіх памераў, прасніцы i аналагічныя прадметы захоўваюцца на стэлажах альбо на паліцах, якія пакрыты лінолеумам цi пластыкам.

269. Драўляная разьба, рэшткі будаўнічага дэкору, драўляныя алтарныя брамы і іншыя буйныя прадметы захоўваюцца развешанымі на стэндах або спецыяльных кантэйнерах.

270. Прадметы з дрэва: начынне, посуд, лялькі, мэбля, рамы карцін i іншае захоўваюцца ў шафах, на стэлажах, якія адпавядаюць іх памерам.