137. Матэрыялы фонду навукова-дапаможных матэрыялаў навуковай iнвентарызацыі не падлягаюць.
138. Выдача матэрыялаў фонду навукова-дапаможных матэрыялаў у часовае i пастаяннае захоўванне i выключэнне iх з кнiгi НД праводзiцца паводле рашэння ФЗК і загада кіраўніка музея.
139. Перавод матэрыялаў з фонду навукова-дапаможных матэрыялаў у фонд музейных прадметаў праводзiцца па рашэнні ФЗК, перавод з асноўнага фонду музейных прадметаў у фонд навукова-дапаможных матэрыялаў магчымы пасля прыняцця рашэння аб выключэнні музейных прадметаў з Музейнага фонду Рэспублікі Беларусь паволе загада Мiнiстэрства культуры.
140. Сыравiнныя матэрыялы заносяцца ў кнiгу ўліку сыравiнных матэрыялаў згодна з дадаткам 5 і ў залежнасцi ад вынiкаў далейшай апрацоўкi па рашэнні ФЗК заносяцца ў асноўны фонд цi фонд навукова-дапаможных матэрыялаў.
141. Абрэвiятура музея i парадкавы нумар па кнізе ўліку фонду навукова-дапаможных матэрыялаў і кнізе ўліку фонду сыравінных матэрыялаў прастаўляюцца на прадмеце.
142. Спісанне матэрыялаў фонду навукова-дапаможных матэрыялаў і фонду сыравінных матэрыялаў ажыццяўляецца паводле пісьмовага загада кіраўніка музея на падставе рашэння ФЗК.
ГЛАВА 15
ПАРАДАК УЛІКУ МУЗЕЙНЫХ ПРАДМЕТАЎ І МУЗЕЙНЫХ КАЛЕКЦЫЙ У ФІЛІЯЛАХ МУЗЕЯ
143. У музеях, якія маюць філіялы, вядзецца цэнтралізаваны ўлiк музейных фондаў у галаўным музеі.
144. У асобных выпадках, калi фiлiялы маюць значныя гiстарычна сфармiраваныя зборы, дапускаецца асобны ўлік музейных прадметаў і музейных калекцый непасрэдна ў філіяле, які вядзецца ў адпаведнасці з правіламі, вызначанымі дадзенай Інструкцыяй. Рашэнне аб вядзенні філіялам музея асобнага ўліку музейных прадметаў і музейных калекцый прымаецца кіраўніком музея і афармляецца загадам.
База даных музейных фондаў філіяла музея павінна мець электронную копію ў галаўным музеі, у якой даныя пастаянна абнаўляюцца.
145. Зводныя даныя пра рух музейных прадметаў у фiлiяле (выдадзеных i прынятых на пастаяннае захоўванне) фіксуюцца ў гадавой справаздачы галаўнога музея вышэйстаячай арганiзацыi ў адпаведнасцi з падпарадкаваннем.
ГЛАВА 16
ЗВЕРКА НАЯЎНАСЦІ МУЗЕЙНЫХ ПРАДМЕТАЎ, НАВУКОВА-ДАПАМОЖНЫХ МАТЭРЫЯЛАЎ З УЛІКОВАЙ ДАКУМЕНТАЦЫЯЙ
146. Музеi абавязаны сiстэматычна праводзiць зверку наяўнасцi музейных прадметаў, навукова-дапаможных матэрыялаў з уліковай дакументацыяй (далей – зверка наяўнасці).
147. Музеi, якiя маюць калекцыi да 3 тысяч адзiнак, зверку наяўнасцi музейных прадметаў праводзяць штогод.
148. Музеi, калекцыi якiх складаюць 3 тысячы і больш адзiнак, штогод праводзяць зверку наяўнасцi музейных прадметаў па музейных калекцыях у адпаведнасцi з планам, зацверджаным кіраўніком музея.
Зверка наяўнасці навукова-дапаможных матэрыялаў адбываецца раз у тры гады ў адпаведнасці з планам, зацверджаным кіраўніком музея.
149. Зверку наяўнасці праводзiць камiсiя ў складзе не меней 3 чалавек, прызначаная загадам кіраўніка музея.
150. Канчатковыя вынiкi зверкi наяўнасцi музейных прадметаў і музейных калекцый з уліковай дакументацыяй фiксуюцца ў акце зверкі наяўнасці музейных прадметаў з уліковай дакументацыяй згодна з дадаткам 36, якi падпiсваецца членамі камісіі, галоўным захавальнiкам фондаў i зацвярджаецца кіраўніком музея.
151. У выпадку, калi ў вынiку зверкi выяўлены недахоп музейных прадметаў, акт зверкi накiроўваецца ў вышэйстаячую арганiзацыю з дадаткам усёй неабходнай дакументацыi i тлумачальнай запiскай кіраўніка музея аб прычынах страты i прынятых мерах.
ГЛАВА 17
УЛІКОВЫЯ АБАЗНАЧЭННІ (ІДЭНТЫФІКАЦЫЙНЫЯ НУМАРЫ)
152. Адначасова з занясеннем музейных прадметаў, навукова-дапаможных матэрыялаў у КП, кнігу НД i інвентарныя кнiгі на iх прастаўляюцца ўлiковыя абазначэннi (ідэнтыфікацыйныя нумары): абрэвіятура музея, нумар па КП, КАФ альбо па кнізе НД, нумар па інвентарнай кнiзе.
153. Прадметы, якія не маюць ідэнтыфікацыйных нумароў, не могуць знаходзіцца ў фондасховішчах музея, экспанавацца, перадавацца для экспанавання ў іншыя музеі і арганізацыі, публікавацца.
154. Ідэнтыфікацыйны нумар наносіцца на тую частку музейнага прадмета, якая не будзе бачнай пры яго экспанаванні.
155. У выпадку немагчымасцi праставiць улiковыя абазначэннi непасрэдна на музейным прадмеце іх прастаўляюць на яго аздабленні (раме, футарале, канверце, паспарту i гэтак далей) у выглядзе этыкеткi цi ярлыка, якi мацуецца да прадмета.
156. Усе старыя этыкеткi, ідэнтыфікацыйныя нумары на музейных прадметах скасуюцца пры замене iх новымi, але гасяцца ўмоўным знакам (касым крыжом) чорнай тушшу, для графiкi – графiтным алоўкам, пры гэтым яны павiнны лёгка чытацца. Ярлыкi, этыкеткi i надпiсы старых збораў, якiя адлюстроўваюць гiсторыю прадмета, гашэнню не падлягаюць.
157. Прадметы, якiя паступiлi ў музей на часовае захоўванне, шыфруюцца спрошчанай тэхнiкай:
на карцiнах шыфры наносяцца алоўкам на падрамнiку;
малюнках, гравюрах – на адгорце графiтным алоўкам;
скульптурах, керамiчных i металiчных вырабах, на тканiнах прымацоўваюцца ярлыкi з улiковымi абазначэннямi.
158. На карцiнах ідэнтыфікацыйны нумар прастаўляецца белай фарбай на нiжняй планцы падрамнiка ў левым вугле, без падрамнiка – на адваротным баку палатна ў левым нiжнiм вугле. На карцiнах, памер якiх вельмi вялiкi, улiковыя абазначэннi прастаўляюцца зверху i знiзу.
На iконах (дошках) шыфр i нумар прастаўляюцца белай (светлай) фарбай на тарцы або на адваротным баку дошкi. На двухбаковай iконе шыфр прастаўляецца на тарцы.
159. Акварэлi, малюнкi, гравюры, плакаты маркіруюцца штампам на адваротным баку прадмета ў левым нiжнiм вугле, нумары наносяцца графiтным алоўкам. На малюнках, уманцiраваных у раму, паспарту або акантоўку, шыфр i нумар дублююцца на акантоўцы. У выпадку асаблiва складанай манцiроўкi, калi раскантоўка можа прывесцi да пашкоджання прадмета, ідэнтыфікацыйны нумар прастаўляецца на акантоўцы прадмета, аб чым робiцца адпаведная адзнака ў графе «Заўвагi» ў інвентарнай кнiзе.
Для гравюр i малюнкаў на тонкай i празрыстай або старой паперы напiсанне нумароў дазваляецца толькi на акантоўцы цi манціроўцы.
На графiчных творах забараняецца рабiць надпiсы чарнiлам, тушшу або хiмiчным алоўкам.
160. Рукапiсы маркіруюцца толькi мiнiяцюрным штампам. Ідэнтыфікацыйны нумар прастаўляецца графiтным алоўкам.
161. Кнiгi, часопiсы, альбомы з малюнкамi цi фотаздымкамі шыфруюцца на адваротным баку тытульнага лiста ў правым нiжнiм вугле. На адваротным баку кожнага лiста альбома таксама прастаўляецца ідэнтыфікацыйны нумар.
162. Да iкон з металу, крыжоў, а таксама мiнiяцюр, дробных прадметаў, на якіх немагчыма праставiць нумары непасрэдна на прадмеце, прымацоўваюць этыкеткi з шчыльнага кардону суравой ніткай.
163. На скульптуры (дрэва, мармур, метал) нумары ставяцца ззаду злева ў нiжнiм вугле плiнта алейнай фарбай. На дробнай скульптуры ўліковыя абазначэнні прастаўляюцца на паддоне.
164. На прадметах з керамікі, шкла, дрэва ідэнтыфікацыйны нумар прастаўляецца на паддоне чорнай тушшу i пакрываецца празрыстым лакам, пры гэтым клеймы i маркi, якiя маюцца на прадмеце, павiнны чытацца.
165. На прадметах, якiя адчыняюцца (скрынках, табакерках і іншых), улiковыя нумары ставяцца ўнутры.
166. Манеты, медалi, гемы маркіруюцца на манцiроўцы i на ўпакоўцы (канвертах, футаралах, скрынках).
167. На тканiнах этыкетка са светлай матэрыi прышываецца з адваротнага боку ў левым вугле (дываны, ручнiкi, паясы i іншыя), да прадметаў (спаднiцы, кашулi) этыкетка прышываецца да нiжняга краю споду. Ідэнтыфікацыйны нумар на этыкетцы прастаўляецца чорнай тушшу.
168. На мэблi ідэнтыфікацыйны нумар наносіцца фарбай ззаду ці пад сядзеннем, з тыльнага боку або да асноўнай рамы (для сталоў). Для этыкеткi выбiраецца месца, не пакрытае лакам.
169. На аўдыёвізуальных матэрыялах улiковыя абазначэннi прастаўляюцца тушшу на ўпакоўцы. На фотаадбiтках – на адвароце ў левым нiжнiм вугле. На негатывах памерам меней за 9 х 12 мм ідэнтыфікацыйныя нумары прастаўляюцца на канверце. На негатывах вялікіх памераў дазваляецца ставіць уліковыя абазначэнні тушшу на палях з эмульсійнага боку ці на ўчастку паміж перфарацыйнымі адтулінамі на перфарыраванай плёнцы.
170. На агнястрэльнай зброi ідэнтыфікацыйны нумар наносіцца на затворнай каробцы ці на ўнутраным баку спускавой планкі; на халоднай зброi – на эфесе, або на чаранку, або на спецыяльным металічным жэтоне. На металiчных прадметах – эмалевай фарбай.
171. Музейныя прадметы, якія адносяцца да натуральна-гістарычных крыніц, маркіруюцца:
тушкi жывёл – на спецыяльных падвясных ярлыках;
чучалы – на падстаўках, на прэпаратах, якiя заключаны ў слоікi цi пастаянныя футаралы, звонку слоіка цi футарала;
гербарныя лiсты – на кожным лiсце ўнiзе злева; на гербарных лiстах, сабраных у альбом, – на першым лiсце альбома;
геалагiчныя i палеанталагiчныя ўзоры – непасрэдна на прадметах;
узоры глебы – на сценцы скрынi з маналiтамi цi на бляшанках i каробках з узорамi;
сыпучыя матэрыялы – на ўпакоўцы.
ГЛАВА 18
ДАПАМОЖНЫЯ ФОРМЫ ЎНУТРЫМУЗЕЙНАГА ЎЛІКУ
172. Дапаможны ўнутрымузейны ўлiк вядзецца з дапамогай электроннай базы даных, а на перыяд яе фарміравання – з дапамогай уліковых картатэк.
173. Уліковыя картатэкі могуць быць наступных відаў:
улiковая – уключае фонды музея ў парадку iх запiсу ў кнiгах паступленняў;
iнвентарная – уключае музейныя прадметы ў парадку iх запiсу ў iнвентарных кнiгах;
тапаграфiчная – фiксуе месцазнаходжанне музейных прадметаў у фондасховiшчах, экспазiцыях;
сiстэматычная (аўтарская, iмянная, прадметная, геаграфiчная, храналагiчная i iншая);
тэматычная – сістэматызуе музейны збор па розных тэмах;
здатчыкаў (фондастваральнiкаў);
захаванасцi – фiксуе фiзiчны стан музейнага прадмета ў момант яго паступлення i далейшыя яго змены, рэстаўрацыю.
174. Вышэйадзначаныя картатэкі спыняюць сваё існаванне з моманту ўключэння ўсёй інфармацыі аб музейных прадметах ў базу даных на электронных носьбітах.
ГЛАВА 19
ЗАХОЎВАННЕ МУЗЕЙНЫХ ФОНДАЎ. АГУЛЬНЫЯ ПАЛАЖЭННІ
175. Асноўнымі сховішчамі музейных прадметаў і музейных калекцый у Рэспубліцы Беларусь з’яўляюцца дзяржаўныя і прыватныя музеі, іншыя ўстановы музейнага тыпу (галерэі, выставачныя залы, заалагічныя сады, гістарычныя і археалагічныя паркі і іншыя).
176. Мэтай музейнага захоўвання з’яўляецца забеспячэнне аптымальных рэжымаў і рацыянальных сістэм утрымання музейных прадметаў і музейных калекцый у фондасховiшчах, на экспазiцыях, падчас перамяшчэнняў, іх ахова ад разбурэння, захворвання, крадзяжоў, іншых небяспечных абставін.
177. Галоўная ўмова захоўвання музейных прадметаў і музейных калекцый – гэта належны будынак, забяспечаны сістэмамі асвятлення, ацяплення, вентыляцыі, кандыцыяніравання, супрацьпажарнай бяспекі, аховы, які максімальна адпавядае нормам захоўвання культурных каштоўнасцей.
178. Перамяшчэнне музеяў з памяшканняў, спецыяльна прызначаных для экспазiцый i фондасховiшчаў, у iншыя, не прыстасаваныя для захоўвання музейных прадметаў і музейных калекцый, а таксама выкарыстанне будынка музея (альбо яго часткi), у тым лiку фондасховiшча, не па прамым прызначэнні забараняецца.
179. Прыстасаванне пад фондасховішчы памяшканняў, якія знаходзяцца непасрэдна пад дахам, сутарэнняў, якія не маюць гідраізаляцыі, забараняецца.
180. Ахова будынкаў музеяў, экспазіцыйных, выставачных і рэстаўрацыйных памяшканняў можа быць грамадзянскай, пазаведамаснай, міліцэйскай і камбінаванай. Яна ажыццяўляецца па інструкцыі, якая зацвярджаецца кіраўніком музея і прадугледжвае забеспячэнне бесперапыннай кругласутачнай аховы музейных прадметаў і музейных калекцый і памяшканняў музея.
181. У дзённы час у музеi павінна дзейнічаць спецыяльная служба аховы (наглядчыкі экспазіцыйных і выставачных залаў, пасты аховы і іншыя) у адпаведнасці з унутрымузейнымі інструкцыямі, улічваючы спецыфіку музея.
182. Асоба, адказная за арганізацыю работы музейных наглядчыкаў, размяркоўвае пасты ўнутранага назірання паміж імі па ўзгадненні з галоўным захавальнікам або кіраўніком музея, а таксама захавальнікамі экспазіцый і часовых выставак і пастаянна кантралюе выкананне наглядчыкамі абавязкаў па ахове музейных прадметаў і музейных калекцый і памяшканняў музея.
183. Дзверы сховішчаў, экспазіцыйных залаў, а таксама шафы і вітрыны павінны мець свой парадкавы нумар, петлі для пломб, надзейныя замкі.
184. Першыя экзэмпляры ключоў ад памяшканняў фондасховішчаў і экспазіцыйных залаў павінны захоўвацца ў спецыяльным замкнёным сейфе. Ключ ад сейфа захоўваецца ў адказнага дзяжурнага.
185. Выдача ключоў дазваляецца толькі асобам, указанным у спецыяльным распараджэнні кіраўніка музея.
186. Другія экзэмпляры ключоў знаходзяцца ў галоўнага захавальніка або кіраўніка музея.
Запісы аб выдачы і вяртанні ключоў робяцца ў спецыяльным журнале, які захоўваецца ў дзяжурнага ўнутранай аховы.