70. Музейныя прадметы і музейныя калекцыі бухгалтарскаму ўлiку не падлягаюць.

ПАСТАНОВА МІНІСТЭРСТВА КУЛЬТУРЫ РЭСПУБЛІКІ БЕЛАРУСЬ

1 лістапада 2007 г. № 44

Аб зацвярджэнні Інструкцыі аб парадку камплектавання музейных фондаў, унутрымузейнага ўліку, навуковай апрацоўкі і захоўвання музейных прадметаў і музейных калекцый, уключаных у Музейны фонд Рэспублікі Беларусь, навукова-дапаможных і сыравінных матэрыялаў і Палажэння аб фондава-закупачнай камісіі музея

На падставе пункта 4 артыкула 3 Закона Рэспублікі Беларусь ад 12 снежня 2005 года «Аб музеях і Музейным фондзе Рэспублікі Беларусь», пункта 22 Палажэння аб Музейным фондзе Рэспублікі Беларусь, зацверджанага пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 10 чэрвеня 2006 г. № 730, Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь ПАСТАНАЎЛЯЕ:

1. Зацвердзiць прыкладзеныя:

Iнструкцыю аб парадку камплектавання музейных фондаў, унутрымузейнага ўлiку, навуковай апрацоўкі і захоўвання музейных прадметаў і музейных калекцый, уключаных у Музейны фонд Рэспублiкi Беларусь, навукова-дапаможных і сыравінных матэрыялаў;

Палажэнне аб фондава-закупачнай камісіі музея.

2. Упраўленню ўстаноў культуры і народнай творчасці Міністэрства культуры Рэспублiкi Беларусь, галоўным упраўленням, упраўленням (аддзелам) культуры абласных, Мінскага гарадскога, раённых, гарадскіх выканаўчых камітэтаў і мясцовых адміністрацый раёнаў у гарадах забяспечыць да 1 студзеня 2009 г. пераход дзяржаўных музеяў на ўлік музейных прадметаў і музейных калекцый у аўтаматызаваным рэжыме.

 

Міністр У.Ф.Матвейчук

 

УЗГОДНЕНА Старшыня Брэсцкага абласнога выканаўчага камітэта К.А.Сумар 18.09.2007 УЗГОДНЕНА Старшыня Віцебскага абласнога выканаўчага камітэта У.П.Андрэйчанка 24.10.2007
   
УЗГОДНЕНА Старшыня Гомельскага абласнога выканаўчага камітэта А.С.Якабсон 24.10.2007 УЗГОДНЕНА Старшыня Гродненскага абласнога выканаўчага камітэта У.Я.Саўчанка 25.10.2007
   
УЗГОДНЕНА Старшыня Мінскага абласнога выканаўчага камітэта Л.Ф.Крупец 24.10.2007 УЗГОДНЕНА Старшыня Магілёўскага абласнога выканаўчага камітэта Б.В.Батура 25.10.2007
   
УЗГОДНЕНА Старшыня Мінскага гарадскога выканаўчага камітэта М.Я.Паўлаў 26.10.2007  

 

  ЗАЦВЕРДЖАНА Пастанова Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь 01.11.2007 № 44

ІНСТРУКЦЫЯ
аб парадку камплектавання музейных фондаў, унутрымузейнага ўлiку, навуковай апрацоўкі і захоўвання музейных прадметаў і музейных калекцый, уключаных у Музейны фонд Рэспублiкi Беларусь, навукова-дапаможных і сыравінных матэрыялаў

ГЛАВА 1

АГУЛЬНЫЯ ПАЛАЖЭННІ

1. Інструкцыя аб парадку камплектавання музейных фондаў, унутрымузейнага ўлiку, навуковай апрацоўкі і захоўвання музейных прадметаў і музейных калекцый, уключаных у Музейны фонд Рэспублiкi Беларусь, навукова-дапаможных і сыравінных матэрыялаў (далей – Інструкцыя) распрацавана ў адпаведнасці з Законам Рэспублікі Беларусь ад 12 снежня 2005 года «Аб музеях і Музейным фондзе Рэспублікі Беларусь» (Национальный реестр правовых актов Республики Беларусь, 2005 г., № 197, 2/1167), Палажэннем аб Музейным фондзе Рэспублікі Беларусь, зацверджаным пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 10 чэрвеня 2006 г. № 730 (Национальный реестр правовых актов Республики Беларусь, 2006 г., № 93, 5/22433) і вызначае парадак камплектавання музейных фондаў, унытрымузейнага ўліку, навуковай апрацоўкі і захоўвання музейных прадметаў і музейных калекцый, уключаных у Музейны фонд Рэспублікі Беларусь, навукова-дапаможных і сыравінных матэрыялаў і распаўсюджваецца на ўсе дзяржаўныя музеі, якія з’яўляюцца як юрыдычнымі асобамі, так і структурнымі падраздзяленнямі юрыдычных асоб (далей – музеі), а таксама на прыватныя музеі, якія захоўваюць музейныя прадметы і музейныя калекцыі, уключаныя ў Музейны фонд Рэспублікі Беларусь.

2. На падставе дадзенай Інструкцыі музеі могуць распрацоўваць уласныя інструкцыі аб парадку камплектавання, унутрымузейнага ўлiку, навуковай апрацоўкі і захоўвання музейных прадметаў і музейных калекцый, навукова-дапаможных і сыравінных матэрыялаў з улікам спецыфікі музея.

3. Заснавальнік музея абавязаны забяспечыць музей будынкам (памяшканнем), які адпавядае профілю музея і патрабаванням па захоўванні музейных прадметаў і музейных калекцый, а таксама абсталяваннем і фінансавымі, тэхнічнымі і іншымі сродкамі, неабходнымі для ажыццяўлення музейнай дзейнасці.

4. Кіраўнік музея нясе адказнасць за стварэнне належных умоў для захоўвання музейных прадметаў і музейных калекцый, за арганізацыю працэсу іх камплектавання і ўліку, навуковую інвентарызацыю музейных прадметаў і музейных калекцый у адпаведнасці з патрабаваннямі дадзенай Інструкцыі, супрацьпажарны стан музея.

5. Непасрэдную адказнасць за цэласнасць і захоўванне музейных прадметаў і музейных калекцый, арганізацыю іх уліку ў адпаведнасці з патрабаваннямі дадзенай Інструкцыі, своечасовую кансервацыю і рэстаўрацыю музейных прадметаў і музейных калекцый нясе галоўны захавальнік музея.

6. Намеснік кіраўніка музея па навуковай рабоце (пры адсутнасці такой пасады ў музеі гэтыя функцыі выконвае кіраўнік музея) нясе адказнасць за камплектаванне музейнага фонду, навуковую апрацоўку музейных прадметаў і музейных калекцый, іх выкарыстанне.

7. Кіраўнік службы бяспекі музея нясе адказнасць за арганізацыю аховы ўсіх памяшканняў і аб’ектаў музея, музейных прадметаў і музейных калекцый.

У музеях, дзе штатным раскладам не прадугледжана пасада кіраўніка службы бяспекі, адказнасць за арганізацыю аховы і абароны памяшканняў і аб’ектаў, музейных прадметаў і музейных калекцый ускладаецца на намесніка дырэктара па адміністрацыйна-гаспадарчай рабоце.

8. Кіраўнікі спецыялізаваных службаў музея (намеснікі дырэктара па капітальным будаўніцтве, адміністрацыйна-гаспадарчай рабоце, галоўны інжынер і іншыя) нясуць адказнасць за забеспячэнне належнага тэмпературна-вільготнаснага, біялагічнага, светлавога рэжымаў у памяшканнях музея, стан санітарна-тэхнічнага і электратэхнічнага абсталявання, своечасовы рамонт памяшканняў, забеспячэнне ўлікова-захавальніцкай і рэстаўрацыйнай службаў неабходнымі матэрыяламі і абсталяваннем. Кіраўнікі вышэйадзначаных службаў усе работы па забеспячэнні аховы і паляпшэнні ўмоў захоўвання музейных прадметаў і музейных калекцый абавязаны каардынаваць і ўзгадняць з галоўным захавальнікам, а пры адсутнасці апошняга – з асобай, якая яго замяшчае.

9. Музей адыгрывае вядучую ролю ў справе прадухiлення працэсу дэградацыi гiстарычных, прыродных, археалагiчных, этнаграфiчных, лiтаратурных i мастацкiх помнiкаў краiны.

10. У дадзенай Інструкцыі прымяняюцца наступныя паняцці і іх вызначэнні:

вучоны савет – дарадчы орган музея, які ствараецца для абмеркавання найбольш значных і актуальных праблем навукова-даследчай дзейнасці музея. У склад вучонага савета ўваходзяць спецыялісты па ўсіх галінах навуковых ведаў, прадстаўленых у музеі, як з ліку навуковых супрацоўнікаў музея, так і іншых навукова-даследчых арганізацый. Склад вучонага савета зацвярджаецца кіраўніком музея;

рэстаўрацыйны савет – рабочы орган музея, на разгляд якога выносяцца ўсе мерапрыемствы, звязаныя з праблемамі кансервацыі і рэстаўрацыі музейных прадметаў. Рэстаўрацыйны савет зацвярджае гадавыя планы па рэстаўрацыі музейных прадметаў, дае рэкамендацыі па методыцы іх кансервацыі і рэстаўрацыі, а таксама заключэнне аб выкананні найбольш скдаданых работ па кансервацыі і рэстаўрацыі, аб якасці гэтых работ.

У склад рэстаўрацыйнага савета ўваходзяць супрацоўнікі структурных падраздзяленняў музея, якія займаюцца кансервацыяй і рэстаўрацыяй музейных прадметаў і музейных калекцый, галоўны захавальнік ці намеснік кіраўніка музея па навуковай рабоце (старшыня рэстаўрацыйнага савета). Склад рэстаўрацыйнага савета зацвярджаецца кіраўніком музея;

профіль музея – катэгорыя класіфікацыі музеяў, якая вызначае сувязь музейнай дзейнасці з профільнай дысцыплінай, а менавіта з канкрэтнай галіной навукі, тэхнікі, вытворчасці, культуры, відам мастацтва (напрыклад, музеі гістарычныя, літаратурныя, мастацкія, комплексныя і іншыя);

тып музея – катэгорыя класіфікацыі музеяў, якая вызначае іх размеркаванне ў залежнасці ад грамадскага выкарыстання, асноўнага прызначэння (напрыклад, музеі-запаведнікі, мемарыяльныя музеі, экамузеі і іншыя);

экспедыцыя музейная – мэтанакіраваная паездка групы музейных работнікаў (адна з формаў навуковых камандзіровак музейных работнікаў) для вывучэння пэўнай тэмы, прадугледжанай праграмай камплектавання музейных фондаў, і правядзення збіральніцкай работы.

ГЛАВА 2

КАМЛЕКТАВАННЕ МУЗЕЙНЫХ ФОНДАЎ

11. Камплектаванне музейных фондаў з’яўляецца адным з асноўных відаў музейнай дзейнасці, які ўяўляе сабой мэтанакіраваны, планавы, заснаваны на метадалагічных прынцыпах профільных навуковых дысцыплін і музеялогіі працэс выяўлення і збору прадметаў музейнага значэння ці абмену музейнымі прадметамі ў мэтах фарміравання і папаўнення музейных фондаў, іх захоўвання ў інтарэсах грамадства і дзяржавы.

12. Камплектаванне музейных фондаў ажыццяўляецца ў адпаведнасці з профілем музея, праграмай камплектавання музейных фондаў, узгодненай вучоным саветам і зацверджанай дзяржаўным органам кіравання па падпарадкаванасці музея.

Праграма камплектавання музейных фондаў павінна быць забяспечана вылучэннем адпаведных фінансавых сродкаў.

13. Праграма камплектавання музейных фондаў пераглядаецца і карэкціруецца музеем у адпаведнасці са зменамі ў перспектыўным плане дзейнасці музея.

14. Формамі камплектавання музейных фондаў з’яўляюцца:

набыццё прадметаў музейнага значэння падчас музейнай экспедыцыі і іншых навуковых камандзіровак;

закупка прадметаў музейнага значэння ў юрыдычных і фізічных асоб, у тым ліку на выстаўках, аўкцыёнах, антыкварных рынках;

атрыманне прадметаў музейнага значэння ў дар ад фізічных або ад юрыдычных асоб;

атрыманне па завяшчанні;

выкананне арыгінальных альбо капійных работ па заказе музея;

абмен музейнымі прадметамі і (або) музейнымі калекцыямі;

іншыя формы, якія не супярэчаць заканадаўству.

15. Дзейнасць музея, якая звязана з арганiзацыяй i правядзеннем навуковых экспедыцый з мэтай набыцця прадметаў музейнага значэння, павiнна ажыццяўляцца ў адпаведнасці з заканадаўствам Рэспублікі Беларусь.

16. Для вырашэння пытанняў камплектавання музейных фондаў ствараецца фондава-закупачная камісія музея (далей – ФЗК).

17. Музеі супрацоўнiчаюць i праводзяць кансультацыі памiж музеямi па пытаннях камплектавання музейных фондаў, асаблiва ў межах аднаго профілю ці ў межах аднаго тыпу музеяў.

ГЛАВА 3

ГАЛОЎНЫ ЗАХАВАЛЬНІК МУЗЕЙНЫХ ФОНДАЎ

18. Галоўны захавальнік музейных фондаў (далей – галоўны захавальнік), які падпарадкоўваецца непасрэдна кіраўніку музея, з’яўляецца асобай, упаўнаважанай ад імя музея ажыццяўляць прыём і перадачу музейных прадметаў і музейных калекцый на пастаяннае і часовае захоўванне, з’яўляецца членам вучонага, рэстаўрацыйнага саветаў, ФЗК музея.

19. Галоўны захавальнiк ажыццяўляе кiраўнiцтва работай па ўлiку, захаванні, кансервацыi i рэстаўрацыi музейных прадметаў, кантроль за яе выкананнем. Ён кантралюе допуск асоб у фондасховiшча i забяспечвае выкананне ўстаноўленых правiл карыстання музейнымi прадметамі.

20. Галоўны захавальнiк размяркоўвае памiж навуковымi супрацоўнiкамi – адказнымі захавальнікамі на матэрыяльна адказнае захоўванне музейныя прадметы і музейныя калекцыi, уносiць свае прапановы на разгляд i зацвярджэнне кіраўніка музея.

21. На галоўнага захавальнiка ўскладаецца абавязак кантролю за ўвядзеннем у практыку аўтаматызаваных сістэм улiку музейных прадметаў і музейных калекцый.

22. Прыём i здача спраў пры прызначэннi на пасаду цi вызваленнi з яе галоўнага захавальнiка праводзяцца па актах, якія фiксуюць даныя аб колькасці і наяўнасці музейных прадметаў і музейных калекцый адпаведна ўліковай дакументацыі, стан іх улiку i захоўвання.

23. Падчас адпачынку, хваробы альбо адсутнасцi галоўнага захавальнiка па іншай прычыне яго правы i абавязкi ўскладаюцца на iншага работніка, якi прызначаецца спецыяльным загадам па музеі.

24. Уся дакументацыя, звязаная з працэсам уліку, захоўвання, кансервацыі і рэстаўрацыі музейных прадметаў і (або) музейных калекцый, з іх рухам (прыём i выдача, перадача з аднаго аддзела ў другi), павiнны вiзiравацца або падпiсвацца галоўным захавальнiкам.

25. Указаннi i распараджэннi галоўнага захавальнiка па ўлiку і захаванні музейных прадметаў і музейных калекцый, дадзеныя ў адпаведнасці з нормамі і патрабаваннямі дадзенай Інструкцыі, з’яўляюцца абавязковымі для ўсiх супрацоўнiкаў музея.

26. Усе прызначэннi, звальненнi, пераводы ці перамяшчэннi супрацоўнікаў, якія займаюцца ўлікам, захоўваннем, кансервацыяй i рэстаўрацыяй, а таксама наглядчыкаў экспазіцыйных залаў узгадняюцца з галоўным захавальнiкам.

27. Галоўны захавальнiк абавязаны забяспечыць:

арганізацыю і кантроль за правядзеннем планавых і аператыўных зверак наяўнасці музейных прадметаў з уліковай дакументацыяй і афармленнем адпаведнай дакументацыі па іх выніках;

распрацоўку бягучых і перспектыўных планаў улікова-захавальніцкай работы, працы па кансервацыі і рэстаўрацыі музейных прадметаў, каардынацыю і кантроль за іх выкананнем, своечасовую распрацоўку ўнутрымузейных iнструкцый, якія вызначаюць дакладны парадак работ па ўлiку, захоўванні, кансервацыі і рэстаўрацыi музейных прадметаў і музейных калекцый, адказнасць кожнага адказнага захавальнiка за адпаведны ўчастак улiкова-захавальнiцкай работы;

кантроль за працай загадчыкаў аддзелаў, адказных захавальнiкаў i iншых супрацоўнiкаў у галiне ўлiку, захоўвання музейных прадметаў і музейных калекцый, iх упакоўкi для транспарцiроўкi.

28. Пра ўсе выпадкi крадзяжу, пашкоджанняў цi страты музейных прадметаў і (або) музейных калекцый галоўны захавальнік абавязаны тэрмінова паведамiць у праваахоўныя органы.

29. Ва ўсiх выпадках пашкоджанняў цi сур’ёзных захворванняў музейных прадметаў галоўны захавальнік абавязаны тэрмiнова скласцi дэфектны акт, у якiм дакладна павінна быць зафiксавана ступень пашкоджання цi захворвання музейнага прадмета, прычыны i абставiны пашкоджання. Да дэфектнага акта дадаецца фотаздымак пашкоджанага прадмета. Дэфектны акт падпісваецца галоўным захавальнікам, зацвярджаецца кіраўніком музея. Музей абавязаны таксама прыняць ва ўстаноўленым парадку меры па кансервацыі ці рэстаўрацыi музейнага прадмета i лiквiдацыі прычыны захворванняў. Пры пашкоджаннi музейнага прадмета музей павiнен забяспечыць захаванасць усiх яго частак i перадаць iх рэстаўрацыйнай майстэрнi адначасова з перадачай музейнага прадмета на рэстаўрацыю ці кансервацыю.

30. Па пытаннях, якія звязаны з арганізацыяй бяспекі музейных прадметаў і музейных калекцый, галоўны захавальнік узаемадзейнічае з кіраўнікамі спецыялізаваных службаў музея.

31. Галоўны захавальнік мае права:

патрабаваць ад кіраўніка музея стварэння адпаведных умоў для захоўвання музейных прадметаў і музейных калекцый, якія гарантуюць іх бяспеку ад пашкоджанняў і крадзяжоў, забеспячэння музейных фондасховішчаў неабходным абсталяваннем, тэхнічнымі сродкамі, упаковачнымі матэрыяламі, забеспячэння аховы працы ў фондасховішчах;

у выпадку атрымання ад кіраўніка музея распараджэння, якое супярэчыць заканадаўству Рэспублікі Беларусь, галоўны захавальнiк абавязаны тэрмiнова паведамiць яму ў пiсьмовай форме аб неадпаведнасці дадзенага iм распараджэння заканадаўству Рэспублікі Беларусь. Пры пацвярджэннi кіраўніком у пiсьмовай форме свайго распараджэння галоўны захавальнiк мае права не выконваць яго і абавязаны тэрмiнова паведамiць аб гэтым у органы кіравання культурай у адпаведнасцi з падпарадкаванасцю ў вуснай, а затым i ў пiсьмовай форме.

ГЛАВА 4

ФУНКЦЫІ НАВУКОВАГА СУПРАЦОЎНІКА – АДКАЗНАГА ЗАХАВАЛЬНІКА

32. Захоўванне музейных прадметаў і музейных калекцый, якія знаходзяцца ў фондах музея, музейных экспазіцыях і выстаўках, рэстаўрацыйных аддзелах і майстэрнях, ускладаецца на малодшых навуковых, навуковых або старшых навуковых супрацоўнікаў аддзела фондаў музея, якія выконваюць функцыю адказных захавальнікаў музейных калекцый (далей – адказныя захавальнікі).

33. Адказны захавальнік прызначаецца на пасаду і вызваляецца ад пасады загадам кіраўніка музея і па ўзгадненні з галоўным захавальнікам.

34. Адказны захавальнік ва ўстаноўленым парадку нясе персанальную адказнасць за ўлік і захоўванне музейных прадметаў і музейных калекцый, якія знаходзяцца на яго адказным захоўванні, ажыццяўляе свае функцыі ў адпаведнасці з патрабаваннямі дадзенай Інструкцыі, унутрымузейнай інструкцыяй і службовымі абавязкамі.

35. Адказны захавальнік абавязаны:

пры прызначэнні на пасаду прыняць на адказнае захоўванне музейныя калекцыі, якія перадаюцца яму паводле загада кіраўніка музея і актах прыёму музейных прадметаў на матэрыяльна адказнае захоўванне па форме згодна з дадаткам 1 да дадзенай Інструкцыі;

прымаць па актах прыёму музейных прадметаў на матэрыяльна-адказнае захоўванне ўсе музейныя прадметы, якія паступаюць на пастаяннае захоўванне ў музей і размяркоўваюцца паводле пратакола ФЗК па музейных калекцыях, за якія ён адказвае;

забяспечыць своечасовую навуковую інвентарызацыю музейных прадметаў і музейных калекцый, якія паступаюць яму на матэрыяльна адказнае захоўванне;

сістэматызаваць музейныя прадметы па месцах захоўвання ў адпаведнасці з правіламі захоўвання, складаць тапаграфічныя вопісы;

ажыццяўляць аўтаматызаваны ўлік музейных прадметаў і музейных калекцый;

ажыццяўляць зверку наяўнасці музейных прадметаў і музейных калекцый з уліковай дакументацыяй у адпаведнасці з зацверджанымі кіраўніком музея бягучымі і перспектыўнымі планамі-графікамі;

сачыць за рухам музейных прадметаў і кожны год прадстаўляць у аддзел уліку (альбо галоўнаму захавальніку) зводныя даныя пра рух музейных прадметаў, якія знаходзяцца на яго адказным захаванні;

праводзіць сістэматычнае назіранне за станам захаванасці музейных прадметаў і музейных калекцый і прымаць удзел у прафілактычных аглядах, якія праводзяцца адзін раз у месяц;

фіксаваць вынікі аглядаў у акце і, калі ёсць такая неабходнасць, ставіць пытанне пра тэрміновую кансервацыю ці рэстаўрацыю музейных прадметаў;

сачыць за станам абсталявання фондасховішчаў, а таксама за станам замкоў, пломбаў і пячатак. Распячатванне пломбы або пячаткі, пастаўленай адказным захавальнікам, у яго адсутнасць не дапускаецца. У выпадку крайняй неабходнасці распячатвання фондасховішча альбо захавальніцкага абсталявання пры адсутнасці адказнага захавальніка распячатванне фондасховішча ажыццяўляецца камісіяй у складзе трох чалавек з абавязковай прысутнасцю галоўнага захавальніка або кіраўніка музея, а пры адсутнасці апошніх – асоб, якія іх замяшчаюць. Пры гэтым складаецца акт, у якім фіксуюцца прычыны і вынікі распячатвання;

паведамляць галоўнаму захавальніку або намесніку кіраўніка музея па навукова-фондавай рабоце, у выпадку адсутнасці апошніх – кіраўніку музея аб выяўленых парушэннях умоў захоўвання ў экспазіцыйных і выставачных залах (распячатванне фондасховішчаў без адказных асоб, парушэнні пломбаў і пячатак);

кантраляваць рэжымы захоўвання музейных прадметаў і музейных калекцый у фондасховішчах, экспазіцыйных і выставачных залах, прымаць адпаведныя меры для іх стабілізацыі і весці журнал тэмпературна-вільготнаснага рэжыму;

паведамляць галоўнаму захавальніку або кіраўніку музея аб усіх выпадках страты, крадзяжу, захворванняў, пашкоджанняў музейных прадметаў, адхіленняў тэмпературна-вільготнаснага і іншых рэжымаў ад устаноўленых нормаў;

акціраваць усе выпадкі крадзяжоў, захворванняў, пашкоджанняў музейных прадметаў, дакладна фіксуючы абставіны, пры якіх гэтыя выпадкі адбыліся. Да акта павінны прыкладацца фотаздымкі музейнага прадмета, а пры немагчымасці зрабіць фотаздымак – апісанне музейнага прадмета па інвентарнай кнізе або навуковым пашпарце;

аказваць дапамогу камісіям, якія ажыццяўляюць праверку ўліку і захаванасці музейных прадметаў і музейных калекцый;

прымаць удзел у санітарных днях і кантраляваць уборку памяшканняў у адпаведнасці з правіламі ўнутранага распарадку ў музеі.

36. Адказны захавальнік мае права:

патрабаваць ад галоўнага захавальніка стварэння адпаведных умоў для захоўвання перададзеных яму на матэрыяльна адказнае захоўванне музейных прадметаў і музейных калекцый згодна з нормамі дадзенай Інструкцыі і ўнутрымузейнай інструкцыі;

выносіць прапановы на ФЗК аб мэтазгоднасці набыцця тых ці іншых прадметаў музейнага значэння, аб выдзяленні ў складзе асноўнага фонду калекцыйнага фонду, аб аднясенні музейных прадметаў да асноўнага, абменнага фонду ці фонду навукова-дапаможных матэрыялаў;

быць членам або прымаць удзел у працы вучонага і рэстаўрацыйнага саветаў, ФЗК музея.

37. Пры вызваленні адказнага захавальніка ад службовых абавязкаў кіраўнік музея павінен забяспечыць своечасовае стварэнне камісіі для перадачы музейных прадметаў і музейных калекцый, якія знаходзяцца на яго матэрыяльна адказным захоўванні, новаму адказнаму захавальніку ў адпаведнасці з дадзенай Інструкцыяй і ўнутрымузейнай інструкцыяй.

ГЛАВА 5

СТРУКТУРА ФОНДАЎ МУЗЕЯ

38. Структура фондаў музея застаецца нязменнай пры любых магчымых зменах іх складу і ўключае наступныя часткі:

фонд музейных прадметаў;

фонд сыравінных матэрыялаў;

фонд навукова-дапаможных матэрыялаў;

фонд часовага захоўвання;

фонд часовага карыстання.

39. Фонд музейных прадметаў складаецца з культурных каштоўнасцей ці унікальных прыродных аб’ектаў, якія атрымалі статус музейных прадметаў. Ён падзяляецца на асноўны і абменны фонды музейных прадметаў.

40. Усе пытанні, звязаныя з аднясеннем прадметаў музейнага значэння да асноўнага, абменнага фондаў музейных прадметаў ці фонду навукова-дапаможных матэрыялаў, вырашаюцца ФЗК, фіксуюцца ў пратаколе яе пасяджэння і зацвярджаюцца кіраўніком музея.

41. Асноўны фонд музейных прадметаў (далей – асноўны фонд) – найбольш каштоўная частка фонду музейных прадметаў, якія адпавядаюць профілю і тыпу музея, канцэпцыі яго развіцця. Ён уключае арыгінальныя культурныя каштоўнасці розных тыпаў: рухомыя і нерухомыя музейныя прадметы, прыродныя аб’екты.

42. Уключаныя ў асноўны фонд музейныя прадметы арганізуюцца па асобных музейных калекцыях згодна з класіфікацыяй музейных прадметаў у адпаведнасці з дадаткам 2 да дадзенай Інструкцыі.

43. Склад асноўнага фонду фіксуецца ў кнізе паступленняў музейных прадметаў асноўнага фонду (галоўная інвентарная кніга) (далей – КП) згодна з дадаткам 3 да дадзенай Інструкцыі.

44. У асноўны фонд можа прымацца не больш за пяць ідэнтычных прадметаў. У выключных выпадках гэтая колькасць можа быць большай, калі:

усе музейныя прадметы з’яўляюцца унікальнымі;

складаюць камплект (6 лыжак, набор 12 паштовак);

усе дублетныя экзэмпляры з’яўляюцца часткай манетнага, манетна-рэчавага або рэчавага скарбу;

усе дублетныя экзэмпляры ўваходзяць у склад калекцыі, якая была сабрана знакамітым вучоным, калекцыянерам, дзяржаўным дзеячам і іншай выдатнай асобай (бібліятэка пісьменніка, нумізматычная калекцыя).

45. Пры неабходнасці рашэннем ФЗК музей можа ствараць у складзе асноўнага фонду калекцыйны фонд асабліва каштоўных музейных прадметаў, якія маюць вялікую навуковую, гістарычную або мастацкую каштоўнасць і знаходзяцца ў адзіным экзэмпляры або з’яўляюцца лепшымі з некалькіх аднолькавых экзэмпляраў. Прыналежнасць да калекцыйнага фонду фіксуецца ў картатэцы ці адзнакай у базе даных музейных прадметаў і музейных калекцый.

46. Абменны фонд музейных прадметаў (далей – абменны фонд) – асобная частка музейных прадметаў, якая вылучаецца са складу фонду музейных прадметаў і прызначаецца для міжмузейнага абмену. У яго склад уваходзяць:

музейныя прадметы, якія не адпавядаюць профілю музея і трапілі ў музейны фонд у працэсе камплектавання выпадкова або памылкова;

дублетныя музейныя прадметы – музейныя прадметы, якія адпавядаюць профілю музея і складаюць асобную групу ідэнтычных прадметаў, якія не былі прыняты ў асноўны фонд згодна з пунктам 44 дадзенай Інструкцыі.

47. У выпадках, калі абменны фонд налічвае значную колькасць прадметаў, для зручнасці арганізацыі міжмузейнага абмену ён можа падзяляцца на фонд няпрофільных экзэмпляраў (уключаюцца музейныя прадметы, адзначаныя ў абзацы другім пункта 46 дадзенай Інструкцыі) і фонд дублетных экзэмпляраў (уключаюцца музейныя прадметы, адзначаныя ў абзацы трэцім пункта 46 дадзенай Інструкцыі).

48. Склад абменнага фонду фіксуецца ў кнізе ўліку музейных прадметаў абменнага фонду (далей – КАФ) згодна з дадаткам 4 да дадзенай Інструкцыі.

49. Абменны фонд выкарыстоўваецца для абмену з іншымі музеямі на прадметы, якія адпавядаюць профілю музея і могуць быць выкарыстаны ва ўсіх відах музейнай дзейнасці. Музейныя прадметы абменнага фонду перадаюцца іншаму музею на пастаяннае захоўванне па загадзе Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь (далей – Міністэрства культуры), які выдаецца на падставе рашэння ФЗК музея.

50. У прыродазнаўчых музеях акрамя асноўнага фонду асобна вылучаецца фонд сыравінных матэрыялаў, які ўключае прыродныя аб’екты, прызначаныя для лабараторных даследаванняў і прэпаравання: скуры жывёл, сырыя экспедыцыйныя і кансерваваныя матэрыялы.

Склад фонду сыравінных матэрыялаў музея фіксуецца ў кнізе ўліку фонду сыравінных матэрыялаў згодна з дадаткам 5 да дадзенай Інструкцыі.

51. Фонд навукова-дапаможных матэрыялаў – частка фондаў музея, якая складаецца з матэрыялаў, набытых або спецыяльна вырабленых па заказе музея для раскрыцця зместу тэм экспазіцыі або выставы. Яны не валодаюць уласцівасцямі музейнага прадмета, не маюць статуса музейнага прадмета і выконваюць дапаможную функцыю ў працэсе вывучэння, выкарыстання і экспанавання музейных прадметаў і (або) музейных калекцый.

52. Да фонду навукова-дапаможных матэрыялаў адносяцца матэрыялы, якія замяняюць аўтэнтычныя (арыгінальныя) прадметы:

копіі, муляжы, макеты, мадэлі, злепкі, рэплікі, дублікаты;

табліцы, схемы, дыяграмы, чарцяжы;

планы, карты;

рэканструкцыі;

ксеракопіі;

фотакопіі;

мікра- і макраздымкі;

копіі на электронных носьбітах.

53. Да фонду навукова-дапаможных матэрыялаў дапускаецца аднясенне арыгінальных (аўтэнтычных) прадметаў, якія не маюць устаноўленага музейнага статуса, не вызначаны іх атрыбуцыйныя характарыстыкі, напрыклад час і месца вытворчасці, аўтарская прыналежнасць. Пасля складання дакладнай навукова абгрунтаванай атрыбуцыі такі прадмет рашэннем ФЗК пераводзіцца ў фонд музейных прадметаў.

54. Дапускаецца аднясенне да фонду навукова-дапаможных матэрыялаў арыгінальных (аўтэнтычных) прадметаў, доўгатэрміновае захоўванне якіх забяспечыць немагчыма. Да гэтай катэгорыі адносяцца: прадметы з саломы, пластыліну, гіпсу, сінтэтычных і палімерных матэрыялаў, харчовыя прадукты (вясельны каравай), фарбавальнікі, узоры сельскагаспадарчых культур і іншых натуральных матэрыялаў.

55. Чарцёж, схема, план, карта або табліца маюць статус музейнага прадмета і залічваюцца ў асноўны фонд, калі яны з’яўляюцца арыгінальнымі прадметамі, творамі мастацтва, узорамі друкаванай прадукцыі альбо рукапісам, зробленым вучоным, дзяржаўным дзеячам або іншай выдатнай асобай.

56. У выпадку, калі арыгінал страчаны альбо знаходзіцца за межамі краіны, дакладная копія арыгінальнага музейнага прадмета або прадмета музейнага значэння можа быць аднесена да асноўнага фонду.

57. Склад фонду навукова-дапаможных матэрыялаў фіксуецца ў кнізе ўліку фонду навукова-дапаможных матэрыялаў (далей – кніга НД) згодна з дадаткам 6 да дадзенай Інструкцыі.

58. Фонд часовага захоўвання фарміруецца з прадметаў музейнага значэння, якія бяруцца музеем на тэрмін не болей 2 месяцаў для вызначэння іх статуса на ФЗК.

59. Склад фонду часовага захоўвання фіксуецца ў спецыяльнай кнізе ўліку прадметаў фонду часовага захоўвання згодна з дадаткам 7 да дадзенай Інструкцыі.

60. Фонд часовага карыстання фарміруецца з музейных прадметаў, якія атрыманы музеем на абмежаваны перыяд – ад 1 дня да 1 года, і прадметаў музейнага значэння, якія могуць быць атрыманы музеем на захоўванне тэрмінам да 3 гадоў для выкарыстання ў экспазіцыі, на выставах, для навуковага даследавання і ў іншых мэтах пры ўмове вяртання ўладальніку ў абумоўлены тэрмін.

61. Музей прымае на часовае карыстанне музейныя прадметы і навукова-дапаможныя матэрыялы ад іншых музеяў, а таксама прадметы музейнага значэння рознага тыпу (выяўленчыя, пісьмовыя, фотадакументальныя, рэчавыя і іншыя) ад юрыдычных і фізічных асоб на падставе дагавораў ва ўстаноўленым заканадаўствам Рэспублікі Беларусь парадку.

62. Склад фонду часовага карыстання фіксуецца ў спецыяльнай кнізе ўліку прадметаў фонду часовага карыстання згодна з дадаткам 8 да дадзенай Інструкцыі.

ГЛАВА 6

АРГАНІЗАЦЫЯ ФОНДУ МУЗЕЙНЫХ ПРАДМЕТАЎ

63. Фонд музейных прадметаў складаецца з усіх музейных прадметаў і музейных калекцый, якія захоўваюцца ў музеі. Яго склад фарміруецца зыходзячы з профілю музея і змяняецца ў залежнасці ад таго, колькі прадметаў набыта ў музейны фонд або выключана з яго. Змяненні складу фонду музейных прадметаў вызначаюцца канцэпцыяй развіцця музея, праграмай камплектавання і працэсамі аптымізацыі музейных фондаў.

64. Склад фонду музейных прадметаў фарміруецца на падставе прынятай у музеялогіі і музейнай практыцы класіфікацыі, з улікам стварэння найбольш спрыяльных умоў захоўвання, вывучэння і выкарыстання музейных прадметаў. Аднясенне музейнага прадмета да канкрэтнага тыпу культурных каштоўнасцей павінна быць абумоўлена прыродай паходжання гэтага прадмета, спосабам кадзіравання інфармацыі, якую ён утрымлівае. Прадметы, прынятыя ў фонд музейных прадметаў, павінны быць аднесены да адпаведнага тыпу ці віду культурных каштоўнасцей у адпаведнасці з класіфікацыяй музейных прадметаў згодна з дадаткам 2 да дадзенай Інструкцыі.

65. Усе музейныя прадметы размяркоўваюцца па музейных калекцыях.

Вызначэнне колькасці музейных калекцый і іх складу адбываецца адпаведна профілю і канцэпцыі развіцця музея, у залежнасці ад складу фонду музейных прадметаў канкрэтнага музея, колькасці музейных прадметаў, якія ўвайшлі ў музейныя калекцыі, паўнаты і прадстаўніцтва фондаў музея. Пералік музейных калекцый, якія фарміруюцца ў музеі, павінен быць абмеркаваны на ФЗК і зацверджаны вучоным саветам музея. Інфармацыя аб музейных калекцыях знаходзіць адлюстраванне ў інвентарных кнігах, навукова-дапаможных картатэках, друкаваных і электронных каталогах, базе даных інфармацыйна-пошукавай сістэмы музея.

66. Усе музейныя прадметы, якія былі прыняты на пастаяннае захоўванне ў музейныя фонды, павінны быць аднесены да адпаведнай музейнай калекцыі. Кожны прадмет, які ўвайшоў у склад музейнай калекцыі, павінен быць зарэгістраваны і задакументаваны ў адпаведнасці з главой 7 дадзенай Інструкцыі.

67. Музейная калекцыя з’яўляецца асноўным элементам стварэння сістэмы захоўвання музейных прадметаў незалежна ад тыпу захоўвання (па відах музейных прадметаў або комплекснага захоўвання музейных прадметаў розных тыпаў). Колькасць і памеры прадметаў у музейных калекцыях, а таксама перспектывы іх далейшага папаўнення ўлічваюцца пры праектаванні фондасховішчаў, якія прызначаны для размяшчэння музейных фондаў.

68. Музеі, прадметам захоўвання якіх з’яўляюцца «жывыя» ўзоры (жывая фаўна і флора), абавязаны перыядычна замяняць ці абнаўляць частку сваіх калекцый.

ГЛАВА 7

УНУТРЫМУЗЕЙНЫ ЎЛIК МУЗЕЙНЫХ ПРАДМЕТАЎ І МУЗЕЙНЫХ КАЛЕКЦЫЙ

69. Музейныя прадметы і музейныя калекцыі, што захоўваюцца ў музеях, падлягаюць дакладнаму ўлiку, якi забяспечвае iх ахову i стварае ўмовы для вывучэння i рацыянальнага выкарыстання.

70. Музейныя прадметы і музейныя калекцыі бухгалтарскаму ўлiку не падлягаюць.

71. Улiк музейных прадметаў прадугледжвае дзве абавязковыя ступенi:

першасная рэгістрацыя музейных прадметаў;

навуковая інвентарызацыя музейных прадметаў.

72. Уліковымі дакументамi музейных прадметаў і музейных калекцый (далей – уліковыя дакументы) з’яўляюцца:

акты прыёму музейных прадметаў, навукова-дапаможных матэрыялаў на пастаяннае захоўванне, складзеныя па формах згодна з дадаткамі 9, 10;

акты прыёму прадметаў музейнага значэння на часовае захоўванне, складзеныя па формах згодна з дадаткамі 11, 12;

акты прыёму прадметаў музейнага значэння у часовае карыстанне (ад фізічнай асобы), складзеныя па форме згодна з дадаткам 13;

акты прыёму музейных прадметаў (прадметаў музейнага значэння), навукова-дапаможных матэрыялаў у часовае карыстанне (ад юрыдычнай асобы), складзеныя па форме згодна з дадаткам 14;

акты звароту ўладальніку прадметаў музейнага значэння з фонду часовага захоўвання, складзеныя па форме згодна з дадаткам 15;

акты звароту ўладальніку прадметаў музейнага значэння з фонду часовага карыстання (для фізічнай асобы), складзеныя па форме згодна з дадаткам 16;

акты звароту ўладальніку музейных прадметаў (прадметаў музейнага значэння), навукова-дапаможных матэрыялаў з фонду часовага карыстання (для юрыдычнай асобы), складзеныя па форме згодна з дадаткам 17;

акты перадачы музейных прадметаў, навукова-дапаможных матэрыялаў на пастаяннае захоўванне, складзеныя па форме згодна з дадаткам 18;

акты перадачы музейных прадметаў, навукова-дапаможных матэрыялаў на часовае захоўванне, складзеныя па форме згодна з дадаткам 19;

акты ўнутрымузейнай перадачы, складзеныя па форме згодна з дадаткам 20;

акты зваротнага прыёму музейных прадметаў, навукова-дапаможных матэрыялаў, перададзеных на часовае захоўванне, складзеныя па форме згодна з дадаткам 21;

акты прыёму музейных прадметаў на матэрыяльна адказнае захоўванне, складзеныя па форме згодна з дадаткам 1;

кнiга паступленняў музейных прадметаў асноўнага фонду (галоўная інвентарная кніга), складзеная па форме згодна з дадаткам 3;

кніга ўліку музейных прадметаў абменнага фонду, складзеная па форме згодна з дадаткам 4;

інвентарныя кнігі, складзеныя па форме згодна з дадаткам 22;

кніга ўліку прадметаў фонду часовага захоўвання, складзеная па форме згодна з дадаткам 7;

кніга ўліку прадметаў фонду часовага карыстання, складзеная па форме згодна з дадаткам 8;

журнал рэгістрацыі актаў прыёму прадметаў музейнага значэння на часовае захоўванне, складзены па форме згодна з дадаткам 23;

журнал рэгістрацыі актаў прыёму музейных прадметаў (прадметаў музейнага значэння) у часовае карыстанне, складзены па форме згодна з дадаткам 24;

журнал рэгістрацыі актаў прыёму музейных прадметаў на пастаяннае захоўванне, складзены па форме згодна з дадаткам 25;

журнал рэгістрацыі актаў прыёму музейных прадметаў на матэрыяльна адказнае захоўванне, складзены па форме згодна з дадаткам 26;

журнал рэгістрацыі актаў звароту ўладальніку прадметаў музейнага значэння з фонду часовага захоўвання, складзены па форме згодна з дадаткам 27;

журнал рэгістрацыі актаў звароту ўладальніку музейных прадметаў (прадметаў музейнага значэння) з фонду часовага карыстання, складзены па форме згодна з дадаткам 28;

журнал рэгістрацыі актаў зваротнага прыёму музейных прадметаў, перададзеных на часовае захоўванне, складзены па форме згодна з дадаткам 29;

журнал рэгістрацыі актаў перадачы музейных прадметаў на пастаяннае захоўванне, складзены па форме згодна з дадаткам 30;

журнал рэгістрацыі актаў перадачы музейных прадметаў на часовае захоўванне, складзены па форме згодна з дадаткам 31;

журнал рэгістрацыі актаў унутрымузейнай перадачы, складзены па форме згодна з дадаткам 32;

журнал рэгістрацыі пратаколаў фондава-закупачнай камісіі, складзены па форме згодна з дадаткам 33;

журнал уліку бланкаў уліковых дакументаў, складзены па форме згодна з дадаткам 34;

акт на скасаванне старых інвентарных кніг згодна з дадаткам 35;

акт зверкі наяўнасці музейных прадметаў з уліковай дакументацыяй згодна з дадаткам 36;

тапаграфічны вопіс, складзены па форме згодна з дадаткам 37;

вопіс інвентарных кніг, складзены па форме згодна з дадаткам 38.

73. Уліковыя дакументы вядуцца на электронных носьбітах з дапамогай аўтаматызаванай музейнай сістэмы (далей – АМС).

74. Уліковыя дакументы музея, выкананыя ў рэжыме АМС, раздрукоўваюцца з базы даных, захоўваюцца ў друкаваным выглядзе і дадаткова – на знешніх электронных носьбітах. Перыядычнасць раздрукоўкі і капіравання на электронных носьбітах адбываецца па меры запаўнення ўліковых дакументаў.

75. Уліковыя дакументы павінны запаўняцца дакладна, без неабгрунтаваных выпраўленняў.

76. Выпраўленне запiсаў ва ўліковых дакументах дапускаецца толькi ў выключных выпадках пры дапушчэнні недакладнасцей ці памылак. Пры неабходнасцi ўнясення выпраўленняў прымаецца адпаведнае рашэнне ФЗК, вядзецца электронны журнал фіксацыі выпраўленняў у кнізе паступленняў музейных прадметаў асноўнага фонду, кнізе ўліку музейных прадметаў абменнага фонду згодна з дадаткам 39 да дадзенай Інструкцыі, у якім фіксуюцца даныя аб выпраўленнях. Журнал раздрукоўваецца ў канцы справаздачнага года. Запісы аб выпраўленнях завяраюцца подпісам кіраўніка музея і пячаткай музея.

Ва ўліковых дакументах, аформленых на папяровых носьбітах, выпраўленні ў запісах, зробленых па рашэнні ФЗК, выконваюцца чырвонымi чарнiламi. Пры гэтым старыя запiсы закрэслiваюцца адной рысай, новыя запiсы павiнны добра чытацца. Выпраўленне завяраецца подпiсам кіраўніка музея, галоўнага захавальнiка, пячаткай музея.

ГЛАВА 8

ПАРАДАК ПРЫЁМУ ПРАДМЕТАЎ МУЗЕЙНАГА ЗНАЧЭННЯ, МУЗЕЙНЫХ ПРАДМЕТАЎ НА ЧАСОВАЕ І ПАСТАЯННАЕ ЗАХОЎВАННЕ, У ЧАСОВАЕ КАРЫСТАННЕ

77. Прадметы музейнага значэння, якія паступаюць у музей у працэсе камплектавання, павінны быць прыняты і аформлены па актах прыёму прадметаў музейнага значэння на часовае захоўванне і падрыхтаваны для разгляду на ФЗК.

78. Музейны работнік, які праводзіць камплектаванне музейнага фонду, складае акт прыёму прадметаў музейнага значэння на часовае захоўванне.

Захоўванне ў музеi прадметаў музейнага значэння, якiя не аформлены актамi прыёму прадметаў музейнага значэння на часовае захоўванне, забараняецца.

79. Пры неабходнасцi, калi прадмет патрабуе дадатковай атрыбуцыi, да акта прыёму прадметаў музейнага значэння на часовае захоўванне прыкладаецца заключэнне спецыялiстаў або экспертнай камiсii, заверанае подпісам адказнай асобы і пячаткай арганізацыі, якая праводзiла экспертызу.

80. Для археалагiчных матэрыялаў да акта прыёму прадметаў музейнага значэння на часовае захоўванне прыкладаецца палявы або калекцыйны вопiс прадметаў, які складаецца арганізацыяй, што праводзіла археалагічныя раскопкі.

81. Акты прыёму прадметаў музейнага значэння на часовае захоўванне падлягаюць рэгiстрацыi ў журнале рэгiстрацыi актаў прыёму прадметаў музейнага значэння на часовае захоўванне. Запісы вядуцца на працягу года, затым журнал раздрукоўваецца, падшываецца ў асобную справу, прашнуроўваецца, завяраецца подпісам галоўнага захавальніка і пячаткай музея.

Акты прыёму прадметаў музейнага значэння на часовае захоўванне з’яўляюцца падставай для запiсу ў кнiгу ўліку фонду часовага захоўвання.

82. У часовае карыстанне музейныя прадметы або прадметы музейнага значэння прымаюцца музеем для арганізацыі экспазіцый і выставак, для правядзення работ па кансервацыі і рэстаўрацыі, для даследавання і экспертнага заключэння па актах прыёму музейных прадметаў (прадметаў музейнага значэння) у часовае карыстанне.

83. Акты прыёму музейных прадметаў (прадметаў музейнага значэння) у часовае карыстанне падлягаюць рэгiстрацыi ў журнале рэгiстрацыi актаў прыёму музейных прадметаў (прадметаў музейнага значэння) у часовае карыстанне. Запісы вядуцца на працягу года, затым журнал раздрукоўваецца, падшываецца ў асобную справу, прашнуроўваецца, завяраецца подпісам галоўнага захавальніка і пячаткай музея.

Акты прыёму прадметаў музейнага значэння на часовае карыстанне з’яўляюцца падставай для запiсу ў кнiгу ўліку фонду часовага захоўвання.

84. Нумар акта прыёму прадметаў на часовае захоўванне (карыстанне) прысвойвае загадчык сектара ўлiку або навуковы супрацоўнiк, адказны за ўлiк музейных фондаў, адразу ў базе даных. Нумарацыя актаў прыёму прадметаў музейнага значэння на часовае захоўванне (карыстанне) штогод пачынаецца з першага нумара. У канцы кожнага каляндарнага года акты прыёму прадметаў музейнага значэння на часовае захоўванне (карыстанне) нумаруюцца па лістах, падшываюцца ў храналагічным парадку ў асобную справу, прашнуроўваюцца, завяраюцца подпісамі галоўнага захавальніка, кіраўніка музея і пячаткай музея.

85. Навуковы супрацоўнiк музея, якi выявiў i прыняў прадметы музейнага значэння ў музей па акце прыёму прадметаў музейнага значэння на часовае захоўванне да перадачы iх сакратару ФЗК, нясе адказнасць за iх захоўванне.

86. На працягу пяці працоўных дзён з моманту паступлення прадметаў музейнага значэння ў музей яны разам з актамі прыёму прадметаў музейнага значэння на часовае захоўванне перадаюцца сакратару ФЗК, які паводле загада кіраўніка музея з’яўляецца матэрыяльна адказнай асобай за захаванасць прадметаў з моманту iх паступлення да разгляду на пасяджэннi ФЗК i да здачы на матэрыяльна адказнае захоўванне.

87. Сакратар ФЗК прымае прадметы музейнага значэння па актах прыёму прадметаў музейнага значэння на часовае захоўванне ад навуковых супрацоўнiкаў музея разам з суправаджальнымi дакументамi (легенда, экспертнае заключэнне спецыялiстаў, даведка, вопіс (па неабходнасці) i iншыя матэрыялы). Сакратар ФЗК з’яўляецца адказным за вядзенне пратакола ФЗК і журнала рэгістрацыі пратаколаў ФЗК.

88. ФЗК вызначае статус прадметаў музейнага значэння. У 15-дзённы тэрмін пасля пасяджэння ФЗК складаецца пратакол ФЗК згодна з дадаткам 40, які раздрукоўваецца, падпісваецца ўсiмi членамi камiсii, зацвярджаецца кіраўніком і завяраецца пячаткай музея.

89. Для прадметаў, якія па рашэнні ФЗК павінны быць уключаны ў музейны фонд, прысвойваюцца ідэнтыфікацыйныя нумары, складаюцца акты прыёму музейных прадметаў на пастаяннае захоўванне. Яны раздрукоўваюцца ў двух (пры дарэнні), трох (пры закупцы) экзэмплярах, падпісваюцца галоўным захавальнікам і здатчыкам (фізічнай ці юрыдычнай асобай) і завяраюцца пячаткай музея.

Нумарацыя актаў прыёму музейных прадметаў на пастаяннае захоўванне фарміруецца год ад году, пачынаючы з першага нумара.

Нумар акта прыёму музейных прадметаў на пастаяннае захоўванне прысвойвае загадчык сектара ўлiку або навуковы супрацоўнiк, адказны за ўлiк музейных фондаў, адразу ў базе даных.

90. Адзін экзэмпляр акта прыёму музейных прадметаў на пастаяннае захоўванне знаходзіцца ў музеі, другi (у выпадку закупкi) – перадаецца ў бухгалтэрыю, трэцi – асобе, у якой набыты прадмет (далей – здатчык).

91. Пры закупцы альбо дарэнні прадметаў музейнага значэння ад фізічных асоб пасля пасяджэння ФЗК разам з актам прыёму музейных прадметаў на пастаяннае захоўванне афармляецца адпаведна дагавор куплі-продажу альбо дагавор дарэння ва ўстаноўленым заканадаўствам Рэспублікі Беларусь парадку.

92. Неабходнасць набыцця антыкварных прадметаў, рарытэтных выданняў, у тым ліку праз букiнiстычную або антыкварную краму, папярэдне вырашае ФЗК. Пры набыццi прадметаў музейнага значэння праз букiнiстычную або антыкварную краму выпiсваецца рахунак, якi перадаецца ў бухгалтэрыю музея ці бухгалтэрыю арганізацыі, структурным падраздзяленнем якой з’яўляецца музей. Аплата ажыццяўляецца ва ўстаноўленым заканадаўствам Рэспублікі Беларусь парадку.

93. Акты прыёму музейных прадметаў на пастаяннае захоўванне разам з пратаколам ФЗК з’яўляюцца падставай для ўнясення адпаведнага запiсу ў кнiгу паступленняў музейных прадметаў асноўнага фонду, кнігу паступленняў музейных прадметаў абменнага фонду, кнігу ўліку фонду навукова-дапаможных матэрыялаў і іншыя ўліковыя дакументы.

94. Кнiга паступленняў музейных прадметаў асноўнага фонду (далей – КП), як і іншая ўліковая дакументацыя, вядзецца ў электронным выглядзе. Яна раздрукоўваецца па меры запісу новых паступленняў, нумаруецца і падшываецца ў асобную справу. Кожны выведзены тэкст падпісваецца галоўным захавальнiкам, кіраўніком музея i завяраецца пячаткай музея.

У канцы кожнага каляндарнага года КП пераплятаецца ў асобны том ці некалькі тамоў, прашнуроўваецца і падпісваецца на тытульным лісце кіраўніком музея, завяраецца пячаткай музея.

95. На перыяд пераходу на аўтаматызаваную сістэму ўліку дазваляецца вядзенне КП на папяровых носьбітах. У гэтым выпадку яна да запаўнення павінна быць пранумаравана, прашнуравана, зацверджана подпісам галоўнага захавальніка, кіраўніка музея, заверана пячаткай музея.

96. Скарочаная назва музея i парадкавы нумар па КП і кнізе паступленняў музейных прадметаў абменнага фонду (далей – КАФ) прастаўляюцца на кожным музейным прадмеце.