Агарод? Каб я цэлымі днямі, як Заяц, корпалася ў зямлі? Нізашто!

Хм, прызнацца, я таксама ні разу не трымала ні матыкі, ні грабель. Але колькі мне, старой сароцы, трэба? Скарыначку хлеба на дзень, і ўвесь мой наедак. А калі да яе кубачак чаю — о, больш нічога і не пажадаю!

Скарыначку хлеба! -— усклікнула Чыта.— Калі я трапіла сюды, у мяне быў поўны халадзільнік бананаў, апельсінаў, яек, арэхаў! А цяпер ён пусты, хоць сама ў яго залазь!

Ну, арэхаў ты і ў нашым лесе можаш назбіраць,— разважліва сказала Сарока.— А вось каб заўсёды мець свежыя яйкі, трэба, як Ліса, курэй разводзіць, а іх зернем трэба карміць.

А каб зернем карміць, трэба спачатку ячмень пасеяць. Значыць, без свайго агарод а ўсё роўна не абысціся.

Толькі не гэта! — заматляла галавой Чыта.— З раніцы да вечара нешта садзі, сей, палівай, праполвай...

I не кажы,— падхапіла Сарока.— Тут пакуль скарыначку хлеба знойдзеш, паўсвета аблётаеш, сем патоў сцячэ, а восьмы вочы залье. А колькі мне, старой сароцы...

Паслухай,— перабіла Чыта,— а што, калі мне паспрабаваць мяняцца з Зайцам ці Лісою?

Чым? — спытала Сарока.

Ну, я Лісе, напрыклад, магу даць што-небудзь са свайго гардэробу, Зайцу што-небудзь з мэблі, а яны мне ўзамен яйкі, яблыкі, моркву, капусту...

Так можна зусім застацца без гардэробу і мэблі. А то і без сваіх харомаў,— мудра заўважыла Сарока.— Чым тады будзеш мяняцца?

Чыта на гэта нічога не адказала, а яе твар зноў зрабіўся такі, як у Піфагора, калі той абдумваў сваю славутую тэарэму.

Вестка пра тое, што Чыта галадае, хутка разнеслася па ўсёй пушчы. У той жа дзень Зубр, Бусел, Заяц, Ліса, Вавёрка і Сарока сабраліся на палянцы, каб вырашыць, як дапамагчы Малпачцы.

У мяне засталося крыху леташняй морквы,— сказаў Заяц.— Як-небудзь да новага ўраджаю датрываю.

А ў мяне ёсць арэхі,— прызналася Вавёрка.— Я чула, яна любіць арэхі.

А ў мяне куры нядаўна пачалі несціся,— паведаміла Ліса.

У мяне быццам была скарыначка хлеба,— неахвотна прамовіла Сарока.— Не ведаю, праўда, дзе. Я сёння паўсюль яе шукала — ледзь крыло не зламала. Яна была такая малень­кая, што не адразу і знойдзеш...

Стойце, стойце,— перабіў Сароку Зубр.— Гэта не выйсце. Трэба думаць не толькі пра сённяшні, але і пра заўтрашні дзень.

Правільна,— сказала Сарока.— Заўтра і ў нас саміх можа не быць і крошкі хлеба. Хто нам што дасць, хто нам дапаможа? Ва ўсялякім разе, не Чыта. У яе ў самой пустое карыта!

Памаўчы! — раўнуў Зубр.— I пры чым тут карыта! Сама ты ніколі не прападзеш, бо нюхам чуеш, калі ў каго на другім канцы пушчы што-небудзь варыцца, парыцца ці пячэцца, і не ўпусціш, каб не сцягнуць чаго.

Калі ў вас нічога не будзе варыцца, парыцца і пячыся, то і мне не будзе чаго сцягваць,— пакрыўджана прабубніла сабе пад нос Сарока.

Малпачцы трэба дапамагчы пасадзіць агарод,— прадоўжыў Зубр.

Ха, агарод! — насмешліва фыркнула Сарока.— Ды яна, колькі жыве, палец аб палец не стукнула, такая няўдаліца. А тут цэлы агарод на яе галаву зваліцца! Ды ён праз тыдзень зарасце пустазеллем!

Да працы прывыкнуць трэба, тады яна не будзе ў цяжар. Аднаму вялікую работу заўсёды нялегка пачынаць, а вось калі гуртам...

Ведаю, ведаю,— перабіла яго Сарока,— гуртам усё рабіць лягчэй...

Чыта глядзела тэлевізар, калі ў дзверы пастукалі. Каля доміка яе чакалі Зубр, Бусел, Заяц, Вавёрка, Ліса і Сарока.

Мы тут прынеслі табе гасцінцаў,— сказала Ліса і працягнула Малпачцы кошык, даверху напоўнены морквай, капустай, яйкамі і арэхамі.

Гэта ўсё мне?! — здзівілася Чыта, асцярожна беручы кошык.

Табе, табе,— кіўнуў Зубр.— Ты ў нас нядаўна, нашых харчоў яшчэ не каштавала. А раптам спадабаюцца?

Яшчэ і пытаецца — дзіва што спадабаюцца! — прабубніла Сарока.— На дармаўшчыну столькі ўсяго перапала! З такімі запасамі я б цэлы год гора не знала!

Чыта выбрала ў кошыку самую вялікую морквіну і захрумстала ёю з такім апетытам, быццам ніколі не ела нічога смачнейшага.

А мы тут паглядзелі, аказваецца, за тваім домікам можна зямлю пад агарод пусціць. Пад невялікі, праўда, але колькі табе ад ной трэба,— як бы між іншым сказаў Зубр.

Мне? Агарод? Нізашто! — аплятаючы другую морквіну, запярэчыла Малпачка.— Ды я не ведаю, што на ім рабіць, ды я не ведаю, за які канец рыдлёўку трымаць, ды яе ў мяне і не было ніколі.

А я вось якраз захапіў рыдлёўку з сабою,— паспешна сказаў Заяц.— I магу памагчы табе ўскапаць агарод.

Ускапаць! — чмыхнула Чыта.— Што толку — у мяне ж няма нічога ні садзіць, ні сеяць.

У мяне ёсць насенне капусты і морквы,— сказала Ліса.— Я ўзяла з сабою — думала, можа, табе спатрэбіцца.

А я на поплаве, за адной вёскай, знайшоў куст чырвоных парэчак — нехта выдзер з карэннем, а ён і на поплаве прыжыўся, лісце пусціў,— сказаў Бусел.— Я падумаў, можа, ты любіш парэчкі, і прынёс з сабою.

А я,— сказаў Зубр,— прынёс табе яблыньку са свайго саду. Яблыкі на ёй восенню сакавітыя, не горш за твае апельсіны.

Дзе ж я з гэтым усім спраўлюся — і насенне, і парэчкі, і яблыня,— запратэставала Чыта.— Змагацца супраць рабст­ва — я разумею, але па сваей ахвоце станавіцца рабыняю — я яшчэ ў сваім розуме!

 

Правільна! — закрычала Сарока.— Кожны жыве, як хоча! I няма чаго лезці сляпіцаю ў вочы! Дарэмна толькі нацягалі сюды ўсяго.

Мы прыйшлі, каб дапамагчы табе,— не звяртаючы ўвагі на Сарочыну траскатню, сказаў Зубр Малпачцы.— Хоць яно, вядома, табе цяжкавата будзе з непрывычкі корпацца ў зямлі. Можаш проста пасядзець, паглядзець, як мы будзем разбіваць агарод, павучыцца сяму-таму.

Ну, калі адно паглядзець,— уздыхнула Чыта,— тады валяйце!

Зубр з Зайцам напераменку капалі грады. Вавёрка і Ліса, якая прадбачліва захапіла з сабой матыку, рабілі баразёнкі, а Бусел з Сарокай па каліву кідалі ў баразёнкі насенне. Бусел — насенне капусты, а Сарока — насенне морквы. Пры гэтым яна часта спынялася і пачынала войкаць:

— Вой, сагнуцца не магу! Вой, бок баліць! Так аслабела, што не хочацца жыць! Вядома, з самай раніцы крошкі ў роце не было!

Пасля гэтых слоў Сарока клыпала да кошыка, дзяўбла капусту ці морквіну і, павесялелая, вярталася назад.

Чыта спачатку назірала за працай сваіх сяброў моўчкі, але пасля не стрывала.

— Раўней, раўней трэба! — закрычала яна Вавёрцы і Лісе.— А цяпер закругляйце баразёнкі, закругляйце!

Чыта падхапілася і ўзяла ў Вавёркі матыку. Дзве крайнія баразёнкі яна злучыла паміж сабой, атрымаўся круг.

— Тут будзе расці капуста,— заявіла Малпачка.— Кідайце насенне! Не, я сама!

Яна выхапіла ў Бусла кулёк з насеннем капусты і пачала кідаць па каліву ў баразёнку.

Калі грады былі пасеяны, сябры ўзяліся за яблыньку і парэчкі. Чыта і тут не ўседзела.

— Яблыню трэба пасадзіць каля доміка, пад акном,— ска­зала яна.— I шырэй капайце яму, каб карэнні ў ёй не курчыліся! Дайце мне рыдлёўку, я сама!

Нарэшце, і яблынька, і парэчкі былі пасаджаныя і палітыя.

Фу-у-у,— уздыхнула Малпачка,— аж не верыцца, што мы столькі работы перарабілі!

Ну, як,— хітра спытаў Зубр,— ты сябе адчуваеш рабыняю?

Рабыняю? — зморшчылася Чыта.— Хм, як ні дзіўна, я сябе цяпер адчуваю сапраўднай гаспадыняй.

Пахвальна! О'кэй! — перадражніваючы Малпачку, усклікнула Вавёрка. I ўсе засмяяліся.

Яны і не заўважылі, як на ражку месяца здалёку прыплыў вечар і разаслаў на небе чорную коўдру, усыпаную бліскучымі зоркамі. Дзень скончыўся — адзін з апошніх вясновых дзён. Вось-вось павінна было пачацца лета. А з ім і новыя прыгоды Малпачкі Чыты і яе сяброў.