Дзень нараджэння Зайца
Аднойчы Заяц паволі клэпаў па лесе, задумліва пазіраючы сабе пад ногі. Выгляд у яго быў пануры, і Вавёрка, якая сядзела на парозе свайго дупла, заўважыла гэта здалёк. Яна хуценька спусцілася на дол.
— I далека ты выбраўся?
Заяц спыніўся і моўчкі паціснуў плячыма.
Нейкі ты сумны. Што-небудзь здарылася?
Скажы, Вавёрка, у цябе бывае дзень нараджэння? — пачухаўшы патыліцу, спытаў Заяц.
Вядома. Я тады пяку салодкія пірагі з арэхамі і вару малінавы кампот.
А ў мяне вось не бывае. Я ведаю, што, раз я некалі нарадзіўся, ён павінен быць, але не ведаю, у які дзень. Можа, у пятніцу, а можа, у сераду. Можа, у ліпені, а можа, у жніўні. А мо і зусім у студзені. Лепш, вядома, у ліпені. Папраўдзе, дзень нараджэння не вельмі мне і патрэбны, але часам хочацца ведаць, ці многа пражыў.
А ты хіба не ведаеш, колькі табе гадоў? — здзівілася Вавёрка.
Не,— уздыхнуў Заяц.— Можа, пяць, а можа, сто. Самае крыўднае, калі мой дзень нараджэння сёння. Ён прыйшоў, а я нават не здагадваюся пра гэта.
Мне здаецца,— крыху падумаўшы, сказала Вавёрка,— дзень нараджэння можна спраўляць у любы дзень.
У любы? — недаверліва перапытаў Заяц.
У любы,— паўтарыла Вавёрка.— Ва ўсялякім разе, я дакладна помню, што летась свой дзень нараджэння спраўляла ў нядзелю, а пазалетась у суботу. Галоўнае, святкаваць пажадана не часцей і не радзей аднаго разу ў год, каб не зблытацца, колькі табе споўнілася.
Ты хочаш сказаць, я свой магу спраўляць хоць сёння?
Ну, не ведаю...— задумліва прамовіла Вавёрка.— Разумееш, калі прыходзіць дзень нараджэння, ты сябе адчуваеш незвычайна.
А незвычайна гэта як?
Ну, не так, як у іншыя дні. Па-святочнаму. Ты ўсяму радуешся, быццам першы раз бачыш. I ўсё здаецца такім... такім прыгожым, добрым... такім...
Пачакай, пачакай,— перабіў Заяц.— Здаецца, я пачынаю адчуваць сябе незвычайна! Нядаўна яшчэ не адчуваў, а цяпер адчуваю. Відаць, мой дзень нараджэння толькі-толькі наступіў.
— Тады віншую! — сказала Вавёрка.— Віншую цябе з днём нараджэння і жадаю... жадаю шчасця і доўгіх гадоў жыцця! — урачыста закончыла яна.
— Дзякую! — расхваляваўся Заяц.— Усё ж здорава, калі ў цябе ёсць дзень нараджэння!
Праз некалькі хвілін ён ужо стаяў пад бярозай, на галінцы якой гайдалася Сарока.
Віншую цябе, Заяц, з днём нараджэння! — крыкнула зверху Сарока.— А я гляджу і думаю: сёння Заяц нейкі незвычайны. Нейкі...
Ты, сапраўды, заўважыла? — радасна ўсклікнуў Заяц.— Значыць, я не памыліўся?
Ну, табе лепш ведаць, памыліўся ці не,— развяла крыламі Сарока.
А ты нічога не хочаш мне пажадаць? — з нецярпеннем спытаў Заяц.
Ну, што ж, я жадаю табе... жадаю шчасця і... пражыць яшчэ многа-многа доўгіх гадоў.
А ты не магла б пажадаць чаго-небудзь іншага? — папрасіў Заяц.
Хіба табе не спадабалася мае пажаданне? — пакрыўдзілася Сарока.
Спадабалася, але шчасця і многа-многа доўгіх гадоў мне толькі што пажадала Вавёрка.
Хм, прабач, я не ведала. Тады я жадаю табе ніколі не хварэць.
Дзякуй, тваё пажаданне якраз дарэчы, а то ўвесну я заўсёды прастуджваюся,— задаволена сказаў Заяц.
Зубр пажадаў Зайцу набрацца розуму столькі, колькі памесціцца ў яго галаве.
А гэта многа? — пацікавіўся Заяц.
Вядома, многа,— кіўнуў Зубр.— Пра столькі розуму можна толькі марыць.
I ўсёткі шкада, што мая галава меншая за тваю,— уздыхнуў Заяц.— Тады б у ёй магло памясціцца яшчэ больш розуму.
Ліса пажадала Зайцу сабраць сёлета вялікі ўраджай морквы і капусты, на што Заяц заўважыў:
— Тады, калі ласка, заадно пажадай, каб морква была сакавітая, а не сухая, як летась, а капусту не патачылі вусені.
Бусел, якога Заяц доўга расшукваў па лесе, чамусьці адразу пачаў гаварыць пра свой дзень нараджэння.
— Я таксама буду хутка спраўляць. А ўяві сабе, каб я нарадзіўся зімой, што было б?
Заяц не ўявіў — сёння яму было ўсё роўна, калі нарадзіўся Бусел.
— Мне ж тады ўсе свае дні нараджэння давялося б сустракаць за мяжой, у Афрыцы.
Заяц ніколі не быў у Афрыцы, таму не ведаў, добра гэта ці кепска — тое, пра што гаворыць Бусел.
Ну і ну,— на ўсялякі выпадак сказаў ён тонам, які можна было зразумець як заўгодна, і тут жа спытаў: — А ты мне нічога не пажадаеш?
Ну, чаму ж? Я жадаю табе новых сяброў! — узнёсла прамовіў Бусел.
А... а дзе я іх вазьму? — задумаўся Заяц.
Ну, не ведаю,— разгубіўся Бусел.— Можа, ты іх калі-небудзь сустрэнеш... Нечакана. Як Малпачку.
Дарэчы, Малпачка мне яшчэ нічога не жадала,— успомніў Заяц.— Толькі...— зноў задумаўся ён.— Разумееш, калі я сустрэну новага сябра, які аб'явіцца ў нашым лесе, ён жа стане таксама і сябрам і для ўсіх вас!
Ну і што? — спытаў Бусел.
Але ж сёння мой дзень нараджэння, і ты павінен жадаць мне, а не Вавёрцы, Зубру ці... ці сабе.
Добра, я прыдумаю што-небудзь іншае,— уздыхнуў Бусел.
Не трэба,— махнуў рукой Заяц.— Што мне, хіба шкала — хай мае сябры будуць і вашымі сябрамі!
Апошняй, каго наведаў імяніннік, была Малпачка.
I колькі табе стукнула? — адразу дзелавіта пацікавілася Чыта.
Не ведаю,— паціснуў плячыма Заяц,— у мяне сёння першы раз дзень нараджэння.
Значыць, табе споўніўся год,— без ценю сумнення ў голасе сказала Чыта.— Усё вельмі проста. I ў гэты слаўны для цябе дзень я жадаю табе, каб споўнілася ўсё, што ты сам сабе пажадаеш.
Усё-ўсё? — перапытаў Заяц.
Ну, вядома.
Здорава! Колькі ж я цяпер магу сабе ўсяго нажадаць?!
А яшчэ,— прадоўжыла Чыта,— у нашай краіне імянінніку разам з пажаданнямі прынята што-небудзь дарыць.
Яна палезла ў шуфляду стала і дастала цёмныя акуляры — іх у яе было некалькі.
Вось, насі.
Няўжо гэта мне? Сапраўдныя акуляры! — усклікнуў Заяц.
Раптам па яго твары прабег цень лёгкага суму.
— Ты сказала, разам з пажаданнямі? Як шкада, што ні Вавёрка, ні Ліса, ні Зубр, ні Бусел, ні Сарока пра гэта не ведалі. Ну, нічога, на наступны свой дзень нараджэння я іх абавязкова папярэджу перад тым, як яны пачнуць мяне віншаваць.
ЯК У МАЛПАЧКІ З'ЯВІЎСЯ СВОЙ АГАРОД
Чыта выйшла з доміка і ўселася на ганку. Выраз твару ў яе быў не раўнуючы як у старажытнага матэматыка Піфагора, калі той абдумваў сваю славутую тэарэму. Але Чыта ніколі не чула ні пра Піфагора, ні пра яго тэарэму, таму нават і не здагадвалася, каго ў гэты момант нагадвала.
Калі б Чыта пасядзела так яшчэ з паўгадзіны, магчыма, і яна зрабіла б якое-небудзь вялікае адкрыццё, і яно праславіла б Малпачку на ўвесь свет, але тут прыляцела Сарока. Сарока тым больш не чула ні пра Шфагора, ні пра яго тэарэму. Відаць, таму і твар Малпачкі ёй здаўся не так разумным, як проста сумным.
— Ты чаго галаву павесіла? — затрашчала яна.— Усе радуюцца, што неба распагодзілася, што хутка лета, адна ты як нежывая.
Чыта ўзняла вочы на Сароку і спытала:
У вашым лесе растуць бананы?
Чаго няма, таго няма, хоць лета, хоць зіма,— адказала Сарока.— Клёны ёсць, дубы ёсць, сосны ёсць, елкі ёсць,— стала яна пералічваць,— а вось бананаў няма.
I апельсіны не растуць? — ужо без ніякай надзеі ў голасе спытала Чыта.
Чаго няма, таго няма. Асіны ёсць, ясені ёсць, грабы ёсць, бярозы ёсць...
Спрабавала я лісце вашых бяроз — ніякага смаку,— зморшчылася Малпачка.
Вядома, бярозавай кашай сыты не будзеш,— пагадзілася Сарока.— А я гляджу, што ты зблажэлаўся. Трэба табе агарод свой пасадзіць, а то прападзеш. Зямлі тут хапае: бяры — не хачу...