Як праводзілі тэлефон
Чыта любіла прыбіраць у сваім доміку. Часам яна знарок растрыбушвала шафу або куфэрак, раскідала ўсё па падлозе, каб праз некалькі хвілін, охаючы, што ў яе такі беспарадак, пачаць раскладаць рэчы назад па сваіх месцах.
Аднойчы яна з той жа мэтай вывернула на сярэдзіну пакойчыка шуфлядкі стала і сярод рэчаў убачыла радыётэлефон. У Амерыцы Чыта любіла званіць сваей сяброўцы малпачцы, якая жыла па суседстве — праўда, не ва ўласным доміку, а ў доме свайго гаспадара, таму, зразумела, яна вельмі зайздросціла Чыце.
Ах, дзе цяпер яе амерыканская сяброўка? Што яна робіць? Можа, купаецца ў ванне? А можа, глядзіць тэлевізар?
Чыта хуценька набрала нумар яе тэлефона. Пасля некалькіх доўгіх гудкоў у трубцы пачулася:
— Алё!
Го л ас быў незнаемы, мужчынскі і не вельмі задаволены. «Цікава,— падумала Чыта,— адкуль у маім тэлефоне мог узяцца такі голас?»
Хто гэта? — спытала яна.
Крыванос, брыгадзір,— адказала трубка.
А што вы там робіце, Крыванос-брыгадзір? — пацікавілася Чыта.
Яна хацела дадаць «у кватэры маёй сяброўкі», але тут успомніла, што ў гаспадара яе суседкі быў крывы нос — можа, якраз ён падняў трубку?
— Раманаўна, вы? — насцярожылася трубка.— Прабачце, не прызнаў. Дык гэта... сяджу вось, чакаю, пакуль запчасткі падвязуць... Раманаўна,— раптам узмалілася трубка,— перадайце Платонавічу: трактары стаяць, другі дзень не могуць у поле выйсці. Абяцаў эка запчасткі!
Пачуўшы пра трактары, Малпачка так раззлавалася, што забылася пра ўсё на свеце. Злосць на тэлевізар, якая з кожным днём расла ў яе душы, нарэшце выплюхнулася наверх:
Ніякіх трактароў! Колькі можна: раніцай трактары, вечарам трактары! Адзін і той жа серыял! Не ўмееце самі рабіць, едзьце ў Мексіку, павучыцеся! Там гэтага дабра хапае!
У Мексіку? — запінаючыся, разгублена перапытала трубка.— Дык я ж... Але хто ж мяне... А, праўда, можна, Раманаўна?
Праўда, праўда. Ідзіце і пакуйце чамаданы,— загадала Чыта і адключыла радыётэлефон.
Дзіўна,— прамармытала яна,— званіла сяброўцы, а трапіла на кінастудыю.
Малпачка сабрала раскіданыя рэчы і падзякавала самой сабе за працу.
Цяпер можна і адпачыць. Малпачка пакруціла ў руках радыётэлефон. Добра было б перакінуцца з кім-небудзь словам. Але яна ведала толькі адзін нумар, на які цяпер адзываўся брыгадзір па прозвішчы Крыванос.
«Да таго ж,— падумала Малпачка,— ён ужо, відаць, вылецеў у Мексіку».
Ні ў каго з жыхароў пушчы тэлефона не было — як яны абыходзіліся без яго, Чыта нават не магла ўявіць сабе.
I тут ёй у галаву прыйшла цудоўная ідэя, якая прэтэндавала на тое, каб узрушыць увесь навуковы свет. Малпачка палезла ў куфэрак — у ім яна трымала рэчы, што трапілі да яе выпадкова і з якімі яна пакуль не ведала, што рабіць,— і дастала стары тэлефонны апарат з патрэсканай трубкай. Шмат гадоў ён спраўна служыў Малпачкінаму гаспадару, але, як вядома, некаторыя тэлефоны маюць звычку вырывацца з рук і падаць на падлогу, што ўрэшце здарылася і з гэтым апаратам, сведчаннем чаму і была патрэсканая трубка.
Гаспадар купіў новы тэлефон, а Чыта — так, на ўсялякі выпадак,— стары зацягнула да сябе ў домік і паклала ў куфэрак, дзе ўжо ляжалі шчарбатыя сподкі, кубкі, зламаныя аўтаручкі, туфель без каблука на правую нагу і шмат яшчэ чаго, на першы погляд, непатрэбнага, але, як тэты тэлефонны апарат з патрэсканай трубкай, гатовага спатрэбіцца ў любы момант.
Хутка, скліканыя Сарокай, каля доміка Чыты сабраліся жыхары пушчы.
Малпачка паказала ім тэлефонны апарат з патрэсканай трубкай і патлумачыла яго прызначэнне.
— Цяпер,— урачыста закончыла яна,— калі мне захочацца пагаварыць з кім-небудзь з вас, або каму-небудзь з вас са мной, не абавязкова трэба будзе перціся праз увесь лес, а можна проста зняць трубку і сказаць: «Алё!»
Наступіла доўгая паўза.
Нарэшце цішыню парушыў Зубр.
Я, вядома, чытаў пра такія дзіва-апараты,— разважлівым голасам сказаў ён.— Рэч вельмі цікавая і, можа, нават карысная. Але, як я зразумеў, іх у цябе ўсяго два. Адзін ты пакінеш у сябе, а ў каго будзе стаяць другі? Нас жа многа,— нагадаў ён.
О'кэй,— сказала Чыта,— я лічу, другі тэлефон павінен стаяць у самага паважанага і разумнага сярод вас...
Жыхары пушчы пераглянуліся паміж сабой.
— У Зубра,— закончыла Малпачка.
Зубр збянтэжана апусціў вочы.
А калі ты, напрыклад, захочаш пазваніць мне? — нерашуча звярнуўся да Чыты Заяц.
Тады Зубр цябе пакліча да тэлефона,— не задумваючыся, адказала Малпачка.
Ды дзе ж я знайду яго? — нахмурыўся Зубр.— Ён жа носіцца як угарэлы па пушчы! За ім не ўгонішся!
А праўда! Гэта ідэя! — усклікнула Чыта.— Тэлефон трэба паставіць у Зайца. Сярод вас ён самы хуткі.
Самы хуткі, ды не помніць нічагуткі! — закрычала Сарока.— Ён жа, пакуль знойдзе каго, забудзецца, чаго шукаў! Мне трэба паставіць тэлефон! Я ведаю ўсе навіны, і са мной будзе цікавей, чым з кім, балбатаць.
Ведаеш, ведаеш, ды больш на хаду прыдумляеш,— заўважыла Вавёрка.
А ты, а ты!..— надзьмулася Сарока.— Ты зусім... таго... калі... заўсёды...
Сціхніце! — цыкнуў Зубр.— Я думаю так: усім нам хочацца мець дома тэлефон. Але ён адзін, а нас вунь колькі.
Як дзірак у рэшаце,— буркнула Сарока.
Таму,— прадоўжыў Зубр,— мне здаецца, тэлефон трэба паставіць на паляне. Мы ўсе, апроч, вядома, Чыты, жывём недалёка ад паляны. I калі тэлефон зазвоніць, кожны з нас, калі будзе дома, зможа пачуць яго. А самае галоўнае, я думаю, тэлефон дапаможа нам часцей збірацца ўсім разам. А то жывём у адным лесе, можна сказаць, побач, а бачымся гады ў рады. Быццам нам і пагаварыць няма пра што.
Але... але калі мы будзем пастаянна сустракацца ўсе разам, кожны і без мяне будзе ведаць усе навіны,— прамармытала сабе пад нос Сарока.— Усе будуць пераказваць адзін аднаму, што калі дзе зрабілася. Для чаго ж тады я? Хто мяне тады пачастуе за навіну, калі я не першая пра яе раскажу?..
Сарока яшчэ болып надзьмулася і пачала нервова хадзіць вакол лясной кампаніі.
Пахвальна, пахвальна,— тым часам адобрыла прапанову Зубра Малпачка.
А мы зможам пазваніць у Амерыку? — з надзеяй у голасе спытаў Бусел.
А ў цябе там ёсць знаёмыя? — здзівілася Чыта.
Не,— уздыхнуў Бусел,— але я якраз і хацеў бы з кім-небудзь пазнаёміцца.
Для таго, каб каму-небудзь пазваніць, трэба ведаць нумар яго тэлефона,— сказала Чыта з выглядам знаўцы.— А ты ведаеш хоць адзін нумар тэлефона?
Не,— зноў уздыхнуў Бусел.
Пачакайце, пры чым тут Амерыка! — умяшаўся Зубр.— Хіба нам не будзе пра што паміж сабой пагаварыць?!
Правільна,— падхапіла Ліса.— Давайце ж хутчэй што-небудзь рабіць!
Чыта крыху падумала і рашуча заявіла:
— Спачатку трэба выбраць для тэлефона прыдатнае месца.
I ўсе лясныя жыхары рушылі да паляны, пра якую гаварыў Зубр.
— Так,— задаволена прамовіла Малпачка, як толькі яны апынуліся на паляне,— тут нават можна ў баскетбол гуляць! Калі-небудзь я абавязкова навучу вас гуляць у баскетбол. А вось тэлефон... Дзе мы паставім тэлефон, каб яго можна было здалёк бачыць і каб на яго выпадкова хто-небудзь не наступіў? Пры гэтых словах Малпачка пакасілася на Зубра.
На дрэве! — усклікнула Сарока.— Трэба павесіць тэлефон на дрэве! Тады на яго ніхто не наступіць.
I не дастане,— прабубніў Зубр.— Ва ўсялякім разе, што да мяне, то я яшчэ не навучыўся лазіць па дрэвах.
I я,— сказаў Заяц.
I ў мяне ад вышыні галава кружыцца,— уздыхнула Ліса.
Вось! — Малпачка паказала рукой на невысокі бярозавы пень пасярод паляны.— Вось дзе будзе стаяць тэлефон!
Яна падышла да пня і паставіла на яго тэлефон.
Ну як? — Чыта абвяла ўсіх пераможным позіркам.
Добра,— сказала Вавёрка.— I здалёк відаць, і ніхто не наступіць.
Цяпер,— заявіла Малпачка,— пойдзем назад. Ёсць адна рэч, без якой па гэтым тэлефоне размаўляць немагчыма.
I лясныя жыхары ўслед за Чытай накіраваліся ў зваротны шлях.
Малпачка зайшла ў свой домік і праз хвіліну вярнулася са скруткам тонкага дроту, які неабачліва пакінулі без нагляду рабочыя, што некалькі гадоў таму каля дома яе гаспадара пракладалі падземны кабель.
— Вось,— патлумачыла Чыта, паказваючы скрутак сябрам,— канцы дроту мы злучым з тэлефонамі, і можна будзе званіць, колькі захочацца.
Па праўдзе кажучы, Малпачка сама не зусім разумела, чаму адны тэлефоны трэба злучаць дротам, іншыя не. Праўда, некалі гэта доўга і цярпліва тлумачыў яе гаспадар свайму сыну, але адкуль той мог дацяміць, калі да Чыты — самай разумнай малпачкі ў свеце,— якая сядзела тады побач, і то нічога не дайшло.
Аднак жыхары пушчы кожнае слова Чыты прымалі на веру — у яе дасведчанасці ніхто не сумняваўся.
— А цяпер,— сказала Малпачка,— давайце расцягнем дрот ад майго дома да паляны.
Адзін канец дроту яна прывязала да ручкі дзвярэй, а скрутак працягнула Зубру.
— Пайшлі,— скамандавала Малпачка, і ўсе зноў рушылі следам за ёй.
Але яны паспелі адолець толькі крыху больш за палову шляху, як дрот скончыўся.
Та-а-ак,— пачухала за вухам Чыта,— што будзем рабіць? Дроту не хапае!
Што будзем рабіць, што будзем рабіць! — забалабоніла Сарока.— Жыць, як жылі. I без тэлефона нам хапае звона!
А можа, пашукаць карацейшы шлях? — прапанавала Малпачка.
I жыхары пушчы зноў вярнуліся да доміка Чыты. Але ў які бок яны ні ішлі, дроту ўсё роўна не хапала. Тым часам пачало змяркацца, і ўсе адчулі, як яны стаміліся.
— Я больш не магу,— заявіў Заяц.
Чыта абвяла ўсіх задумлівым позіркам і прамовіла:
А што, калі нам тэлефон паставіць бліжэй да майго дому?
Але бліжэй няма паляны,— сказаў Зубр.
I пянька,— дадала Вавёрка.
Калі тэлефон паставіць бліжэй да твайго дому, тады я са свайго дому не пачую, як ён будзе званіць,— заўважыла Ліса.
I я,— падаў голас Бусел.
Я ж кажу: нашто нам тэлефон — ад яго адзін звон,— залапатала Сарока.
А што, калі нам пашукаць дзе-небудзь кавалак дроту? — прапанаваў Зубр.
Дзе ж мы яго поначы знойдзем? — запярэчыў Заяц.— Ды я і так ледзьве ногі цягаю!
Правільна,— сказала Чыта,— дрот гэта — такая рэч, якая валяецца, дзе заўгодна. Толькі шукаць яго мы пачнём не сёння, а заўтра раніцай.
Усе падтрымалі Малпачку і разышліся па дамах. Ноч завесіла неба чорнымі дзіравымі занавескамі. Стомленыя за дзень жыхары пушчы хутчэй забраліся ў свае пасцелі, пакуль нецярплівыя сны не пайшлі да каго-небудзь іншага.
Толькі Сарока не думала класціся. А калі наступіла поўнач, паднялася з гнязда і паляцела на паляну. Сарока апусцілася на пень і, насцярожана паглядзеўшы па баках, пачала са злосцю дзяўбці тэлефон.
Невядома, ці прадугледжвалі такое абыходжанне з апаратам майстры, якія яго рабілі, але пластмаса легка вытрымлівала ўсе Сарочыны ўдары. Праўда, і Сарока аказалася не з тых, хто легка пасуе перад цяжкасцямі. Яна ўхапілася дзюбай за шнур, які злучаў трубку тэлефона са скрынкай, паднялася высока ў паветра і разявіла рот. Тэлефон паляцеў уніз і стукнуўся аб пень. Трэшчыча на трубцы зрабілася яшчэ большай. Сарока зноў апусцілася на пень, зноў узяла ў дзюбу шнур і паднялася над дрэвамі...
Раніцай Чыта яшчэ спала, калі яе сваім трэскам разбудзіла Сарока.
— Што нарабілася! Што адбывалася, пакуль нам добра спалася! — закрычала Сарока, як толькі Малпачка выйшла на ганак.— Нехта ўночы раструшчыў наш тэлефон!
Праз паўгадзіны на паляне сабраліся жыхары пушчы. Тэлефон ляжаў на пні — разбіты так, што, відаць, і самыя лепшыя майстры не ўзяліся б яго рамантаваць.
Хто-небудзь можа мне растлумачыць, чаму ён паламаны, хоць учора мы пакінулі яго цэлым? — спытала Малпачка, не адводзячы позірку ад тэлефона.
Я думаю, на яго нехта наступіў. Нехта вялікі і... і падобны на Зубра,— паспешна сказала Сарока.
Чаму на мяне? — здзівіўся Зубр.
Таму што ты адзін сярод нас вялікі.
Значыць, па-твойму, я на яго наступіў?
Хіба я гэта гаварыла? — ухмыльнулася Сарока.— Але калі б на яго наступіла я, ці Заяц, ці Вавёрка, ці Ліса, ці Бусел, або Малпачка, ён не быў бы раструшчаны.
Ды чаго ж я папёрся б сярод ночы на паляну?! — раззлаваўся Зубр.— Што ты пляцеш!
Я не пляту, я разважаю,— спакойна сказала Сарока.
А можа, ты лунацік? — звярнулася да Зубра Малпачка.
Хто? Хто? — разгубіўся Зубр.
Лунацік,— паўтарыла Чыта і патлумачыла: — Той, хто ходзіць у сне, а калі прачнецца, нічога не помніць.
Вось і не. Я заўсёды помню, куды хаджу,— запярэчыў Зубр.
Ну, табе так толькі здаецца,— уздыхнула Чыта.— Хоць якая цяпер розніца — з тэлефона ўсё роўна ўжо не пазвоніш.
Такой бяды! — затрашчала Сарока.— Вы забыліся пра мяне! Чым я горшая за ваш тэлефон? Клопату менш, і той жа звон! Хочаце каму-небудзь што-небудзь перадаць — скажыце мне. А я ўжо, не сумнявайцеся, раззваню па ўсім лесе!.