Як Заяц хацеў навучыцца чытаць

 

Аднойчы раніцай Заяц прыйшоў да Малпачкі і з парога папрасіў:

Чыта, навучы мяне чытаць!

Цябе? Чытаць? — здзівілася Малпачка.— А навошта? Можа, ты атрымаў ліст ад далёкага сваяка і хочаш ведаць, што ён піша? Думаеш, раптам сваяк адклаў для цябе круг­ленькую суму, я адгадала?

Ніякага ліста я не атрымаў,— паціснуў плячыма Заяц.

А што тады?

Я хачу навучыцца проста так, на ўсялякі выпадак. А то Зубр умее, Бусел умее, нават Вавёрка нешта пэкае пад нос, а я... Чым я горшы за яе?

Хм, пахвальна,— сказала Чыта.— Але навучыцца чы­таць вельмі няпроста. I на гэта патрэбна шмат часу.

А я сёння якраз нічым не заняты,— паведаміў Заяц.— Магу вучыцца хоць да вечара.

Хоць да вечара! — перадражніла Чыта.— Нават я вучылася чытаць два месяцы! Месяц па-англійску і месяц па-беларуску, дзякуючы майму гаспадару, які выпісваў беларускія газеты. А табе давядзецца папыхцець не менш, чым чатыры месяцы.

Чатыры месяцы! — усклікнуў Заяц.— У мяне не будзе столькі вольнага часу. Вось каб зімою, тады іншая справа. А ця­пер ніяк не атрымаецца. Спачатку трэба дасеяць агарод, пасля давядзецца яго палоць, пасля... Паслухай, а калі я буду вельмі-вельмі старацца, я здолею навучыцца чытаць за месяц?

Ніколі! — упэўнена прамовіла Чыта.

Ну... ну, а за два?

Не думаю,— ухмыльнулася Малпачка.

Няўжо так складана навучыцца чытаць?

Вядома, складана. Спачатку трэба вывучыць усе літары.

А я ўжо ведаю ўсе літары! Аднойчы Вавёрка малявала іх на пяску, і я запомніў. Толькі,— уздыхнуў Заяц,— мне ніяк не ўдаецца скласці з іх хоць адно слова.

Ты ведаеш усе літары? — здзівілася Чыта.

Ведаю,— з гонарам паўтарыў Заяц.— Я ведаю літару «а», літару «э», літару «у», літару «о»... I яшчэ некалькі, толькі я забыўся, як яны называюцца. Усяго дзесяць, не менш.

Дзесяць? Усяго дзесяць? — перапытала Чыта.— Але ж літар значна болын!

Праўда? — у голасе Зайца адчуваўся недавер.— А навошта іх так многа? Хіба дзесяці недастаткова?

Вядома, не,— сказала Чыта,— таму што розныя словы пішуцца рознымі літарамі.

А хіба нельга розныя словы пісаць аднымі і тымі літарамі? — задумліва спытаў Заяц.

Не, з адных і тых жа літар атрымліваюцца адны і тыя ж словы,— цярпліва патлумачыла Чыта.

Шкада,— уздыхнуў Заяц.— Слоў так многа! Значыць, і літар павінна быць... О, мне іх нізавошта не запомніць!

Я ж гаварыла,— хмыкнула Чыта,— навучыцца чытаць вельмі няпроста. Нават я...

А мне так хацелася навучыцца чытаць,— не слухаючы Малпачку, жаласна сказаў Заяц.— Хаця б якое-небудзь адно слова.

Ну, навучыцца чытаць адно слова не праблема,— абнадзеіла касога Чыта.— Для гэтага нават не трэба ведаць усе літары.

Праўда? — узрадаваўся Заяц.— Тады навучы мяне чы­таць якое-небудзь слова!

Малпачка падышла да стала, узяла аловак і чысты аркуш паперы, крыху падумала і напісала:

ЕАЗЦ

 

Нешта ёй у гэтым слове не спадабалася. Яна яшчэ падумала, затым закрэсліла дзве літары, а над імі напісала іншыя. Атрымалася так:

 

Цяпер, як быццам, усё было правільна, але слова не хацела чытацца так, як яно гучала, калі Малпачка клікала ім касога.

Чыта вырашыла яшчэ падумаць. Нарэшце зноў закрэсліла адну літару, а замест яе напісала іншую. Такім чынам, у яе атрымалася:

 

Ну, вось,— яна працягнула паперу Зайцу,— цяпер ты можаш запомніць, як пішацца слова «Заяц», і чытаць яго, колькі захочаш.

Заяц узяў паперу, паглядзеў на Чыціна пісанне і ўсклікнуў ці то здзіўлена, ці то захоплена:

— Якім вялікім словам я пішуся! Цэлая гара літар атры­малася!

I па дарозе дадому ён увесь час глядзеў на лісток з літарамі — яму хацелася хутчэй запомніць, як пішацца слова «Заяц».