Хм, пахвальна,— пакруціла галавой Чыта.— А яна любіць падарожнічаць? На мора альбо ў горы?
Падарожнічае ў нас Бусел,— патлумачыў Заяц.— Кожную восень ён ляціць з пушчы і вяртаецца толькі ўвесну. Калі б не ён, мы б і не ведалі, што наша пушча самая лепшая ў свеце!
Пахвальна,— сказала Чыта,— я таксама люблю доўгія вандроўкі. Толькі ў свеце зусім мала мясцін, дзе можна добра адпачыць! Дзе няма гэтых... гэтых людзей, для якіх ты ніколі не будзеш роўняй. А так хочацца нечага, нечага... Ах, нечага незвычайнага! Хочацца трапіць на які-небудзь бязлюдны востраў, дзе было б усё: рэкі, горы, джунглі, гарады, машыны... Хоць ты наўрад ці гэта зразумееш.
Заяц цяжка ўздыхнуў і не стаў пярэчыць. Вядома, адкуль ён мог зразумець, раз ніколі не паказваў вушэй далей сваей пушчы!
Ну, а тэты... як ты яго назваў? Бусел? Ён разбіраецца ў модзе? — спытала Чыта.— Ён ведае, якія акуляры ці капялюшыкі гэтай вясной носяць у Парыжы?
Капялюшыкі? У Пар... У Парыжы? Думаю, не вельмі,— крыху разгублена адказаў Заяц.— Ён і боты заўсёды адны і тыя носіць — чырвоныя. Вось Ліса — тая ведае. Яна кожны дзень, перад тым як выйсці з хаты, дзесяць бантоў перамерае. На любую пагоду ў яе свой бант.
Пахвальна,— сказала Чыта.— Такая пераборлівая паненка павінна мець галаву на плячах. Прызнайся, яна сярод вас самая разумная і вы ўсе ходзіце да яе раіцца?
Не,— пачухаў патыліцу Заяц,— калі што якое, мы ідзём да Зубра. Ён хоць нідзе не бывае і за модай не гоніцца, але і слабейшага ў крыўду не дасць, і кепскага ніколі не параіць.
Та-а-ак,— задумліва працяТнула Чыта,— і за модай не гоніцца, і нідзе не бывае. О'кэй. Адным словам, прыстойная кампанія на дарозе не валяецца.
Вядома,— падхапіў Заяц.— Вось я, калі захачу паваляцца, шукаю, дзе памякчэй,— мох альбо густую траву. А на дарозе ці ў полі хвіліну паляжыш — потым гадзіну адмывацца будзеш.
Пахвальна,— уздыхнула Чыта І, думаючы пра нешта свае, паўтарыла яшчэ некалькі разоў: — Пахвальна, пахвальна...
ЯК СУДЗІЛІ ЗАЙЦА
Чыце надакучыла глядзець тэлевізар. Усё, што Малпачка зразумела дзякуючы яму,— у краіне, куды яна трапіла, вельмі любяць назіраць, як трактары сюды-туды ездзяць па палях. Інакш навошта іх штодзень паказваць па тэлевізары?
Раптам Чыта пачула за акном трэск і аж падскочыла — можна было падумаць, што трактары ўжо дабраліся і да яе доміка.
Яна выскачыла на ганак, але замест трактароў убачыла Сароку, якая сядзела на сасне і трашчала так, быццам перакрыквалася з некім на другім краі пушчы.
Чыта счакала, пакуль Сарока замоўкне, і сказала з непрыхаванай іроніяй у голасе:
Яшчэ хвіліна, і я аглухла б ад тваёй траскатні і не даведалася, з-за чаго ты падняла такі гвалт.
Ты не паверыш! — Сарока зляцела з сасны на ганак.— Ты не паверыш! Заяц ішоў па лесе,— яна расказвала і пры гэтым траслася ад смеху,— і, як заўсёды, грыз вялую морквіну. Вечна галодны! Галодны і ні на што не годны, кхі-хі-хі! А калі ён што-небудзь грызе, то нічога і нікога не бачыць. А Вавёрка, кхі-хі-хі! Вавёрка на сасне перабірала леташнія шышкі. Хоць якія там шышкі — адны пустышкі! Адна шышка ўпала і...
Стукнула Зайцу па галаве,— хіхікнула Чыта.
Як, ты ўжо ведаеш гэтую гісторыю? — здзівілася Сарока.
Не,— хмыкнула Чыта,— але, каб шышка праляцела міма, ты цяпер не трашчала б на ўвесь лес.
Але ж ты не ведаеш, што было далей! — усклікнула Сарока і зноў стала душыцца смехам.
Бедны Заяц ад страху страціў прытомнасць альбо падавіўся вялай морквінай,— выказала здагадку Чыта.
Не,— пакруціла галавой Сарока.— З перапуду ён кінуўся наўцёкі і наскочыў на Лісу. Тая таксама падумала немаведама што і шуснула проста ў хмызняк. Быў у Лісы капялюш — ці то брат падарыў, ці то муж. А стала анучка з дзіркаю.
I што далей? — нецярпліва спытала Чыта.
А што далей? — не зразумела Сарока.— Нічога далей.
Як? Хіба Ліса не збіраецца судзіцца з Зайцам?
Судзіцца? Яна што, з глузду з'ехала? Пры сустрэчы дасць касому ў карак, вось і ўвесь суд!
Задавальнення на адну хвіліну,— чмыхнула Чыта. З гэтага здарэння можна мець большую выгоду. Бачыў хто-небудзь, як усё было?
Усе бачылі — і я, і Бусел, і Зубр.
Кліч усіх сюды! — загадала Чыта.— Вінаватых, пацярпелых, сведкаў — усіх сюды. Я навучу вас, як трэба судзіцца.
Праз паўгадзіны каля доміка Чыты сабраліся жыхары пушчы. Апошнім прыйшоў Зубр. Ён усеўся крыху наводдаль і, паправіўшы акуляры, разгарнуў газету, абыякавы да ўсяго, што ад бывалася навокал.
— Ну, што ж,— урачыста прамовіла Чыта,— усе сабраліся. Можна пачынаць пасяджэнне суда. Пацярпелая,— звярнулася яна да Лісы,— раскажыце, як усё было.
Ліса дастала з сумачкі люстэрка і памаду, акуратна падмалявала вусны і нарэшце сказала:
— Ах, у нашай пушчы стала зусім немагчыма жыць. Да чаго дайшло: зайцы з ног збіваюць! Хутка зусім на галаву сядуць! Вось, палюбуйцеся!
Яна дастала з сумачкі парваны капялюшык і паказала прысутным.
Я яго не рваў! — абурыўся Заяц.
Калі Заяц наскочыў на мяне,— патлумачыла Ліса,— я, вядома, спалохалася, бо не разгледзела яго, і кінулася ў хмызняк. Мой капялюшык зачапіўся за сухую галінку — і вось...
Ліса зноў прадэманстравала прысутным парваны капялюшык.
— Сведкі, вы пацвярджаеце, што ўсё так і было? — звярнулася Чыта да Сарокі, Бусла і Зубра.
Пацвярджаем, пацвярджаем, усё бачылі, усё знаем,— за ўсіх адказала Сарока. Бусел кіўнуў галавой, а Зубр нават не адарваўся ад газеты.
О'кэй, суду ўсё зразумела,— заявіла Чыта.— Заяц павінен заплаціць Лісе за капялюшык. Заплаціць... заплаціць... Дай сюды яго,— загадала яна Лісе.— Я хачу вызначыць, колькі ён можа каштаваць.
Узяўшы капялюшык, Чыта пакруціла яго ў руках і прамармытала пад нос:
Так, халтурная работка. Парыжам тут і не пахне. Я такі нават поначы, калі ніхто не бачыць, не стала б насіць. Я думаю,— звярнулася яна да прысутных,— цана гэтаму капялюшыку пяць долараў, якія Заяц і павінен аддаць Лісе.
У мяне няма ніякіх долараў,— запінаючыся, прабубніў Заяц.— Я нават не ведаю, што гэта такое. Можа, яны растуць немаведама дзе. А калі яшчэ і на дрэве, то...
Долары — гэта грошы,— перабіла Зайца Чыта.— I я магу табе іх пазычыць. Пасля вернеш.
Як жа я іх вярну, калі мушу аддаць Лісе? — падумаўшы, спытаў Заяц.
Гэта я бяру на сябе,— паабяцала Малпачка і патлумачыла: — Ліса таксама не святая. Сёння ты перад ёй правініўся, заутра яна перад табой. Вы ж суседзі, а паміж суседзямі чаго не бывае. Вось мы тады і асудзім яе на пяць долараў. Яна аддасць іх табе, а ты вернеш мне!
Чыта збегала ў свой домік і вярнулася з пяцідоларавай паперкай.
— На,— працягнула Зайцу,— і аддай Лісе.
Ліса доўга разглядала паперку.
А што мне з ёю рабіць? — нарэшце спытала яна ў Малпачка
Як што? За такія грошы ты можаш купіць новы капялюшык.
Які ж дурань аддасць мне за паперку новы капялюшык? — з сумненнем прамовіла Ліса.
Цямрэча! — пакруціла галавой Чыта.— Вось трапіш у Амерыку, там без такіх паперак і кроку не зробіш!
Ліса недаверліва пакасілася на Чыту і ўсё ж схавала грошы ў су мачку.
А цяпер,— задаволена сказала Малпачка,— паслухаем пацярпелага Зайца, на якога звалілася Вавёрчына шышка.
Ну... ну...— пачаў Заяц, але ніяк не мог знайсці патрэбныя словы.— Ну...
Што ты ўсё «нукаеш»! — з'едліва сказала Чыта.— Шышка на цябе падала?
Падала,— нясмела адказаў Заяц.
А што скажуць сведкі? — паглядзела Чыта на Сароку, Бусла і Зубра.
Усё так і было, так і было,— зноў усіх апярэдзіла Сарока.— Зайца як ветрам змяло!
О'кэй, а што скажа Вавёрка ў свае апраўданне? — пацікавілася Чыта.
Я расклала шышкі на парозе,— пачала тлумачыць Вавёрка,— а тут падняўся вецер. Дрэва захісталася, і адна шышка упала на зямлю... Я хацела сказаць, «на Зайца»,— тут жа паправіла сябе Вавёрка і дадала: — Гэта праўда.
Праўда, праўда! — насмешліва пацвердзіла Сарока.— Яна ніколі не махлюе — дзе трэба і дзе не трэба! Такая ўрадзілася.
Атрымліваецца, усяму прычынай быў вецер,— пасля кароткай паўзы прамовіла Чыта.— Але вецер можа дзьмуць, калі яму ўздумаецца. Яму нельга забараніць сціхнуць. Значыць... Значыць, вінаваты Заяц!
Заяц? Як Заяц? Чаму Заяц? — затрашчала Сарока.
Хіба можна быць вінаватым у тым, што на цябе падаюць шышкі? — заступіўся за касога Бусел.
Нават Зубр адарваўся ад газеты і пакруціў галавой:
Ну, гэта ўжо занадта!
Ціха! Ціха! — узняла рукі Малпачка. Яна дачакалася, пакуль усе супакояцца, і прадоўжыла: — О'кэй. Па-вашаму, атрымліваецца, калі, напрыклад, Зубр зачэпіцца за які корч і ўпадзе, вінаватым будзе хто заўгодна, толькі не ён сам? Ці, можа, калі Вавёрка намокне пад дажджом, бо не захоча хавацца ў дупле, вінаватым будзе дождж, а не Вавёрка? Ну і парадачкі ў вас!
Я, вядома, чуў, быццам амерыканскія законы вельмі добрыя, але караць Зайца за тое, што на яго упала шышка... Гэта, па-мойму, несправядліва,— задумліва заўважыў Бусел.
А хто сказаў, што яго трэба караць? — спытала Чыта.— Я хіба гаварыла, што яго трэба караць? Ён сам сябе пакараў, калі шышка... Куды табе трапіла шышка? — звярнулася яна да Зайца.
У галаву,— буркнуў той.
Калі яна бацнула яму па галаве і, можа, нават набіла шышку... Хм, пахвальна: шышка набіла шышку — цікава атрымліваецца. Ну, вось,— прадоўжыла яна пасля паузы,— кожны атрымаў па справядлівасці. Значыць, на гэтым суд можна завяршыць.
Жыхары пушчы пачалі разыходзіцца. Ліса падышла да Зайца, яе прыжмураныя вочы блішчэлі ад злосці.
— Можа, паперка, якую ты мне даў, і добрая плата за капялюшык,— сказала Ліса,— але я не задаволюся, пакуль не трэсну табе па карку.
I не чакаючы, пакуль Заяц скеміць, як ратавацца, стукнула яго так, што касы аж перакуліўся.
— Стойце! — закрычала Чыта.— Усе вярніцеся на свае месцы! Толькі што на вашых вачах Ліса пакрыўдзіла Зайца. Яна павінна быць пакарана, і не менш, чым на пяць долараў. Пасяджэнне суда працягваецца!
Ліса палезла ў сумачку і дастала пяцідоларавую купюру. Па яе вачах было відаць, што ёй не вельмі шкада развітвацца з гэтай паперкай і што яна зусім не раскайваецца за свой учынак.