Прыстойная кампанія
Алесь БАДАК
ПРА МАЛПАЧКУ ЧЫТУ І ЯЕ СЯБРОЎ
ЯК МАЛПАЧКА СТАЛА ПАДАРУНКАМ, I ШТО З ГЭТАГА АТРЫМАЛАСЯ
Гэта быў самы звычайны дзень, падобны на ўсе іншыя нічым не прыкметныя дні, у якія зусім не верыцца ў што-небудзь неверагоднае. Адным словам, такі ж звычайны, як і сённяшні. Паглядзі ў акно: хіба за ім не ўсё тое, абыклае, што ты бачыў ужо тысячу разоў? Тыя ж дамы, дрэвы, дарога... Нават верабей на галінцы клёна - ну, прыгледзься, гэта ж той самы верабей, які прылятае сюды кожны божы дзень.
Праўда, тады была сярэдзіна красавіка, якраз пятнаццатае чысло, а сонца толькі-толькі расчухвалася за даляглядам, незадаволенае, што трэба ўставаць на некалькі хвілін раней, чым учора. Але што ў гэтым незвычайнага, такога, каб можна было падумаць: ах, ну і дзянёк, пэўна, сёння здарыцца нешта неверагоднае!
Ніхто так не падумаў. Нават той, хто бачыў, як польска-беларускую мяжу пераехаў легкавы аўтамабіль з амерыканскімі нумарамі і тут жа спыніўся. 3 яго выйшаў высокі пан гадоў сямідзесяці і ўсклікнуў: «Ах, зямля маіх продкаў!» I нават праслязіўся. Затым зноў сеў за руль і паехаў далей, паўтараючы: «Ах! Ох!» Праўда, невядома, на гэты раз прычынай яго «ахаў» і «охаў» былі беларускія краявіды ці калдобіны прасёлачнай дарогі, на якую пан неўзабаве звярнуў.
I ўсё ж, менавіта ў той дзень, дакладней, у тую раніцу пятнаццатага красавіка, адбылося адно неверагоднае здарэнне. Хочаце ведаць якое? Тады паспяшаемся за амерыканцам — яго машына яшчэ не прызвычаілася да беларускіх дарог і спуджана тармазіла перад кожнай калдобінай, як перад прорвай.
Але, па праўдзе кажучы, не машына павінна нас цікавіць, а тое, што хвастом цягнулася за ёю, пагрукваючы, падскокваючы і правальваючыся ў ямкі, якія, вядома ж, ніхто знарок тут не выкопваў — а раз іх ніхто не выкопваў, то іх не было каму і засыпаць.
Хвастом на самай справе быў прычэп, дакладней, невялікі драўляны домік на чатырох колах — з вокнамі, дзвярыма і нават трубой на даху. Усярэдзіне доміка мелася ўсё неабходнае для пражывання ў ім: стол, крэсла, канала, печка, халадзільнік, шафа, тэлевізар — і гэта, калі не лічыць усялякіх прыемных, а часам і вельмі неабходных дробязей. Па дакументах домік належаў амерыканскаму пану, але жыла ў ім і карысталася ўсімі яго выгодамі Малпачка па імені Чыта. Гэта была маладая мартышка з рудой шавялюрай і доўгім хвастом.
У тую раніцу пятнаццатага красавіка Чыта прачнулася ад таго, што канапа, на якой яна спала, ні з таго ні з сяго вырашыла яе скінуць. Яна нахілялася то ў адзін бок, то ў другі, то раптам падкідала Малпачку ўгору.
Чыта прадзерла вочы і не адразу зразумела, што гэта не канапа яе ўзбунтавалася — проста домік усё яшчэ некуды ехаў, як і тады, калі яна клалася спаць.
Чыта супакоілася — яна любіла падарожжы. Малпачка датэпала да халадзільніка, дастала банан, вярнулася на канапу і пачала марыць, куды б ёй хацелася трапіць на гэты раз. На бераг мора? Ах, не! Там так шумна, і ні адной малпы, адны людзі, няма з кім словам перакінуцца. У горы? Хопіць, была ўжо аднойчы і ледзь не прастудзілася. Вось каб у якія-небудзь джунглі. Там і дрэваў шмат, і ёсць з кім пагаварыць.
Малпачка і не падазравала, што паўгода таму яе гаспадар атрымаў ліст з Беларусі ад свайго траюраднага брата, пра якога ведаў толькі з бацькавых слоў. I вось цяпер ён ехаў па зямлі сваіх продкаў, расчулены да слёз, ехаў у госці да траюраднага брата і вёз у падарунак... яе, Малпачку Чыту, разам з домікам на чатырох колах і ўсімі яго выгодамі. Сцены і дах доміка нехта размаляваў, не шкадуючы фарбаў. Атрымалася дзіўная карціна: проста на вершалінах зялёных пальмаў стаялі вялізныя сподкі з рознымі фруктамі — бананамі, апельсінамі, абрыкосамі. Над імі плылі воблакі мудрагелістай формы. Зрэшты, калі прыгледзецца, усе яны крыху нагадвалі маленькіх малпачкаў.
Спачатку машына трэслася між палёў, пасля нырнула ў лес — гэта пачыналася Белавежская пушча.
Чыта паспела з'есці тры бананы (як вядома, лепш за ўсё марыцца, калі ясі бананы ці яшчэ якую-небудзь смакату) і сабралася ісці па чацвёрты, але тут домік страсянуўся так, што ў вокнах зазвінелі шыбы, і спыніўся.
Чыта падышла да акна і адхінула фіранкі. За акном раслі дрэвы, на якіх пачалі прабівацца маладыя лісточкі. Дрэў было многа. Цэлы лес.
«Ага, мы ўсё ж прыехалі ў джунглі! — падумала Чыта.— Пахвальна, пахвальна».
Зразумела, цяпер ёй было не да бананаў. Бананамі абарыгенаў не здзівіш. А Чыце вельмі хацелася паказаць мясцовым малпам (а заадно і ўсім астатнім лясным жыхарам), што яна не раўня ім — жыве ў вялікім горадзе, у сваім доме, глядзіць тэлевізар, аб'ездзіла ўвесь свет, а тут — праездам.
Чыта палезла ў шафу і дастала цёмныя акуляры. З хвіліну пакрасавалася перад люстэркам, што вісела на сцяне, пасля чаго важна сышла па прыступках маленькага ганка.
Спачатку ёй падалося, што праз акуляры чамусьці відаць не ўсё, што павінна быць бачна. Чыта хуценька зняла іх, але і без акуляраў не ўбачыла машыны свайго гаспадара. Машына як скрозь зямлю правалілася!
Чыта села на ганачак і стала чакаць: можа, яна хутка вернецца? Можа, яна шукае, дзе развярнуцца? Але час ішоў, сонца падымалася ўсё вышэй і вышэй, а машына не з'яўлялася.
А пасля Чыта захацела есці. Яна рашыла, што ўсё роўна дзе чакаць: у доміку ці на ганку, і паднялася ў домік. Калі сонца схавалася за дрэвамі і ў лесе пачало шарэць, Чыта зразумела: машына ўжо не вернецца. Раз яе, Малпачку, не кінуліся шукаць сярод дня, то ў прыцемках і пагатоў не кінуцца.
«Я ведала, гэта павінна было некалі здарыцца,— падумала Чыта.— Мой гаспадар ужо ў такім узросце, што яго самога пара вазіць у прычэпе, не дзіва, калі ён забыўся пра мяне».
Іншыя на яе месцы, магчыма, засмуціліся б, толькі не Чыта. Галоўнае — дом, а ён на месцы, нікуды не знік. Адно што спыніўся пасярод дарогі — ні прайсці ні праехаць.
Малпачка саскочыла з ганка, з усяе моцы ўперлася ў вугал доміка, і домік — балазе было з горкі — пакаціўся. Спачатку павольна, затым усё хутчэй і хутчэй. Наскочыўшы колам на камень, домік рэзка павярнуў убок, з дарогі, Чыта ўжо не піхала яго, а сама ледзь паспявала за ім.
Пэўна, не размінуўся б домік з якім-небудзь дрэвам, каб не сустрэўся на яго шляху малады арэшнік. З кустоў ён выехаў прыструнены і, быццам для прыліку, пракаціўшыся некалькі метраў, спыніўся акурат перад высокай старой сасной.
Так Малпачка Чыта пачала жыць у Белавежскай пушчы.
ПРЫСТОЙНАЯ КАМПАНІЯ
Чыта паправіла цёмныя акуляры і выйшла з доміка. Раз ужо яна трапіла сюды, трэба паглядзець, што гэта за лес і ці знойдзецца тут для яе прыстойная кампанія. Аднойчы яна чула, як гаспадар выгаворваў свайму сыну: «I што ў цябе за галава такая! Табе чатырнаццаць гадоў, а ў ёй розуму менш, чым у галаве нашай Малпачкі. Няўжо ты не можаш знайсці сабе прыстойную кампанію? Не раўняйся на таго, у каго няма чаму павучыцца».
З падслуханай размовы Чыта зрабіла для сябе дзве высновы. Першая: яна разумнейшая за сына гаспадара, хоць ён вучыцца ў школе, а яна не. Другая: прыстойная кампанія на дарозе не валяецца. Дый на каго Чыце раўняцца, калі яна пераканана, што ўсе павінны раўняцца на яе? А чаму б і не! Яна праз дзень сама засцілае свой ложак — раз! Ведае столькі літар, што можа прачытаць амаль што любое слова — два! Раз у тыдзень сама, без прымусу, чысціць зубы — тры!.. Адным словам, калі б прэзідэнтам Амерыкі можна было выбіраць мартышку — Чыта была б першай канкурэнткай. А можа, нават і адзінай.
Малпачка адышлася недалёка ад свайго доміка і агледзелася. Папраўдзе, яна думала, джунглі — гэта такія зараснікі, што калі залезеш на дрэва, то за лісцем не ўбачыш травы, а калі злезеш на зямлю, за лісцем не ўбачыш неба. Але навокал быў такі прастор, хоць у баскетбол гуляй (пра баскетбол Чыта падумала невыпадкова — яна страх як любіла глядзець гэтую гульню па тэлевізары).
— Ну, што ж,— уголас прамовіла Малпачка,— з двух адно: або гэта не джунглі, або джунглі бываюць не толькі такія, як паказваюць па тэлевізары.
I тут яна ўбачыла Зайца. Ён ішоў проста на яе і з такім
смакам грыз вялую морквіну, што нічога не бачыў перад
сабою. т
Чыта паправіла акуляры і, заклаўшы рукі за спіну (так у тэлевізары часта рабілі босы, калі размаўлялі са сваімі падначаленымі), спытала:
— Скажыце, вы адсюль будзеце?
Ад нечаканасці Заяц аж падскочыў і спалохана ўтаропіўся на Чыту.
М-м-м... ага,— кіўнуў ён.
О'кэй. Мяне завуць Чыта,— прадставілася Малпачка.—
Я падарожнічаю па свеце і выпадкова апынулася ў вашых краях. Скажыце, гэта джунглі?
Заяц доўга спрабаваў зразумець, што ад яго хочуць, і нарэшце адказаў наўздагад:
Не, гэта дрэвы.
Няўжо? — чмыхнула Чыта.— А я думала, тут пні такія высокія. Не,— зазначыла яна,— прыстойная кампанія, і праўда, на дарозе не валяецца.
Тым часам Заяц зусім ачомаўся і з цікавасцю разглядаў госцю.
А ты, відаць, і праўда, здалёк ідзеш,— нарэшце сказаў ён.
«Ты»! Падумаць толькі, якая фамільярнасць! — буркнула Чыта, абураная тым, што даўгавухі не бачыць у ёй свецкую паненку. А яна яшчэ звярталася да яго на «вы»!
I як ты ўцяміў, што я здалёк іду? — ганарыста спытала яна.— Напэўна, у мяне выгляд не якой-небудзь правінцыялкі, а сталічнай асобы?
Проста сярод нас няма нікога... з такім хвастом... і носам, як у цябе,— прызнаўся Заяц.
Ты хочаш сказаць, што тут не жывуць малпы? — насцярожылася Чыта.— А хто ж тады тут жыве?
Ну, Вавёрка, Бусел, Сарока, Воўк, Зубр, Ліса...
I ні адной малпы?! — прастагнала Чыта.— Няўжо я тут не знайду сабе прыстойную кампанію?
Чаму не знойдзеш? — здзівіўся Заяц.— Хоць бы Вавёрка — хіба кепская кампанія?
I чым жа яна такая адметная? — недаверліва спытала Чыта.
О, Вавёрка спрытна лазіць па дрэвах і ўмее скакаць з ад наго дрэва на другое! — з зайздрасцю прамовіў Заяц.
Ну, гэтага мала, каб я пасябравала з ёю,— напышліва сказала Чыта.— Вось калі яна цікавіцца тым, што робіцца ў свеце, калі з ёй можна абмеркаваць апошнія навіны...
Усе навіны нам прыносіць Сарока. Яна ведае, дзе, калі, з кім і што здарылася. I нават часам тое, што яшчэ павінна здарыцца.