З маёй мамай вы знаёмы? Не? Шкада, сябры, што не. Калі мама мая дома, То заўсёды добра мне. З мамай кніжка цікавей, З мамай я заўжды смялей. З мамай сонейка святлей, Нават плакаць весялей.

Пра маці можна гаварыць бясконца…

Колькі самых розных прафесій у свеце! Тысячы! Але сярод іх можна вылучыць самую складаную, самую галоўную. І гэта зусім не цяжка. Паспрабуйце адгадаць верш-загадку Міколы Хведаровіча:

Свеціць, як сонца,
Ад самай калыскі
Вобраз любімы,
Родны і блізкі.

Ну, канешне, гэта маці. Мамачка, матуля, матулька, матулечка, мамуся, мамусечка… Колькі ласкавых форм можна ўтварыць ад гэтага простага і найдаражэйшага слова – МАМА! Рыгор Барадулін скажа:”І калі б запыталі мяне:”- А што ты з жыцця свайго, з усяго запомніў?” Адказаў бы я словам, сплеценым з промняў, словам – рэхам самое самоты МАМА”.

На мой погляд, быць мамай – гэта і ёсць самая складаная прафесія, бо яна сумяшчае дзесяткі іншых. Па-першае, маці – гэта настаўнік. Яна навучыла нас хадзіць, разумець, марыць, любіць і кахаць, адкрыла перад намі прыгажосць жыцця. Яна сапраўдны філосаф. Толькі маці зможа адказаць на ўсе “чаму?” маленькага дзіцяці. Чаму снег белы? Чаму сабака пабег за вугал? Чаму нельга смактаць лядзяш? Чаму… Чаму так, а не інакш? Ніводны мудрэц не здольны адказаць на гэтыя пытанні, а вось маці зможа! Дарэчы, толькі маці разумее цікавую “дзіцячую” мову. І для мяне пакуль што застаецца загадкай, як маці ведае, што “бубу” – гэта сабака, “бібі” – машына, “нямка” – мячык, “лёлька” – лыжка? Аднойчы ехала аўтобусам. Побач са мной сядзела жанчына з маленькім дзіцём. Хлопчык коўзаўся, махаў ручкамі і мармытаў: “Бібі, бобо бібі… Дай, дай!”

- Так, машына вялікая, - адказала яму маці.

- Вы разумееце, што ён кажа? – здзіўлена запытала я.

- А то! – засмяялася жанчына. – Прыйдзецца разумець. Тым больш маё дзіця ведае, як патрабаваць разумення.

- Ой, а як, а то… – пачала гаварыць я. Але мяне лёгка перакрычала незадаволенае дзіця.

- Вось так! – усміхнулася жанчына і пачала супакойваць хлопчыка.

Такое ж гарэзлівае дзіця ўсміхаецца мне ў вершы Ніны Галіноўскай:

З маёй мамай вы знаёмы?
Не?
Шкада, сябры, што не.
Калі мама мая дома,
То заўсёды добра мне.
З мамай кніжка цікавей,
З мамай я заўжды смялей.
З мамай сонейка святлей,
Нават плакаць весялей.

Маці - найлепшы ў свеце казачнік. Ніводны чалавек не ведае столькі цудоўных гісторый! Маці – чароўная спявачка. Яе песенькі незвычайныя. Яны могуць супакоіць нават самае гарэзлівае дзіця.

Маці – гэта найлепшы доктар. Але яна лечыць не таблеткамі і мікстурамі. Маці дастаткова ўзяць дзіця на рукі, прылашчыць, пацалаваць, падзьмуць на ранку, і спыняецца любы, нават самы моцны боль. Матчыны лекі – гэта любоў і пяшчота.

Маці - гэта яшчэ і цудоўны кулінар. Смак прыгатаваных ёю страў помніцца заўжды. У гасцях хто ж не казаў: “ Смачна, смачна, аля вось мая маці…” Дарэчы, толькі маці можа прымусіць з’есці гэтую нясмачную кашу, бо ў яе руках лыжка ператвараецца ў самалёцік або грузавую машыну. Сам не заўважыш, як апусцее талерка!

Прафесія маці патрабуе добрага валодання інжынернай справай. Толькі маці зможа нанова сабраць ляльку з розных ручак-ножак, раскіданых па ўсёй кватэры!

Маці – чароўная швачка! Уж яна-то ведае, як схаваць дзірку на самым бачным месцы, зробленую ў амаль што новым адзенні.

Маці – і скульптар, і мастак! Толькі яна дапаможа вылепіць чалавечка з пластыліну, намаляваць сонейка.

Маці – гэта тонкі псіхолаг. Ну адкажыце, хто, як не маці, можа пераканаць дзіця, што вось гэтая цацка з шапіка, на якую яно тыкае пальчыкам і збіраецца заплакаць, зусім яму не патрэбна…

Мама… Вось як цяжка быць ёй… І хай мне прабачаць не менш цудоўныя таты, якія могуць упэўнена сцвярджаць, што няньчыцца – лёгкая справа. Пакіньце іх на час з дзіцём… І ўжо праз гадзіну стомлены ад крыку і вечных патрабаванняў тата будзе чакаць, чакаць “нашу маму”.

Як нельга растлумачыць усё тое, што абуджае ў сэрцы слова МАМА, так нельга дасканала апісаць самае моцнае пачуццё на зямлі – матчыну любоў. Здаецца, яна закладзена самой прыродай і ідзе з глыбінь жаночага сэрца.

Ёсць матчына любоў.

Яе не зблытай

З ніякай, бо няма нідзе такой –

Пяшчотнай, бескарыслівай, адкрытай.

Шчаслівы ты, пакуль яна з табой, -

сцвярджае нам Юрась Свірка, і я згодна з ім, як, напэўна, і кожнае дзіця. Матчына любоў моцна знітавана з пачуццём адказнасці за сваіх дзяцей, за іх лёс. Яна пачатак усяго і ўсяму… Матчына ахвяраванне… Адкуль яно бярэцца? Нідзе мы не знойдзем такога чалавека, які атуліць цяплом, калі холадна, аддасць апошняе, калі голадна, закрые грудзьмі, калі спасцігла смяротная небяспека. І , кажучы словамі Барадуліна, “ так ужо наканавана небам: маці дзеліцца з дзецьмі душою сваёй, як хлебам”.

Гасподняй рукой

З невычэрпнай сяўні

Пасеянае ў бясконцасць зярняце

Прарастае,

Каб ясніць святло дабрыні,

Суперніца смерці –

Маці.

Усім нам дадзена Евангелле ад Бога, напісанае святымі апосталамі, а кожнаму з нас – яшчэ і Евангелле ад Мамы. Менавіта такой філасофскай назвай аднаго з апошніх сваіх зборнікаў Рыгор Барадулін сцвярджае ісціну, што загады Божыя пішуцца ў сэрцы кожнага. І пішуцца Мамай…

Шэсцем да несмяротнасці з’яўляецца пакутніцкі шлях на Галгофу брылёўскай гераіні з апавядання “Маці”. Подзвіг маці стане і дакорам, і напамінам пра тое, што ёсць святыя, якія ўзыходзяць на Галгофу, каб уратаваць свет. Пісьменнік верыць, што гэты подзвіг маці “ўспамінаць будуць нават дужыя людзі, выганяючы з душы апошні страх” перад змаганнем са злом.

Але будзем памятаць, што маці, у першую чаргу, - гэта нястомная працаўніца і ахоўніца сямейнага ладу. Менавіта такой паказаў Ганну Якуб Колас у паэме “Новая зямля”. Меня ўражвае тактоўнасць гэтай звычайнай сялянкі, багацце яе душы. Я разам з героямі твора пачынаю разумець, што ад маці залежыць духоўнасць усёй сям’і: цеплыня, шчырасць і лад – усё ад яе і праз яе…

Не, замены матчынай любові няма і быць не можа. Быць мамай – гэта сапраўднае майстэрства. Першае і галоўнае прызначэнне жанчыны – быць маці. І калі ўпершыню чуецца крык дзіцяці і доктар кажа: “Дзяўчынка!” – ведайце: адбылося незвычайнае, цуд – нараджэнне жанчыны, прадаўжальніцы роду чалавечага. Спыніцеся ў штодзённым сутонні. І вы лёгка самі заўважыце тое, што адлюстраваў у сваім вершы С. Грахоўскі:

І ў буднія дні і на свяце,

Адна і ў натоўпе людзей

Дзіця маладзенькая маці

Да стомленых туліць грудзей…

Цішком усміхаецца маці,

І туліць, і песціць дзіця,

Каб толькі ніколі не страціць

Працяг і надзею жыцця.