Тураўскі археолага-архітэктурны ансамбль: гарадзішча, царква, вежа, крыжы, краязнаўчы музей.

Дайце каро т кую гістарычную даведку аб старажытным Тураве. Назавіце археолагаў, якія працавалі на раскопках саражытнага Турава. Ахарактарызаваць асноўныя аб’екты Тураўскага археолага-архітэктурнага ансамбля.

Тураў упершыню ўпамінаецца ў “Аповесці мінулых гадоў” пад 980 г. Тураў – адзіны горад Х ст. на тэрыторыі рассялення дрыгавічоў. У канцы 1-га тыс. стаў палітычным, эканамічным і культурным цэнтрам Тураўскага княства. Першы летапісны князь – Тур. Меў шырокія гандлёвыя сувязі з Кіевам, Паўночным Прычарнамор’ем, Бліжнім Усходам, Прыбалтыкай і іншымі землямі. У к. Х – пач. ХІ ст.ст. у Тураве ўзнікла праваслаўная епархія – другая па старажытнасці на тэрыторыі Беларусі. Тут было створана Тураўскае евангелле – старажытнарускі рукапісны помнік ХІ ст. Гэта самая ранняя (з тых, што захаваліся) кніга, створаная на беларускіх землях. У Тураве жыў і працаваў выдатны дзеяч усходне-славянскай культуры Кірыла Тураўскі.

Старажытны Тураў даследавалі шматлікія археалагічныя экспедыцыі:

1889 - У.Завітневіч абследаваў гарадзішча;

1927 - А.Каваленя і С.Шутаў заклалі шурф і знайшлі кераміку, ювелірныя вырабы і інш.;

1961 - В.Сядоў кіраваў раскопкамі (экспедыцыя Інстытута арх. Акадэміі навук СССР);

1962-63, 1968, 1992-93, 2005 – П. Лысенка – на чале экспедыцыі Ін-та гісторыі Акадэміі навук БССР.

Тураўскі археолага-архітэктурны ансамбль: гарадзішча, царква, вежа, крыжы, краязнаўчы музей.

Гарадзішча старажытнага Турава ўключала дзядзінец і вакольны горад. Яны былі размежаваны валам. Дзядзінец размешчаны на паўн.-зах. ускраіне гарадскога пасёлка, на мысе, утвораным прытокамі Прыпяці і балоцістай нізінай р. Язда. Пляцоўка вышынёй 5-6 м мае трохвугольную форму. Абарончая сістэма горада ўдала спалучала прыродныя перашкоды і штучныя збудаванні (роў, запоўнены вадой, земляны вал). Культурны пласт Турава – да 4 м. Выяўлена падчас раскопак 35 пабудоў, з іх 24 жылыя. Усе яны наземныя, зрубнай канструкцыі, маюцца рэшткі 10 печаў. На дзядзінцы знойдзена вялікая колькасць рэчаў матэрыяльнай культуры. Сярод знаходак - інструменты і прылады працы, зброя, кераміка, ювелірныя вырабы, вырабы з косці, прадметы рэлігійнага культу. Унікальнымі з’яўляюцца 4 свінцовыя абразкі з выявамі Багародзіцы, прападобнай Ефрасінні (?), свяціцеля К. Тураўскага (?).

Тураўская царква – пабудавана ў 12 ст. на гарадзішчы Турава. Разбурылася яшчэ ў старажытнасці ў выніку дэфармацыі і значнага нахілу сцен ( паўплываў землятрус). Рэшткі царквы былі выяўлены ў 1962-1963 М. Каргерам. У 1992-93 даследаванні прадоўжыў П. Лысенка. Гэта быў 6-слуповы 3-апсідны храм. Сцены, складеныя з плінфы ў тэхніцы роўнаслаёвай муроўкі, унутры і звонку аздобленыя лапаткамі. Падлога была выкладзена паліванымі пліткамі. Слупы у сячэнні крыжовыя. У паўднёва-зах. частцы царквы была круглая вежа з вітымі ўсходамі. У час раскопак знойдзены 3 старажытныя саркафагі. Тураўская царква – помнік старажытнарускага дойлідства. На месцы раскопак пабудавана Скрыптамузей, дзе можна ўбачыць ацалелыя падмуркі старажытнага храма.

Тураўская вежа – помнік абарончага дойлідства 2-й пал. 13 – пач. 19 ст.ст. Размяшчалася на дзядзінцы стараж. Турава і была галоўным абарончым збудаваннем Тураўскага замку. Адносіцца да тыпу валынскіх вежаў. Узведзеная ў другой палове XIII ст. з цэглы на вапнавым растворы, мела круглую форму. Дыяметр – 11 м. Унутры падзялялася на некалькі баявых ярусаў. Разабраная ў 1830-я г.

Тураўскія крыжы – каменныя крыжы ХІІ ст. з Турава і навакольных вёсак – Верасніца, Пагост і інш. З’яўляюцца сімвалам веры і прадметам культавага пакланення для хрысціян. Паводле павер’я, тураўскія крыжы прыплылі па Дняпры і Прыпяці з Кіева і засцерагаюць ад хвароб. Крыжоў было больш за 10. Найбольш вядомы так званы Тураўскі, ці Святы, крыж (вышынёй 2 м, шыр. 0,7 м), які стаяў на могілках в. Пагост на беразе Прыпяці. З 1979 г. зберагаецца ў Гомельскім абласным краязнаўчым музее. Там жа захоўваюцца 2 крыжы, якія стаялі на тураўскіх могілках. У вёсках Пагост і Верасніца над крыжамі былі пабудаваны капліцы. Некаторыя тураўскія крыжы знаходзяцца ў Тураўскай царкве.

У Тураўскім краязнаўчым музеі (заснаваны ў 1927 г.) размешчана багатая археалагічная і нумізматычная калекцыя. Сярод экспанатаў: крамянёвыя прылады працы, каменныя свідраваныя сякеры, шкляныя бранзалеты, саркафаг сабора старажытнага Турава, манеты кн. Святаполка, макет-рэканструкцыя старажытнага Турава.

Такім чынам, Тураўскі археолага-архітэктурны ансамбль з’яўляецца папулярным аб’ектам турызму, уваходзіць у шэраг турыстычных маршрутаў - “Да вытокаў старажытнага княства” і інш.