На ўсіх старонках класнага журнала, у тым ліку пры запаўненні раскладу вучэбных заняткаў, назвы вучэбных прадметаў пішуцца з малой літары – беларуская мова, беларуская літаратура.

Пры афармленні старонак журнала, якія адведзены для запісу факультатыўных заняткаў, указваецца назва факультатыўных заняткаў (з малой літары, без двукосся), а не вучэбнага прадмета. У выпадку, калі ў якасці назвы факультатыўных заняткаў выкарыстоўваецца цытата, яна запісваецца з вялікай літары і бярэцца ў двукоссе.

На правай старонцы класнага журнала запісваецца дата правядзення вучэбных заняткаў (04.09), тэма, якая вывучалася на вучэбных занятках, і дамашняе заданне. І тэма, і дамашняе заданне запісваюцца з вялікай літары.

Запіс аб правядзенні пэўнага віду работы ў журнале робіцца разам з запісам тэмы вучэбных заняткаў, калі гэты від работы займае значную частку часу вучэбных заняткаў. Запіс у журнале афармляецца наступным чынам:

Правапіс -н-, -нн- у прыметніках. Тлумачальны дыктант

В.Карамазаў – адзін з вядучых сучасных празаікаў: тэматычная праверка ведаў і ўменняў

Паняцце пра складаназалежны сказ. Аналіз кантрольнага дыктанта

У запісе тэмы вучэбных заняткаў магчымы скарачэнні, якія робяцца ў адпаведнасці з існуючымі правіламі і павінны быць зразумелымі пры чытанні, напрыклад:

Дзеяслоў як часц. мовы: агульн. знач., марф. прым., сінт. роля

Калі праводзяцца падвоеныя вучэбныя заняткі па адной тэме, гэта фіксуецца на абедзвюх старонках журнала з указаннем даты двойчы.

Запіс аб навучальным пераказе (сачыненні), калі на работу над ім адводзіцца адна гадзіна, робіцца наступным чынам:

Пераказ ”…“, Сачыненне ”…“.

Пры напісанні навучальнага пераказу (сачынення), калі на выкананне работы адводзяцца два вучэбныя заняткі, на першай гадзіне праводзіцца работа па падрыхтоўцы да напісання тэксту. У журнале запіс неабходна афармляць так: Падрыхтоўка да напісання пераказу ”…“ і Пераказ ”…“.

Пры напісанні кантрольнага пераказу (сачынення) работа па падрыхтоўцы да яго не прадугледжваецца. Калі на выкананне кантрольнага пераказу адводзяцца два вучэбныя заняткі, то запіс неабходна афармляць такім чынам: Кантрольны пераказ ”…“ і Кантрольны пераказ ”…“.

Адзнакі за навучальную пісьмовую работу выстаўляюцца ў графу, якая адпавядае дню, калі работа праводзілася. Гэтыя адзнакі носяць стымулюючы характар і таму выстаўляюцца па меркаванні настаўніка.

Адзнакі за кантрольную работу выстаўляюцца ў адну графу ўсім вучням класа ў адпаведнасці з датай правядзення работы.

Адзнака за чвэрць выстаўляецца пасля запісу даты апошняга ўрока без пропуску клеткі, першыя вучэбныя заняткі чвэрці таксама запісваюцца без пропуску клеткі.

У графе «Дамашняе заданне» змест задання запісваецца з вялікай літары. Запіс у журнале робіцца наступным чынам:

Практыкаванне 98 або Пр. 125

Верш Я. Коласа ”Ручэй“ на памяць

Скласці план апавядання А. Васілевіч ”Сябры“

Адказаць на пытанні № 3–5, ст. 24

§32, ст. 172 – 173, пр. 164

У класны журнал запісваецца толькі абавязковае дамашняе заданне, якое павінна быць выканана кожным вучнем. Дыферэнцаванае дамашняе заданне не запісваецца ў класны журнал.

Калі вучням даецца дамашняе заданне на паўтарэнне, тады характар задання канкрэтызуецца ў журнале. Напрыклад:

Паўтарэнне. Правапіс галосных о, э, а. Пр. 116

Адзнакі за сачыненне па беларускай літаратуры ў ІХ–ХІ (ХІІ) класах выстаўляюцца па літаратуры і па мове: першая – па літаратуры, другая – па мове.

Абавязковыя кантрольныя сачыненні па літаратуры пішуцца толькі ў ІХ–ХІ класах. У V–VІІІ класах сачыненні носяць навучальны характар. Адзнакі за навучальныя работы выстаўляюцца на выбар настаўніка і павінны насіць стымулюючы характар.

Калі на напісанне сачынення па літаратуры адводзіцца дзве вучэбныя гадзіны, тэмы абодвух вучэбных заняткаў запісваюцца на старонцы, адведзенай на гэты прадмет. Адзнака выстаўляецца ў графу, якая адпавядае другой гадзіне. Пры падрыхтоўцы да навучальных пераказаў (сачыненняў) работа вучняў на першай гадзіне вучэбных заняткаў можа быць таксама ацэнена. Адзнака па мове выстаўляецца без указання даты, запіс «Сачыненне па літаратуры» на правай старонцы журнала таксама робіцца без указання даты.

Калі на напісанне сачынення выкарыстоўваецца адна гадзіна мовы і адна гадзіна літаратуры, тады запіс і выстаўленне адзнак робіцца на адпаведных старонках журнала з указаннем даты на кожнай.

Пры напісанні пераказу з дадатковым заданнем, на які адводзяцца два вучэбныя заняткі, першыя дзве адзнакі праз дроб выстаўляюцца ў графу, што адпавядае першай гадзіне, адзнака за дадатковае заданне выстаўляецца ў графу, што адпавядае другой гадзіне.

Пры напісанні дамашняга сачынення або іншых творчых работ адзнака за работу выстаўляецца ў графу, што адпавядае дню, калі давалася заданне, або дню, калі адбылася абарона творчай работы.

Адзнакі за чытанне на памяць выстаўляюцца ў графу, што адпавядае вучэбным заняткам, якія ідуць пасля тых, на якіх было дадзена заданне вывучыць на памяць, або на іншых вучэбных занятках, тэма якіх уключае вывучэнне гэтага твора.

У выпадку памылковага выстаўлення адзнакі выпраўленне робіцца наступным чынам: няправільна пастаўленая адзнака ў клетцы закрэсліваецца, побач выстаўляецца правільная адзнака, у нізе старонкі робіцца запіс: «Адзнака вучню (указваецца прозвішча, імя вучня) выпраўлена з ”5“ (указваецца адзнака) на ”6“ (указваецца адзнака)». Далей ставіцца подпіс настаўніка і дата.

Настаўнік, выстаўляючы адзнаку ў класны журнал, абавязаны ўносіць яе і ў дзённік вучня.

Звяртаем увагу на патрабаванні, якія прад’яўляюцца да афармлення рэферата.

Рэферат – гэта кароткая перадача зместу артыкула або даследавання.

Рэферат павінен мець наступную структуру: тытульны ліст, змест, уводзіны, асноўная частка, якая падзяляецца на главы, раздзелы, падраздзелы, заключэнне, спіс літаратуры ў алфавітным парадку, дадатак (пры неабходнасці).

 

Аб’ём рэферата

Рэферат Класы Аб’ём рэферата пры камп’ютарным наборы Аб’ём рэферата пры напісанні ад рукі
Навучальны Х 12–14 старонак 14–15 старонак
Навучальны ХІ 15–17 старонак 17–19 старонак
Экзаменацыйны ХІ 15–17 старонак 17–19 старонак

 

На тытульным лісце ўказваецца назва ўстановы агульнай сярэдняй адукацыі, прозвішча, імя, імя па бацьку аўтара, назва работы, месца знаходжання ўстановы агульнай сярэдняй адукацыі, год.

Узор афармлення тытульнага ліста

 

 

Назва ўстановы агульнай сярэдняй адукацыі

 

Назва рэферата

 

Выканаў(ла)

Прозвішча, імя ўласнае, імя па бацьку

вучань(іца) ___ класа

 

Месца знаходжання ўстановы агульнай сярэдняй адукацыі, год напісання рэферата

 

Змест рэферата ўключае назвы структурных частак, глаў, раздзелаў і падраздзелаў з указаннем нумарацыі старонак арабскімі лічбамі. Напрыклад:

Змест*

Уводзіны

1 Назва главы

1.1 Назва раздзела

1.2 Назва раздзела

1.2.1 Назва падраздзела

1.2.2 Назва падраздзела

2 Назва главы

Заключэнне

Спіс літаратуры

Дадаткі

___________________

* размяшчаецца пасля тытульнага ліста

Ва ўводзінах даецца кароткая характарыстыка тэмы рэферата, абгрунтоўваецца яе актуальнасць, раскрываюцца мэты і задачы работы, даецца пералік літаратуры і крыніц, на аснове якіх падрыхтаваны рэферат.

У асноўнай частцы рэферата матэрыял падаецца сцісла па главах, кожная з якіх раскрывае асобную праблему або розныя бакі адной праблемы. Кожная глава, раздзел, падраздзел павінны мець загаловак.

Заключэнне павінна быць сціслым, канкрэтным, утрымліваць асноўныя вывады, а таксама інфармацыю пра згоду ці нязгоду з аўтарамі выкарыстаных крыніц. Заключэнне не павінна перавышаць па аб’ёме ўводзіны.

Пры напісанні рэферата неабходна рабіць спасылкі на крыніцы інфармацыі: у квадратных дужках указваецца нумар крыніцы па спісе літаратуры і старонка, напрыклад: [4, с. 29]. Спасылкі ў тэксце могуць таксама падавацца ў выглядзе падрадковых заўваг, нумарацыя якіх прыводзіцца на кожнай старонцы пачынаючы з адзінкі. Спіс выкарыстанай літаратуры афармляецца ў адпаведнасці з правіламі бібліяграфічнага апісання.

Пры камп’ютарным наборы трэба выкарыстоўваць шрыфт Times New Roman, кегль 15 пт, міжрадковы інтэрвал – 1,5.

У дапамогу настаўнікам беларускай мовы і літаратуры выдадзены кантрольна-вымяральныя матэрыялы:

навучальныя і кантрольныя дыктанты па беларускай мове (5–9 класы);

навучальныя і кантрольныя пераказы па беларускай мове (5–9 класы);

тэставыя работы па беларускай мове (8–11 класы);

навучальныя і кантрольныя дыктанты і пераказы па беларускай мове (10–11 класы);

зборнік творчых заданняў для тэматычнага кантролю па беларускай літаратуры (5–9 класы);

зборнік творчых заданняў для тэматычнага кантролю па беларускай літаратуры (10–11 класы).

Для вывучэння вучэбнага прадмета «Беларуская мова» на факультатыўных занятках рэкамендуецца выкарыстоўваць зацверджаныя Навукова-метадычнай установай «Нацыянальны інстытут адукацыі» Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь наступныя вучэбна-метадычныя комплексы (вучэбная праграма, дыдактычныя матэрыялы для вучняў, метадычныя рэкамендацыі для настаўнікаў):

1. Грані слова: ад гука да сказа, V клас.

2. Сакрэты словазмянення і формаўтварэння, VІ клас.

3. Слова ў тэксце, VІІ клас.

4. Гэты няпросты просты сказ, VІІІ клас.

5. Складаны сказ без складанасці, ІХ клас.

6. Практыкум па арфаграфіі беларускай мовы, Х клас.

7. Практыкум па пунктуацыі беларускай мовы, ХІ клас.

Названымі комплексамі ў абавязковым парадку павінны быць забяспечаны бібліятэкі ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі.

Акрамя таго, для арганізацыі і правядзення факультатыўных заняткаў настаўнікі могуць карыстацца праграмамі, зацверджанымі Міністэрствам адукацыі Рэспублікі Беларусь:

1. Грані слова, V клас.

2. «Мой родны кут…» (краязнаўства), V клас.

3. Маўленчы этыкет, V клас.

4. Развіццё маўлення, VІ–VІІ класы.

5. Культура маўленчых паводзін, VІІ клас.

6. Стылістыка тэксту, VІІІ–ІX класы.

7. Пішам сачыненні, VІІІ–ІX класы.

8. Беларуская антрапаніміка, VІІІ клас.

9. Беларуская тапаніміка, ІX клас.

10. Цяжкія пытанні сінтаксісу і пунктуацыі, ІX клас.

11. Комплексны аналіз тэксту, X клас.

12. Майстэрства перакладу, X клас.

13. Уводзіны ў журналістыку, X клас.

14. Беларуская традыцыйная культура ў люстэрку мовы, X клас.

15. Майстэрства пераказу, XІ клас.

16. Мова і культура, XІ клас.

17. Малады даследчык, XІ клас.

18. Практыкум па беларускай мове, X–XІ класы.

19. Рыторыка, X–XІ класы.

20. Рыхтуемся да алімпіяды па беларускай мове: лінгвістычны конкурс, Х–ХІ класы ліцэяў і гімназій.

У 2012/2013 навучальным годзе для арганізацыі і правядзення факультатыўных заняткаў па вучэбным прадмеце «Беларуская літаратура» рэкамендуецца выкарыстоўваць зацверджаныя Навукова-метадычнай установай «Нацыянальны інстытут адукацыі» Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь наступныя вучэбна-метадычныя комплексы (вучэбная праграма, дыдактычныя матэрыялы для вучняў, метадычныя рэкамендацыі для настаўнікаў):

1. «Браму скарбаў сваіх адчыняю…», V клас.

2. «Слова – радасць, слова – чары…», VІ клас.

3. Таямніца паэзіі і загадка прозы, VІІ клас.

4. Незвычайнае літаратуразнаўства: вывучэнне твора ў яго родавай і жанравай спецыфіцы, VІІІ клас.

5. «Выкажыся, каб я цябе ўбачыў!» (Мастацтва вусных выказванняў), ІХ клас.

6. Пад ветразем спасціжэння і творчасці, Х клас.

7. Шукаем шэдэўры!.. (Вопыты літаратурных даследаванняў), ХІ клас.

Названымі комплексамі ў абавязковым парадку павінны быць забяспечаны бібліятэкі ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі.

Акрамя таго, для арганізацыі і правядзення факультатыўных заняткаў настаўнікі могуць карыстацца праграмамі, зацверджанымі Міністэрствам адукацыі Рэспублікі Беларусь:

1. Тэатр як від мастацтва, V клас.

2. Асновы тэатральнай культуры, VI клас.

3. Беларуская літаратура і тэатр, VII клас.

4. Тэатры Беларусі, VIII клас.

5. Юны карэспандэнт, VIII клас.

6. Беларускі фальклор (апавядальныя жанры), V клас.

7. Беларускі фальклор (каляндарна-абрадавая паэзія), VI клас.

8. Беларускі фальклор (сямейна-абрадавая паэзія), VII клас.

9. Выразнае чытанне, VI клас.

10. Выразнае чытанне і пераказ, VIІ клас.

11. Выразнае чытанне і мастацкае расказванне, VIII клас.

12. Лірычная проза як фенаменальная з’ява ў літаратуры XX стагоддзя, Х–ХІ класы.

13. Асновы журналістыкі, ХІ клас.

14. Паэтыка цвёрдых вершаваных формаў, Х–ХІ класы.

15. Старажытная беларуская літаратура, ІХ клас.

16. Мастацкая літаратура і гісторыя, ХІ клас.

17. Пейзажны свет беларускай паэзіі, ХІ клас.

18. Культурная спадчына антычнасці ў беларускай і сусветнай літаратуры, ІХ клас.

19. Беларускі фальклор, ІХ–Х класы.

20. Беларуская паэзія 20-х гадоў XX стагоддзя. Жанры. Стылі. Постаці, Х клас.

21. Беларуская літаратура пачатку XX стагоддзя, Х клас.

22. Беларускі мадэрнізм і літаратура пачатку XX стагоддзя, ІХ–Х класы.

23. Асновы вершазнаўства, Х–ХІ класы.

24. Рыхтуемся да алімпіяды: водгук, вуснае выказванне, Х–ХІ класы ліцэяў і гімназій.

Праграмы факультатыўных заняткаў размешчаны на сайтах Міністэрства адукацыі Рэспублікі (edu.gov.by), Нацыянальнага інстытута адукацыі (www.adu.by).

Для фарміравання цэласнага светапогляду вучняў і развіцця пазнавальных інтарэсаў пры арганізацыі адукацыйнага працэсу па вучэбных прадметах «Беларуская мова» і «Беларуская літаратура» неабходна прадугледжваць міжпрадметныя сувязі. Беларуская мова і літаратура разам з іншымі прадметамі сацыяльна-гуманітарнага цыкла («Руская мова», «Руская літаратура», «Замежная мова», «Сусветная гісторыя», «Гісторыя Беларусі», «Грамадазнаўства», «Музыка», «Выяўленчае мастацтва») з’яўляюцца асновай культурацэнтрычнай парадыгмы адукацыі. Вывучэнне літаратуры ў суаднесенасці з іншымі відамі мастацтва (музыкай, жывапісам, кіно, тэлебачаннем) спрыяе ўспрыманню літаратуры як мастацтва, фарміраванню каштоўнасных арыентацый вучняў.

Паведамляем, што ў 2012/2013 навучальным годзе традыцыйна будзе праходзіць рэспубліканская алімпіяда па беларускай мове і літаратуры, плануецца правядзенне рэспубліканскай навукова-практычнай канферэнцыі па беларускай мове і літаратуры (кастрычнік – лістапад).

Выніковая атэстацыя па вучэбным прадмеце «Беларуская мова» для вучняў ІХ класа па завяршэнні навучання і выхавання на ІІ ступені агульнай сярэдняй адукацыі ў 2012/2013 навучальным годзе будзе праводзіцца ў форме дыктанта.

Выніковая атэстацыя для вучняў ХІ класа па завяршэнні навучання і выхавання на ІІІ ступені агульнай сярэдняй адукацыі ў 2012/2013 навучальным годзе будзе праводзіцца ў форме пераказу па розных тэкстах для класаў філалагічнага напрамку гімназій, ліцэяў і для школ, кадэцкіх вучылішчаў, сувораўскага вучылішча, гімназій, ліцэяў (акрамя класаў філалагічнага напрамку гімназій і ліцэяў).