Санджая сказаў: Так я слухаў размову дзьвюх вялікіх душ, Крышны і Aрджуны. І гэткім цудоўным было ўсё пачутае мною, што валасы на маім целе ўсталі дыбам .

КАМЭНТАР: У самым пачатку «Бхагавад-гіты» Дхрытараштра спытаў свайго сакратара Санджаю: «Што адбылося на полі бітвы Курукшэтра?» Уся «Бхагавад-гіта» адкрылася Санджаю ў сэрцы з ласкі яго духоўнага настаўніка, В'ясы, і дзякуючы гэтаму ён змог растлумачыць Дхрытараштру, што адбывалася на полі бітвы. То была сапраўды цудоўная размова дзьвюх вялікіх душ, бо ні да яе, ні пасьля на Зямлі не адбывалася нічога важнейшага. Гэта гутарка цудоўная таму, што Вярхоўны Госпад расказваў пра Сябе і Свае энэргіі чалавеку, Aрджуне, вялікаму адданаму Госпада. Калі мы паспрабуем спасьцігнуць Крышну, ідучы па ступнях Aрджуны, то знойдзем шчасьце і дасягнём посьпеху ў жыцьці. Санджая ўсьвядоміў гэта і таму пераказаў іх размову Дхрытараштры. Выснова, да якой ён прыйшоў, простая: там, дзе Крышна й Aрджуна, там заўсёды будзе перамога.

 

 

ВЕРШ 75

 

вйаса-прасадач чхрутаван этад гухйам ахам парам
йогам йогешварат крішнат сакшат катхайатах свайам

 

вйаса-прасадат - дзякуючы міласьці В'ясадэвы; шрутаван - які пачуў; этат - гэта; гухйам - патаемнае; ахам - я; парам - вышэйшае; йогам - містычнае; йога-ішварат - ад валадара ўсіх містычных сілаў; крішнат - ад Крышны; сакшат - непасрэдна; катхайатах - расказанае; свайам - сам.

З ласкі В'ясы я пачуў гэтыя патаемныя прамовы, з ь вернутыя да Aрджуны, якія сышлі з вуснаў валадара ўсіх містычных сіл аў , Крышны.

КАМЭНТАР: В'яса быў духоўным настаўнікам Санджаі, і Санджая прызнае, што толькі з ласкі В'ясы ён змог спасьцігнуць Вярхоўную Асобу Бога. Гэта значыць, што ніхто ня можа наблізіцца да Крышны сам; зрабіць гэта можна толькі пры пасярэдніцтве духоўнага настаўніка. Духоўны настаўнік мае ролю празрыстага асяродзьдзя паміж Госпадам і вучнем, хоць досьвед, які атрымлівае пры гэтым вучань, - гэта досьвед непасрэдных зносінаў з Госпадам. У гэтым крыецца вялікая таямніца вучнёўскай пераемнасьці. Сапраўдны духоўнай настаўнік можа дапамагчы нам пачуць «Бхагавад-гіту» наўпроста, як пачуў яе Aрджуна. У сьвеце шмат містыкаў і йогаў, але валадаром усіх формаў йогі зьяўляецца Крышна. У «Бхагавад-гіце» воля Крышны выяўлена выключна ясна: «Аддайся Мне». Той, хто аддаўся Крышне, робіцца дасканалым йогам, што пацьвярджае апошні верш шостай часткі: йогінам апі сарвешам.

 

Нарада зьяўляецца вучнем Самаго Крышны і духоўным настаўнікам В'ясы. Таму аўтарытэт В'ясы, які належыць да ланцуга духоўных настаўнікаў, ня меншы, чым аўтарытэт Aрджуны, а Санджая зьяўляецца непасрэдным вучнем В'ясы. Такім чынам, з ласкі В'ясы Санджая змог, ачысьціўшы свае пачуцьці, убачыць Крышну і пачуць Ягоныя прамовы. Той, хто слухае Самога Крышну, атрымлівае здольнасьць спасьцігнуць гэтае патаемнае веданьне. Але пачуць Крышну можна, толькі належачы да вучнёўскай пераемнасьці. Таму веданьне любога чалавека, атрыманае не па ланцугу вучнёўскай пераемнасьці, застанецца недасканалым, прынамсі гэта адносіцца да разуменьня «Бхагавад-гіты». Такі чалавек не мае права выказваць якія-небудзь меркаваньні датычна «Бхагавад-гіты».

У «Бхагавад-гіце» апісаны ўсе сыстэмы йогі: карма-йога, г'яна-йога і бхакті-йога. І ўсімі імі загадвае Крышна. Аднак неабходна зразумець, што, хаця Aрджуне пашчасьціла спасьцігнуць Крышну непасрэдна, Санджая з ласкі В'ясы таксама змог пачуць словы Самога Крышны. Насамрэч слухаць пасланьне Крышны ў пераказе сапраўднага духоўнага настаўніка, такога як В'яса, - усё адно што пачуць яго ад Самога Крышны. Духоўны настаўнік таксама зьяўляецца прадстаўніком В'ясадэвы. Таму, паводле ведычнай традыцыі, у дзень народзінаў духоўнага настаўніка вучні праводзяць цырымонію, якая называецца В'яса-пуджай.

 

 

ВЕРШ 76

 

раджан самсмрітйа самсмрітйа самвадам імам адбхутам
кешаварджунайох пунйам хрішйамі ча мухур мухух

 

раджан - о цар; самсмрітйа - успомніўшы; самсмрітйа - успомніўшы; самвадам - навука; імам - гэта; адбхутам - дзіўнае; кешава - Госпада Крышны; арджунайох - і Aрджуны; пунйам - сьвятому; хрішйамі - цешуся; ча - таксама; мухух мухух - зноў і зноў.

О цар, зноў і зноў я ўспамінаю гэту дзіўную с ь вятую размову Крышны й Aрджуны, і кожны раз адчуваю бясконцую асалоду.

КАМЭНТАР: Веды, якія зьмяшчаюцца ў «Бхагавад-гіце», настолькі ўзьнёслыя, што кожны, хто зразумее, пра што казалі Крышна й Aрджуна, стане дабрадзейным чалавекам і ўжо ніколі не забудзе гэты дыялёг. Такая трансцэндэнтная прырода духоўнага жыцьця. Іншымі словамі, той, хто пачуе «Бхагавад-гіту» ад Самога Крышны, дасягне дасканаласьці ў сьвядомасьці Крышны. У выніку ён атрымае духоўнае веданьне і будзе кожнае імгненьне цешыцца вечнай асалодай.

 

 

ВЕРШ 77

 

тач ча самсмрітйа самсмрітйа рупам атй-адбхутам харех
вісмайо ме махан раджан хрішйамі ча пунах пунах

 

тат - той; ча - таксама; самсмрітйа - успомніўшы; самсмрітйа - успомніўшы; рупам - выява; аті - у вышэйшай ступені; адбхутам - дзіўны; харех - Госпада Крышны; вісмайах - зьдзіўленьне; ме - маё; махан - вялікае; раджан - о цар; хрішйамі - адчуваю асалоду; ча - таксама; пунах пунах - зноў і зноў.

О цар, кожны раз, калі ў памяці маёй устае тое дзівосны вобраз Госпада Крышны, я паражаюся гэтаму цуду і маёй радас ь ці няма канца.

КАМЭНТАР: З дадзенага верша вынікае, што з ласкі В'ясы Санджая змог убачыць сусьветную форму, якую Крышна зьявіў Aрджуне. Вядома, што Госпад Крышна ніколі раней ні перад кім не паўставаў у гэтым абліччы. Ён зьявіў яго толькі Aрджуне, і ўсё ж некаторыя вялікія адданыя таксама змаглі ўбачыць у той момант сусьветную форму Крышны. Адным з такіх адданых быў В'яса, якога лічаць магутным увасабленьнем Крышны. В'яса даў убачыць гэту цудоўную форму Крышны свайму вучню Санджаю, які, успамінаючы яе, кожны раз адчуваў вялікую асалоду.

 

 

ВЕРШ 78

 

йатра йогешварах крішно йатра партхо дханур-дхарах
татра шрір віджайо бхутір дхрува
нітір матір мама

 

йатра - дзе; йога-ішварах - валадар усіх йогаў-містыкаў; крішнах - Госпад Крышна; йатра - дзе; партхах - сын Прітхі; дханух-дхарах - які носіць лук і стрэлы; татра - там; шріх - багацьце; віджайах - перамога; бхутіх - выключная сіла; дхрува - цьвёрдая; нітіх - мараль; матіх мама – маё меркаваньне.

Дзе б ні знаходзіўся Крышна, валадар усіх йогаў і містыкаў, і дзе б ні знаходзіўся Aрджуна, найдасканалы лучнік, там заўсёды будзе багац ь це, перамога, незвычайная сіла і маральная чыс ь ціня. Такое мае меркаваньне.

КАМЭНТАР: «Бхагавад-гіта» пачалася з пытаньня Дхрытараштры. Ён спадзяваўся, што ў гэтай бітве перамогу здабудуць яго сыны, на баку якіх ваявалі такія вялікія ваяры, як Бхішма, Дрона й Карна. Але, расказаўшы цару пра тое, што адбывалася на полі бітвы Курукшэтра, Санджая сказаў: «Ты спадзяесься на перамогу, але я лічу, што посьпех заўсёды будзе на тым баку, дзе знаходзяцца Крышна й Aрджуна». Ён прама кажа, што ў Дхрытараштры няма падстаў разьлічваць на перамогу сваіх сыноў. Перамога будзе на баку Aрджуны, бо поруч зь ім знаходзіцца Крышна. Пагадзіўшыся стаць калясьнічым Aрджуны, Крышна прадэманстраваў яшчэ адну са Сваіх дасканаласьцяў. Крышна валодае ўсімі дасканаласьцямі, і адной зь іх зьяўляецца самаадрачэньне. Гэту Сваю якасьць Ён выяўляў мноства разоў, бо ў сьвеце няма нікога больш здольнага да самаадрачэньня, чым Крышна.

 

Бітва на Курукшэтры адбывалася паміж Дурйодханай і Юдхіштхірай. Aрджуна ваяваў на баку свайго старэйшага брата, Юдхіштхіры. Паколькі Крышна і Aрджуна выступалі на баку Юдхіштхіры, яго перамога была прадвызначана. Вынік бітвы павінен быў вырашыць, хто будзе кіраваць сьветам, і Санджая прадказаў, што ўлада пяройдзе да Юдхіштхіры. Ён таксама прадказаў, што, здабыўшы перамогу, Юдхіштхіра прывядзе краіну да росквіту, бо ён быў ня толькі праведным і набожным царом, але й чалавекам высокіх маральных прынцыпаў. За ўсё сваё жыцьцё ён аніразу не схлусіў.

Многія недалёкія людзі ўспрымаюць «Бхагавад-гіту» як пераказ размовы двух сяброў на полі бітвы. Але такая кніга ня можа быць сьвятым пісаньнем. Некаторых абурае тое, што Крышна прымусіў Aрджуну ўступіць у бітву, што, па іх думцы, амаральна, але тут сказана ясна: «Бхагавад-гіта» - гэта збор прынцыпаў вышэйшай маральнасьці. Вышэйшая з усіх маральных запаведзяў абвешчана ў трыццаць чацьвёртым вершы дзявятай часткі: ман-мана бхава мад-бхактах. Чалавек абавязаны стаць адданым Крышны, і вышэйшая іста рэлігіі ў тым, каб аддацца Крышне (сарва-дхарман парітйаджйа мам экам шаранам враджа). Настаўленьні «Бхагавад-гіты» складаюць збор вышэйшых рэлігійных і маральных прынцыпаў. Усе іншыя мэтады духоўнага самаўдасканаленьня могуць дапамагчы нам ачысьціць сьвядомасьць і ўстаць на больш высокі ўзровень, але апошняе навучаньне «Бхагавад-гіты» зьяўляецца апошнім словам маралі і рэлігіі: аддайся Крышне. Такі сэнс васямнаццатай часткі.

 

З «Бхагавад-гіты» мы пазнаём, што падчас філязофскіх пошукаў ісьціны ці з дапамогай мэтаду містычнай йогі можна спасьцігнуць сябе, але вышэйшай ступені дасканаласьці дасягае толькі той, хто цалкам скарыўся Крышне. Такая іста навукі «Бхагавад-гіты». Выкананьне розных рэлігійных абрадаў і сваіх абавязкаў у грамадзтве варнашрамы зьяўляецца патаемным шляхам спазнаньня ісьціны. Яшчэ больш патаемным, чым шлях дхармы - рытуальнай рэлігійнасьці, зьяўляюцца шляхі мэдытацыі і філязофскага спазнаньня ісьціны. Аднак самым патаемным настаўленьнем зьяўляецца наказ Крышны аддацца Яму, заўсёды памятаючы пра Яго і служачы Яму. У гэтым іста васямнаццатае часткі.

«Бхагавад-гіта» абвяшчае таксама, што вышэйшай ісьцінай зьяўляецца Вярхоўная Асоба Бога, Крышна. Aбсалютную Ісьціну спасьцігаюць у трох аспэктах: безасабовага Брахмана, Параматмы ў сэрцы кожнай жывой істоты і нарэшце Вярхоўнай Асобы Бога, Крышны. Поўнае разуменьне Aбсалютнай Ісьціны прыходзіць да таго, хто ў дасканаласьці спасьціг Крышну. Веданьне пра Крышну ўключае ў сябе ўсе іншыя віды веданьня. Крышна трансцэндэнтны да гэтага сьвету, бо заўсёды знаходзіцца ў Сваёй вечнай унутранай энэргіі. Жывыя істоты, спароджаныя Ягонай энэргіяй, падзяляюцца на дзьве катэгорыі: вечна абумоўленых і вечна вызваленых. Ім няма ліку, і ўсе яны зьяўляюцца неад'емнымі часьцінкамі Крышны. Матэрыяльная энэргія складаецца з дваццаці чатырох пачаткаў. Вонкавая энэргія Госпада, якая падахвочваецца вечным часам, стварае і разбурае ўсю сьветабудову. Матэрыяльны сьвет то праяўляецца, то зноў пераходзіць у нявыяўлены стан.

 

У «Бхагавад-гіце» былі закрануты пяць асноўных тэм: Вярхоўная Асоба Бога, матэрыяльная прырода, жывыя істоты, вечны час і розныя віды дзейнасьці. Асновай і крыніцай усяго існага зьяўляецца Вярхоўная Асоба Бога, Крышна. Той, хто спасьціг Вярхоўную Асобу Бога, спасьцігае ўсе іншыя аспэкты Aбсалютнай Ісьціны - безасабовы Брахман, Параматму ў сэрцы жывой істоты і любы іншы трансцэндэнтны аспэкт Aбсалюта. Хоць, на першы пагляд, Вярхоўная Асоба Бога, жывая істота, матэрыяльная прырода і час падаюцца адрознымі адно ад аднаго, усё існае тоесна Ўсявышняму. Аднак Сам Госпад заўсёды адрозны ад усяго іншага. Госпад Чайтанья даў нам гэту філязофію «неспасьціжнай тоеснасьці і адрозьненьня», якая зьяўляецца дасканалай формай разуменьня Aбсалютнай Ісьціны.

Па сваёй прыродзе жывая істота зьяўляецца чыстым духам. Яна - бясконца малая часьцінка Вышэйшага Духу. Таму Госпада Крышну параўноўваюць з сонцам, а жывых істотаў - з сонечным сьвятлом. Будучы памежнай энэргіяй Крышны, жывыя істоты схільныя трапляць пад уплыў або матэрыяльнай, або духоўнай энэргіі. Іншымі словамі, жывая істота займае памежнае становішча паміж дзьвюма энэргіямі Госпада, але, адносячыся да Ягонай вышэйшай энэргіі, валодае некаторай доляй незалежнасьці. Правільна выкарыстоўваючы дадзеную ёй незалежнасьць, жывая істота згаджаецца дзейнічаць пад непасрэдным кіраўніцтвам Крышны. Так яна дасягае натуральнага для яе стану, трапляючы ў сфэру энэргіі, якая даруе асалоду.

Так заканчваецца камэнтар Бхакціведанты да васямнаццатае, апошняе часткі «Шрымад Бхагавад-гіты», якая называецца «Дасканалас ь ць адрачэн ь ня».