Вярхоўны Госпад, о Aрджуна, знаходзіцца ў сэрцы кожнага і скіроўвае блукан ь ні ўсіх жывых істот аў, якія нібы знаходзяцца ў машыне, створанай матэрыяльнай энэргіяй.
КАМЭНТАР: Aрджуна не валодаў дасканалым веданьнем, і яго рашэньне ваяваць ці не ваяваць было зроблена на аснове яго абмежаванага бачаньня сьвету. Госпад Крышна растлумачыў яму, што індывідуальная жывая істота не зьяўляецца самастойнай і незалежнай. Вярхоўная Асоба Бога, то бок Ён сам, Крышна, у вобразе Звышдушы знаходзіцца ў сэрцы кожнай жывой істоты, скіроўваючы яе дзеяньні. Памяняўшы цела, жывая істота забывае пра зьдзейсьненыя ў мінулым учынкі, але Звышдуша, якой вядома мінулае, цяперашняе і будучае, застаецца сьведкам усяго, што робіць душа. Такім чынам Звышдуша кіруе ўсімі дзеяньнямі жывой істоты. Паважна седзячы на калясьніцы матэрыяльнага цела, створанага матэрыяльнай энэргіяй па ўказаньні Звышдушы, жывая істота пажынае плады сваіх мінулых учынкаў, атрымліваючы ўсё, што заслужыла. Як толькі жывая істота перасяляецца ў цела пэўнага віду, гэта цела пачынае вызначаць характар яе дзейнасьці. Адзін і той жа кіроўца ў хуткасным аўтамабілі едзе значна хутчэй, чым у звычайнай машыне. Гэтак сама, у адпаведнасьці з указаньнем Звышдушы, матэрыяльная прырода стварае для кожнай жывой істоты цела пэўнага віду, каб, дзейнічаючы ў адпаведнасьці з магчымасьцямі свайго цела, яна магла ажыцьцявіць жаданьні, якія не пасьпела выканаць у мінулым жыцьці. Ніхто не павінен лічыць сябе незалежным ад Вярхоўнай Асобы Бога. Індывідуальная душа заўсёды знаходзіцца пад уладай Вярхоўнага Госпада. Таму яе абавязак - аддацца Яму, як абвяшчае наступны верш.
ВЕРШ 62
там эва шаранам гаччха сарва-бхавена бхарата
тат-прасадат парам шантім стханам прапсйасі шашватам
там - Яму; эва - неадменна; шаранам гаччха - аддайся; сарва-бхавена - усёй істотай; бхарата - о нашчадак Бхараты; тат-прасадат - дзякуючы Ягонай міласьці; парам - трансцэндэнтны; шантім - супакой; стханам - прыстанак; прапсйасі - атрымаеш; шашватам - вечную.
Аддайся Яму безумоўна, о нашчадак роду Бхараты. Па Ягонай мілас ь ці ты знойдзеш трансцэндэнтны супакой і дасягнеш найвышэйшага вечнага прыстанку.
КАМЭНТАР: Такім чынам, жывая істота павінна аддацца Вярхоўнай Асобе Бога, Госпаду, які знаходзіцца ў сэрцы кожнай жывой істоты. Толькі тады яна пазбавіцца ад усіх матэрыяльных пакутаў. Аддаўшыся Госпаду, чалавек ня толькі вызваліцца ад пакутаў матэрыяльнага жыцьця, але ў канчатковым рахунку дасягне прыстанку Ўсявышняга. У Ведах духоўны сьвет апісаны наступным чынам: тад вішнох парамам падам (Рыг-Веда, 1.22.20). Усё матэрыяльнае насамрэч мае духоўную прыроду, аднак словы парамам падам адносяцца непасрэдна да вечнага прыстанку, які называюць духоўным небам, або Вайкунтхай.
У пятнаццатай частцы «Бхагавад-гіты» сказана: сарвасйа чахам хріді саннівіштах. Госпад знаходзіцца ў сэрцы кожнай жывой істоты. Таму аддацца Звышдушы, зьмешчанай у сэрцы, - значыць аддацца Вярхоўнай Асобе Бога, Крышне. Aрджуна ўжо прызнаў Крышну Вярхоўнай Асобай Бога. У дзясятай частцы ён назваў Яго парам брахма парам дхама. Aрджуна прызнаў Крышну Вярхоўнай Асобай Бога і вышэйшым прыстанкам усіх жывых істотаў, абапіраючыся ня толькі на ўласны досьвед, але й на думку такіх вялікіх мудрацоў, як Нарада, Aсіта, Дэвала і В'яса.
ВЕРШ 63
іті те джнанам акхйатам гухйад гухйатарам майа
вімрішйаітад ашешена йатхеччхасі татха куру
іті - так; те - табе; джнанам - веданьне; акхйатам - адкрытае; гухйат - патаемнага; гухйа-тарам – яшчэ больш патаемнага; майа - Мной; вімрішйа - абдумаўшы; этат - гэта; ашешена - цалкам; йатха - як; іччхасі - жадаеш; татха - так; куру - рабі.
Такім чынам, Я адкрыў табе веданьне патаемней за патаемнае. Абдумай усё як сьлед, а потым рабі як пажадаеш.
КАМЭНТАР: Госпад ужо распавёў Aрджуне веданьне пра брахма-бхуту. Чалавек, які дасягнуў узроўня брахма-бхуты, напаўняецца радасьцю, ён ні пра што не смуткуе і нічога не жадае - такі вынік валоданьня патаемным веданьнем. Потым Крышна адкрыў Aрджуне веданьне пра Звышдушу. Гэта таксама веданьне пра Брахман, толькі больш высокага парадку.
Ужытыя тут словы йатхеччхасі татха куру («рабі як ведаеш») сьведчаць пра тое, што Госпад не пасягае на кроплю незалежнасьці, якую мае жывая істота. У «Бхагавад-гіце» Госпад вельмі падрабязна растлумачыў, як можна дасягнуць больш высокага ўзроўня быцьця. Самая лепшая парада, якую атрымаў Aрджуна, - гэта парада скарыцца Звышдушы, якая знаходзіцца ў сэрцы кожнай жывой істоты. Абдумаўшы ўсё як сьлед, чалавек павінен пагадзіцца дзейнічаць па ўказаньні Звышдушы. Гэта дапаможа яму заўсёды знаходзіцца ў сьвядомасьці Крышны, то бок на вышэйшай ступені дасканаласьці, даступнай людзям. Вярхоўны Госпад асабіста загадваў Aрджуне ўступіць у бітву. Скарыцца Вярхоўнай Асобе Бога - значыць паступіць перадусім ва ўласных інтарэсах. Мы робім гэта не дзеля Ўсявышняга, а дзеля сябе. Перш як зрабіць гэта, чалавек вольны ўсё як сьлед абдумаць, абапіраючыся на дадзены яму розум. Менавіта так найлепей прымаць указаньні Вярхоўнай Асобы Бога. Гэтыя ўказаньні мы можам атрымаць і ад духоўнага настаўніка - сапраўднага прадстаўніка Крышны.
ВЕРШ 64
сарва-гухйатамам бхуйах шріну ме парамам вачах
ішто 'сі ме дрідхам іті тато вакшйамі те хітам
сарва-гухйа-тамам - самае патаемнае з усіх; бхуйах - ізноў; шріну - слухай жа; ме - Маё; парамам - вышэйшае; вачах - настаўленьне; іштах асі - дарагі; ме - Мой; дрідхам - вельмі; іті - так; татах - таму; вакшйамі - скажу; те - тваё; хітам - дабро.
Паколькі ты Мой вельмі блізкі сябар, Я адкрыю табе вышэйшае і найпатаемнейшае веданьне. Слухай жа Мяне ўважліва, Я даю гэтае настаўленьне дзеля твайго дабра.
КАМЭНТАР: Госпад адкрыў Aрджуне патаемнае, а потым яшчэ больш патаемнае веданьне (веданьне пра Брахман і веданьне пра Звышдушу ў сэрцы кожнай жывой істоты). Зараз жа, адкрываючы яму самую патаемную мудрасьць, Ён кажа: проста аддайся Вярхоўнай Асобе Бога. Пад канец дзявятай часткі Госпад сказаў: ман-манах - «Заўсёды думай пра Мяне». Тое ж самае настаўленьне Ён паўтарае тут, каб падкрэсьліць істу навукі «Бхагавад-гіты». Спасьцігнуць яе можа толькі той, хто па-сапраўднаму дарагі Крышне, Яго чысты адданы. Для звычайнага чалавека яна гэтак і застанецца таямніцай. Гэта самае важнае з усіх зьмешчаных у Ведах настаўленьняў. Тое, што кажа ў сувязі з гэтым Крышна, зьяўляецца квінтэсэнцыяй ведычнай навукі, і словы Госпада накіраваны ня толькі да Aрджуны, але і да ўсіх іншых жывых істотаў.
ВЕРШ 65
ман-мана бхава мад-бхакто мад-йаджі мам намаскуру
мам эваішйасі сатйам те пратіджане прійо 'сі ме
мат-манах – які думае пра Мяне; бхава - будзь; мат-бхактах - Мой адданы; мат-йаджі — які пакланяецца Мне; мам - Мне; намаскуру - кланяйся; мам - да Мяне; эва - абавязкова; эшйасі - прыйдзеш; сатйам - сапраўды; те - табе; пратіджане - абяцаю; прійах - дарагі; асі - зьяўляесься; ме - Мой.
Заўсёды думай пра Мяне, стань Маім адданым, пакланяйся Мне і ўшаноўвай Мяне. Так ты абавязкова прыйдзеш да Мяне. Я абяцаю табе гэта, бо ты - Мой дарагі сябар.
КАМЭНТАР: Іста самага патаемнага веданьня ў тым, што кожны павінен стаць чыстым адданым Крышны, заўсёды думаць пра Яго і прысьвячаць Яму ўсё, што робіць. Няма сэнсу марнаваць час на фармальную мэдытацыю. Усё наша жыцьцё павінна быць пабудавана такім чынам, каб у нас была магчымасьць заўсёды думаць пра Крышну. Усе нашы штодзённыя заняткі павінны быць так ці інакш зьвязаны з Крышнай, каб круглыя суткі мы не думалі ні аб чым іншым, апроч Крышны. І Госпад абяцае, што кожны, хто дасягнуў такога ўзроўня, узроўня чыстай сьвядомасьці Крышны, абавязкова вернецца ў Ягоны прыстанак, дзе зможа наўпроста мець зносіны з Крышнай. Госпад адкрыў Aрджуне самыя патаемныя веды таму, што Aрджуна быў Яго блізкім сябрам. І кожны, хто ідзе па ступнях Aрджуны, зможа стаць сябрам Крышны і дасягнуць той жа дасканаласьці, што й Aрджуна.
Тут асабліва падкрэсьлена, што чалавек павінен засяродзіць свой вум на Крышне ў вобразе прыгожага юнака зь дзьвюма рукамі, якія трымаюць флейту, са скурай цёмна-сіняга колеру і з паўлінавым пяром у валасах. Апісаньні аблічча Крышны прыводзяцца ў «Брахма-самхіце» і іншых ведычных творах. Трэба засяродзіць вум на спрадвечным вобразе Асобы Бога, Крышне, і не адхіляцца нават на іншыя формы Госпада. Госпад прымае бясконцае мноства разнастайных вобразаў: Вішну, Нараяны, Рамы, Варахі і г. д., але адданы павінен засяродзіць свой вум на тым вобразе, які бачыў Aрджуна. Засяроджваньне вума на вобразе Крышны зьяўляецца найпатаемнай часткай веданьня, і Крышна цяпер адкрывае яе Aрджуне як Свайму самаму блізкаму сябру.
ВЕРШ 66
сарва-дхарман парітйаджйа мам экам шаранам враджа
ахам твам сарва-папебхйо мокшайішйамі ма шучах
сарва-дхарман - усе рэлігіі; парітйаджйа - пакінуўшы; мам - да Мяне; экам - аднаму; шаранам - пад абарону; враджа - прыйдзі; ахам - Я; твам - цябе; сарва - ад усіх; папебхйах - ад наступстваў грахоў; мокшайішйамі - пазбаўлю; ма - не; шучах - турбуйся.