Займаючыся дзейнасьцю, якая адпаведае ягонай прыродзе, кожны чалавек можа дасягнуць дасканаласьці. Калі ласка, выслухай Мяне: зараз Я раскажу табе пра тое, як зрабіць гэта.

 

ВЕРШ 46

 

йатах правріттір бхутанам йена сарвам ідам татам
сва-кармана там абхйарчйа сіддхім віндаті манавах

 

йатах - адкуль; правріттіх - эманацыя; бхутанам - жывых істотаў; йена - якім; сарвам - усё; ідам - гэта; татам - працята; сва-кармані - прадпісанымі яму абавязкамі; там - Яму; абхйарчйа - пакланяючыся; сіддхім - дасканаласьці; віндаті - дасягае; манавах - чалавек.

Выконваючы прадпісаныя яму абавязкі, кожны чалавек можа дасягнуць дасканалас ь ці, калі пакланяецца ўсюдыіснаму Госпаду - крыніцы ўсіх жывых істот аў .

КАМЭНТАР: Як было сказана ў пятнаццатай частцы, жывыя істоты - гэта аддзеленыя часьцінкі Вярхоўнага Госпада, які зьяўляецца іх крыніцай. Гэта пацьвярджае і «Веданта-сутра»: джанмадй асйа йатах. Такім чынам, Вярхоўны Госпад - прабацька ўсіх жывых істотаў. У сёмай частцы «Бхагавад-гіты» гаварылася, што Сваімі дзьвюма энэргіямі, вонкавай і ўнутранай, Вярхоўны Госпад праймае ўсё існае. Таму ўсе павінны пакланяцца Госпаду разам зь Яго энэргіямі. Адданыя-вайшнавы звычайна пакланяюцца Вярхоўнаму Госпаду і Яго ўнутранай энэргіі. Вонкавая энэргія Ўсявышняга зьяўляецца скажоным адлюстраваньнем Яго ўнутранай энэргіі. Вонкавая энэргія - гэта фон, але Сам Вярхоўны Госпад у вобразе Параматмы, поўнай экспансыі Госпада, праймае Сабой усё існае. Ён - усюдыісная Звышдуша ўсіх напаўбагоў, усіх людзей і жывёлаў. Таму чалавек павінен ведаць, што, зьяўляючыся неад'емнай часьцінкай Вярхоўнага Госпада, ён абавязаны служыць Яму. Кожная жывая істота павінна служыць Госпаду зь любоўю і адданасьцю, у дасканалай сьвядомасьці Крышны. У гэтым сэнс дадзенага верша.

 

Кожны з нас павінен лічыць, што ён займаецца сваёй дзейнасьцю па ўказаньні Хрышыкешы, валадара пачуцьцяў. І ўсе плады нашай дзейнасьці трэба прысьвячаць Вярхоўнай Асобе Бога, Шры Крышне, такім чынам пакланяючыся Яму. Той, хто ўвесь час помніць пра гэта, заўсёды знаходзячыся ў сьвядомасьці Крышны, з ласкі Госпада спазнае ўсё існае. У гэтым палягае дасканаласьць жыцьця. У «Бхагавад-гіце» (12.7) Госпад кажа: тешам ахам самуддхарта. Вярхоўны Госпад Сам клапоціцца аб тым, каб такі адданы вызваліўся ад матэрыяльнага рабства. Гэта вышэйшая дасканаласьць жыцьця. Чым бы ні займаўся чалавек, калі ён служыць Вярхоўнаму Госпаду, ён абавязкова дасягне вышэйшай ступені дасканаласьці.

 

 

ВЕРШ 47

 

шрейан сва-дхармо вігунах пара-дхармат св-ануштхітат
свабхава-нійатам карма курван напноті кілбішам

 

шрейан - лепш; сва-дхармах - свой абавязак; вігунах - выкананы недасканалым чынам; пара-дхармат - чужых абавязкаў; су-ануштхітат - выкананых бездакорна; свабхава-нійатам - прадпісаную ў адпаведнасьці зь ягонай прыродай; карма - дзейнасьць; курван — той, хто выконвае; на - не; апноті - атрымлівае; кілбішам - вынік граху.

Лепш выконваць свае абавязкі, хай недасканалым чынам, чым бездакорна выконваць чужыя. Выконваючы прадпісаныя абавязкі, якія адпавядаюць ягонай прыродзе, чалавек ніколі не наклікае на сябе граху.

КАМЭНТАР: Абавязкі, прадпісаныя прадстаўнікам розных саслоўяў, пералічаны ў «Бхагавад-гіце». Як было сказана ў папярэдніх вершах, абавязкі брахманаў, кшатрыяў, ваіш'яў і шудраў адпавядаюць гунам матэрыяльнай прыроды, пад уплывам якіх яны знаходзяцца. Чалавек ніколі не павінен спрабаваць пераймаць іншым, выконваючы іх абавязкі. Той, хто ад прыроды схільны да дзейнасьці шудраў, не павінен прэтэндаваць на званьне брахмана, нават калі нарадзіўся ў сям'і брахманаў. Кожны павінен займацца дзейнасьцю, якая адпавядае яго прыродзе; ніякая праца не ганебная, калі яна зьвязана са служэньнем Вярхоўнаму Госпаду. Брахманы, безумоўна, займаюцца дзейнасьцю ў гуне даброці, аднак, калі чалавек ад прыроды знаходзіцца пад уплывам іншых гун, ён не павінен, пераймаючы брахманаў, спрабаваць выконваць іх абавязкі. Кшатрыю, кіраўніку, даводзіцца зьдзяйсьняць непрывабныя ўчынкі: ужываць гвалт і забіваць ворагаў альбо хлусіць, паводзячыся палітычнымі меркаваньнямі. Ніякая палітыка не абыходзіцца без гвалту і дыпляматычнай хлусьні, але для кшатрыя гэта яшчэ не нагода адмаўляцца ад выкананьня свайго абавязку і спрабаваць жыць па законах брахманаў.

 

Сваёй дзейнасьцю чалавек павінен імкнуцца прынесьці задавальненьне Вярхоўнаму Госпаду. Напрыклад, Aрджуна быў кшатрыем, і ён вагаўся, не маючы рашучасьці ўступіць у бітву з супернікам. Але калі ваяваць дзеля Крышны, Вярхоўнай Асобы Бога, то ня трэба баяцца, што ўдзел у бітве апаганіць нас. Таму, хто займаецца камэрцыяй, часам даводзіцца хлусіць і хітрыць, каб атрымаць прыбытак. У некаторых выпадках бяз гэтага не абысьціся. Часам прадаўнік кажа пакупніку: «Паверце мне, я на вас ані колькі не нажываюся», хоць усім вядома, што гандляр ня зможа жыць, калі будзе гандляваць без выгады. Таму, чуючы ад камэрсанта такія словы, трэба разумець, што ён ашуквае нас. Аднак сам камэрсант не павінен думаць, што паколькі ў яго справе не абысьціся без хлусьні, то ён павінен кінуць гандаль і займацца тым, што робяць брахманы. Гэта супярэчыць шастрам. Калі чалавек, будзь ён кшатрыем, вайш'ем ці шудрай, выконваючы свае абавязкі, тым самым служыць Вярхоўнай Асобе Бога, яго сацыяльнае становішча перастае мець значэньне. Нават брахманам, якія выконваюць розныя ахвярапрынашэньні, часам даводзіцца забіваць жывёлаў, каб прынесьці іх у ахвяру. Таксама і калі кшатрый, выконваючы свой абавязак, забівае ворага, яго ўчынак не зьяўляецца грэшным. Усё гэта было дэталёва вытлумачана ў трэцяй частцы «Бхагавад-гіты». Кожны чалавек павінен прысьвячаць сваю дзейнасьць Яг'і, ці Вішну, Вярхоўнай Асобе Бога. Усё, што мы робім дзеля задавальненьня ўласных пачуцьцяў, толькі занявольвае нас. Таму кожны павінен займацца дзейнасьцю ў адпаведнасьці з гунамі матэрыяльнай прыроды, пад уплывам якіх знаходзіцца атрыманае ім цела, перасьледуючы пры гэтым адзіную і вышэйшую мэту - служыць Вярхоўнаму Госпаду.

 

 

ВЕРШ 48

 

саха-джам карма каунтейа са-дошам апі на тйаджет
сарварамбха хі дошена дхуменагнір іваврітах

 

саха-джам - народжаную разам; карма - дзейнасьць; каунтейа - о сын Куньці; са-дошам – якая мае загану; апі - хоць; на - не; тйаджет - хай адкіне; сарва-арамбхах - усе распачынаньні; хі - бо; дошена - заганай; дхумена - дымам; агніх - агонь; іва - як; аврітах - пакрыты.

Кожнае дзеян ь не нясе ў сабе загану, падобна агню, які заўсёды пакрыты дымам. Таму, о сын Куньці, ніхто не павінен адмаўляцца ад абавязкаў, спароджаных ягонай прыродай, колькі б заганаў яны ў сабе ня несьлі.

КАМЭНТАР: Усе дзеяньні абумоўленай жывой істоты апаганены ўплывам гун матэрыяльнай прыроды. Брахманам даводзіцца зьдзяйсьняць ахвярапрынашэньні, зьвязаныя з забойствам жывёлаў. Падобна гэтаму, кшатрый, якім бы набожным ён ні быў, змушаны ваяваць з ворагамі. Гэта непазьбежна. Аналягічна, камэрсант, нават самы прыстойны, часам павінен хаваць свае прыбыткі, каб не згалець, альбо праводзіць апэрацыі на чорным рынку. Усё гэта патрэбна, і пазьбегнуць гэтага цалкам немагчыма. Шудра, які служыць дрэннаму гаспадару, вымушаны выконваць яго загады і часам рабіць тое, чаго рабіць ня варта. Але, нягледзячы на ўсе заганы, чалавек павінен працягваць выконваць прадпісаныя яму абавязкі, бо яны адпавядаюць ягонай прыродзе.

 

Тут Крышна робіць вельмі добрае параўнаньне. Хоць агонь сам па сабе чысты, ён пакрыты клубамі дыму. Аднак дым не паганіць агню. Нават пакрыты дымам, агонь застаецца самым чыстым з усіх матэрыяльных элемэнтаў. Кшатрый, які адмаўляецца ад выкананьня свайго абавязку, ня можа быць упэўнены ў тым, што, прыняўшы на сябе абавязкі брахмана, ён будзе цалкам пазбаўлены ад малапрыемных заняткаў. Адсюль вынікае, што ў матэрыяльным сьвеце няма істоты, абсалютна вольнай ад матэрыяльнае гнюсі. У гэтым сэнсе прыклад з агнём і дымам вельмі паказальны. Калі ўзімку мы вымаем з агню распалены камень, дым выядае нам вочы й нос, але гэта зусім не значыць, што трэба спыніць карыстацца агнём. Таксама мы не павінны адмаўляцца ад выкананьня сваіх абавязкаў толькі таму, што гэта не заўсёды прыемна. Наадварот, набраўшыся рашучасьці, мы павінны працягваць служыць Вярхоўнаму Госпаду, выконваючы свае абавязкі ў сьвядомасьці Крышны. Гэта дасканаласьць дзейнасьці. Калі чалавек выконвае свае абавязкі для таго, каб задаволіць Вярхоўнага Госпада, ягоная дзейнасьць вызваляецца ад заганаў. Калі, зьвязаныя з адданым служэньнем, вынікі нашай працы ачышчаюцца, мы атрымліваем здольнасьць убачыць сваё духоўнае «я», то бок дасягаем самаўсьведамленьня.

 

 

ВЕРШ 49

 

асакта-буддхіх сарватра джітатма вігата-спріхах
наішкармйа-сіддхім парамам саннйасенадхігаччхаті

 

асакта-буддхіх - той, чый розум вольны ад прыхільнасьцяў; сарватра - усюды; джіта-атма - той, чый вум пераможаны; вігата-спріхах - пазбаўлены матэрыяльных жаданьняў; наішкармйа-сіддхім - дасканаласьць, якая складаецца з адсутнасьці наступстваў дзейнасьці; парамам - вышэйшая; саннйасена - адрачэньнем ад сьвету; адхігаччхаті - знаходзіць.

Той, хто ўтаймаваў вум і пачуц ь ці, вызваліўся ад прыхільнас ь цяў і імкнен ь ня да матэрыяльных задавальнен ь няў, можа, адрокшыся ад с ь вету, дасягнуць вышэйшай ступені дасканалас ь ці - вызваленьня ад кармы.

КАМЭНТАР: Сапраўды адрачыся ад сьвету - значыць заўсёды помніць пра тое, што мы зьяўляемся часьцінкамі Вярхоўнага Госпада і таму ня маем права цешыцца вынікамі сваёй працы. Паколькі мы - часьцінкі Ўсявышняга, плады нашай дзейнасьці прызначаны для таго, каб дастаўляць асалоду Госпаду. Гэта сапраўдная сьвядомасьць Крышны. Чалавек, які дзейнічае ў сьядомасьці Крышны, - сапраўдны саннйасі, які адрокся ад сьвету. Дзейнічаючы ў падобным настроі думак, ён знаходзіць задавальненьне, бо ўсё, што ён робіць, ён робіць дзеля Вярхоўнага Госпада. Таму такі чалавек не прывязаны ні да чаго матэрыяльнага; ён не шукае іншых задавальненьняў, апроч духоўнай асалоды, якую прыносіць яму служэньне Госпаду. Лічыцца, што саннйасі вольны ад усіх наступстваў сваёй мінулай дзейнасьці, аднак той, хто дзейнічае ў сьвядомасьці Крышны, натуральным чынам дасягае гэтай дасканаласьці, нават не даючы так званага зароку адрачэньня. Такі стан вума называюць йогарудха, дасканаласьцю йогі. Aналягічнае сьцьверджаньне ёсьць у трэцяй частцы: йас тв атма-ратір эва сйат. Таму, хто чэрпае задавальненьне ў самім сабе, ня трэба баяцца ніякіх наступстваў сваіх учынкаў.

 

 

ВЕРШ 50

 

сіддхім прапто йатха брахма татхапноті нібодха ме
самасенаіва каунтейа
ніштха джнанасйа йа пара

 

сіддхім - дасканаласьць; праптах - той, хто знайшоў; йатха - як; брахма - Усявышні; татха - так; апноті - дасягае; нібодха - зразумей; ме - Мяне; самасена - у кароткім выкладзе; эва - абавязкова; каунтейа - о сын Куньці; ніштха - ступень; джнанасйа - веды; йа - якая; пара - трансцэндэнтная.

О сын Куньці, цяпер Я коратка растлумачу табе, як павінен дзейнічаць чалавек, які дасягнуў гэтай дасканалас ь ці, каб устаць на ўзровень Брахмана і такім чынам атрымаць вышэйшае веданьне.

КАМЭНТАР: Госпад расказвае Aрджуне пра тое, як чалавек можа дасягнуць вышэйшай ступені дасканаласьці, проста выконваючы прадпісаныя яму абавязкі і прысьвячаючы свае дзеяньні Вярхоўнай Асобе Бога. Вышэйшай ступені, усьведамленьня Брахмана, дасягае той, хто дзеля задавальненьня Вярхоўнага Госпада адмаўляецца ад пладоў сваёй працы. Такі шлях самаўсьведамленьня. Па-сапраўднаму дасканалым веданьнем зьяўляецца чыстая сьвядомасьць Крышны, пра што гаворыцца ў наступных вершах.

 

 

ВЕРШЫ 51-53

 

буддхйа вішуддхайа йукто дхрітйатманам нійамйа ча
шабдадін вішайамс тйактва
рага-двешау вйудасйа ча

 

вівікта-севі лагхв-аші йата-вак-кайа-манасах
дхйана-йога-паро нітйам ваірагйам самупашрітах


аханкарам балам дарпам камам кродхам паріграхам
вімучйа нірмамах шанто брахма-бхуйайа калпате

 

буддхйа – розумам; вішуддхайа - цалкам ачышчаным; йуктах - заняты; дхрітйа - з рашучасьцю; атманам - вум; нійамйа - падпарадкаваўшы; ча - таксама; шабда-адін - гук і іншае; вішайан - аб'екты пачуцьцяў; тйактва - адпрэчыўшы; рага - любоў; двешау - і нянавісьць; вйудасйа - адкінуўшы; ча - таксама; вівікта-севі - які жыве ў самотным месцы; лагху-аші - які мала есьць; йата - утаймаваны; вак - маўленьне; кайа - цела; манасах - той, чый вум; дхйана-йога-парах - пагружаны ў транс; нітйам - увесь час; ваірагйам - да безуважнасьці; самупашрітах - які зьвярнуўся; аханкарам - падманнага эга; балам - падманную сілу; дарпам - падманны гонар; камам - пажадлівасьць; кродхам - гнеў; паріграхам - хапужніцтва; вімучйа - пакінуўшы; нірмамах - пазбаўлены пачуцьця ўласнасьці; шантах - залагоджаны; брахма-бхуйайа - для самаўсьведамленьня; калпате - падыходзіць.

Той, хто, абапіраючыся на розум, ачыс ь ціў с ь вядомас ь ць і выкананы рашучас ь ці трымаць розум у цуглі; хто адмовіўся ад аб'ектаў пачуц ь цёвых асалод аў ; хто вольны ад прыхільнас ь цяў і непрыязі; хто жыве ў самотным месцы, мала ес ь ць, авалодаў сваімі целам, розумам і гаворкай; хто заўсёды знаходзіцца ў стане трансу; хто адхілены і вольны ад падманнага эга, падманнага жадан ь ня стаць мацней, ганарыстас ь ці, пажадлівас ь ці, гневу і падманнага пачуц ь ця ўласнас ь ці; хто ня лічыць, што яму належыць нешта, і заўсёды залагоджаны, - той ус ь вядоміў сваю духоўную прыроду.

 

КАМЭНТАР: Той, хто ачысьціў свой розум, знаходзіцца пад уплывам гуны даброці. Такі чалавек здольны валодаць сваім вумом і заўсёды знаходзіцца ў стане трансу. Ён не адчувае прыхільнасьці да аб'ектаў пачуцьцяў і ў сваёй дзейнасьці перастае кіравацца прыхільнасьцю ці непрыязьзю. Чалавек, які дасягнуў такога ўзроўня безуважнасьці, натуральна, імкнецца жыць у самотным месцы, ён есьць роўна столькі, колькі патрэбна, і цалкам валодае целам і вумом. У яго няма падманнага эга, бо ён не атаясамляе сябе з матэрыяльным целам і вумом. У яго таксама няма жаданьня зрабіць сваё цела дужым і моцным з дапамогай матэрыяльнага спрыту. Выйдучы з-пад уплыву целавых уяўленьняў аб жыцьці, ён цалкам вызваляецца ад ганарыстасьці. Ён здавольваецца тым, што прыходзіць да яго з ласкі Госпада, і ніколі не гневаецца, калі ў яго не атрымліваецца задаволіць свае пачуцьці. Ён таксама не імкнецца завалодаць аб'ектамі пачуцьцяў. Такім чынам, калі чалавек цалкам зжывае падманнае эга, ён перастае адчуваць прыхільнасьць да матэрыяльных рэчаў і дасягае ступені ўсьведамленьня Брахмана. Гэтая ступень называецца брахма-бхута. Вызваліўшыся ад матэрыяльных уяўленьняў аб жыцьці, чалавек робіцца залагоджаным і спакойным. Гэты стан апісаны ў «Бхагавад-гіце» (2.70):

 

апурйаманам ачала-пратіштхам
самудрам апах правішанті йадват
тадват кама йам правішанті сарве
са шантім апноті на кама-камі

 

«Той, каго не турбуе бясьперапынны струмень жаданьняў, падобны да акіяну, які ніколі не выходзіць зь берагоў, хоць у яго западае мноства рэк. Толькі такі чалавек здольны знайсьці супакаеньне, але ня той, хто імкнецца задаволіць свае жаданьні».

 

 

ВЕРШ 54

 

брахма-бхутах прасаннатма на шочаті на канкшаті
самах сарвешу бхутешу мад-бхактім лабхате парам

 

брахма-бхутах - адзіны з Aбсалютам; прасанна-атма - споўнены весялосьці; на - не; шочаті - смуткуе; на - не; канкшаті - жадае; самах - роўны; сарвешу - ува ўсіх; бхутешу - жывых істотах; мат-бхактім - адданае служэньне Мне; лабхате - знаходзіць; парам - трансцэндэнтнае.

Той, хто знаходзіцца ў гэтым трансцэндэнтным стане, адразу спас ь цігае Вярхоўны Брахман і спаўняецца радас ь ці. Ён ніколі не смуткуе і нічога не жадае. Ён аднолькава став і цца да ўсіх жывых істот аў . Дасягнуўшы гэтага стану, чалавек знаходзіць чыстае адданае служэн ь не Мне.

КАМЭНТАР: Для імпэрсаналіста дасягненьне ўзроўня брахма-бхуты, зьліцьця з Aбсалютам, зьяўляецца вышэйшай ступеньню дасканаласьці. Аднак чысты адданы, не спыняючыся на гэтым, пачынае займацца чыстым адданым служэньнем. Гэта значыць, што чысты адданы, які служыць Вярхоўнаму Госпаду, ужо атрымаў вызваленьне, то бок дасягнуў узроўня брахма-бхуты і стаў адзіным з Aбсалютам. Без адзінства з Усявышнім, то бок з Aбсалютам, немагчыма служыць Яму. На абсалютным узроўні сьціраецца мяжа паміж слугой і спадаром, хоць у вышэйшым, духоўным сэньсе адрозьненьне паміж імі застаецца заўсёды.

 

У матэрыяльным сьвеце, дзе людзі працуюць дзеля таго, каб цешыцца, пакуты непазьбежныя, але ў абсалютным сьвеце, дзе жывыя істоты займаюцца чыстым адданым служэньнем, пакутаў не існуе. Адданы, які валодае сьвядомасьцю Крышны, ні аб чым не смуткуе і нічога не жадае. Паколькі Госпад зьяўляецца поўным самадастатковым цэлым, душа, якая служыць Госпаду ў сьвядомасьці Крышны, таксама атрымлівае самадастатковасьць і поўнасьць. Яна прыпадабняецца рацэ, якая цалкам ачысьцілася ад каламуці. Паколькі адданы не думае ні пра што, апроч Крышны, ён заўсёды адчувае радасьць. Ён не смуткуе пра матэрыяльныя страты і не імкнецца да матэрыяльных набыцьцяў, бо служэньне Госпаду зрабіла яго самадастатковым. Ён не жадае матэрыяльных асалодаў, бо ведае, што кожная жывая істота, будучы аддзеленай часьцінкай Вярхоўнага Госпада, заўсёды застаецца Яго слугой. Жывячы ў матэрыяльным сьвеце, ён ня бачыць адрозьненьняў паміж людзьмі, якія займаюць высокае ці нізкае становішча ў грамадзтве. Любое становішча ў матэрыяльным сьвеце зыбкае, а адданы ня мае нічога агульнага з прывіднай, зыбкай рэальнасьцю. Для яго камень і зьлітак золата маюць аднолькавую каштоўнасьць. Такі ўзровень брахма-бхуты, і чыстаму адданаму не цяжка дасягнуць яго. Таму, хто знаходзіцца на гэтым узроўні, стан зьліцьця зь Вярхоўным Брахманам і страты сваёй індывідуальнасьці ўяўляецца пеклам, райскія плянэты прывабліваюць яго ня больш, чым міраж, а яго пачуцьці прыпадабняюцца да зьмеяў, якія пазбавіліся атрутных зубоў. Як зьмяя, у якой няма атрутных зубоў, ні ў каго не выклікае страху, гэтак і пачуцьці, паслухмяныя голасу розуму, перастаюць быць небясьпечнымі. Сьвет прычыняе пакуты толькі таму, хто заражаны матэрыяльнай гнюсьсю, але для адданага ўвесь сьвет робіцца Вайкунтхай, альбо духоўным царствам. Самая вялікая асоба ў матэрыяльным сусьвеце здаецца яму нікчэмней за мурашку. Дасягнуць гэтага ўзроўня можна па міласьці Госпада Чайтанйі, які ў цяперашнюю эпоху прапаведаваў чыстае адданае служэньне.

 

 

ВЕРШ 55

 

бхактйа мам абхіджанаті йаван йаш часмі таттватах
тато мам таттвато джнатва вішате тад-анантарам

 

бхактйа - чыстым адданым служэньнем; мам - Мяне; абхіджанаті - спазнае; йаван - наколькі; йах ча асмі - як Я ёсьць; таттватах - сапраўды; татах - таму; мам - Мяне; таттватах - сапраўды; джнатва - спазнаўшы; вішате - уваходзіць; тат-анантарам - адразу пасьля таго.

Спас ь цігнуць Мяне, Вярхоўную Асобу Бога, такім, які Я ёс ь ць, можна толькі з дапамогай адданага служэн ь ня. І калі дзякуючы адданаму служэн ь ню ўся с ь вядомас ь ць чалавека засяроджваецца на Мне, ён уступае ў царства Бога.

КАМЭНТАР: Абстрактныя разважаньні неадданных не даюць ім магчымасьці спасьцігнуць Вярхоўную Асобу Бога, Крышну, і Яго поўныя ўвасабленьні. Той, хто хоча спасьцігнуць Вярхоўнага Госпада, павінен займацца чыстым адданым служэньнем пад кіраўніцтвам чыстага адданага. У адваротным выпадку сапраўдная прырода Вярхоўнай Асобы Бога яму ніколі не адкрыецца. Як ужо гаварылася, нахам пракашах сарвасйа (Б.-г., 7.25). Госпад не адкрывае сябе ўсім і кожнаму. Яго немагчыма спасьцігнуць, абапіраючыся толькі на шырокія спазнаньні ці філязофскія разважаньні. Па-сапраўднаму спасьцігнуць Крышну можа толькі той, хто валодае сьвядомасьцю Крышны і займаецца адданым служэньнем. Навуковыя ступені тут не дапамогуць.

 

Той, хто дасканала ведае навуку пра Крышну, атрымлівае права ўвайсьці ў духоўнае царства, прыстанак Крышны. Стаць Брахманам - не значыць страціць сваю індывідуальнасьць. На ўзроўні брахма-бхуты застаецца адданае служэньне, а там, дзе ёсьць адданае служэньне, павінны быць Госпад, адданы і служэньне Госпаду. Навука адданага служэньня незьнішчальная і працягвае існаваць нават пасьля таго, як чалавек атрымлівае вызваленьне. Знайсьці вызваленьне - значыць вызваліцца ад матэрыяльнай канцэпцыі жыцьця; у духоўным жыцьці працягваюць існаваць адрозьненьні, працягвае існаваць індывідуальнасьць, але ў чыстай сьвядомасьці Крышны. Ня трэба памыляцца, думаючы, што слова вішате («уваходзіць у Мяне») пацьвярджае тэорыю маністаў пра поўнае зьліцьцё жывой істоты з безасабовым Брахманам. Не. Вішате значыць, што жывая істота ўваходзіць у прыстанак Вярхоўнага Госпада, захоўваючы індывідуальнасьць, што яна ўступае ў зносіны зь Ім і служыць Яму. Калі зялёны папугай хаваецца ў зялёнай кроне дрэва, ён робіць гэта не для таго, каб стаць дрэвам, а для таго, каб нацешыцца яго пладамі. Імпэрсаналісты часта прыводзяць прыклад ракі, якая западае ў акіян і зьліваецца зь ім. Гэта пэрспэктыва можа цешыць сэрца імпэрсаналіста, але пэрсаналісты заўсёды захоўваюць сваю індывідуальнасьць, падобна рыбам, якія жывуць у акіяне. Апусьціўшыся ў акіянскія глыбіні, мы ўбачым, што яго насяляе мноства жывых істотаў. Павярхоўнага знаёмства з акіянам яшчэ не дастаткова, каб скласьці поўнае ўяўленьне пра яго. Па-сапраўднаму ведае акіян толькі той, хто ведае ўсё пра насельнікаў яго глыбінь.

 

Таму, хто займаецца чыстым адданым служэньнем, адкрываюцца сапраўдныя духоўныя якасьці і дасканаласьці Вярхоўнага Госпада. У адзінаццатай частцы ўжо гаварылася, што атрымаць веданьне можна толькі падчас адданага служэньня. Тое ж самае пацьвярджае дадзены верш: займаючыся адданым служэньнем, чалавек спасьцігае Вярхоўнага Госпада і ўваходзіць у Яго царства.

 

Устаўшы на ўзровень брахма-бхуты і вызваліўшыся ад матэрыяльных уяўленьняў пра жыцьцё, чалавек пачынае займацца адданым служэньнем Госпаду, слухаючы аповеды пра Яго. Але той, хто ўжо слухае пра Вярхоўнага Госпада, не прыкладаючы асаблівых высілкаў, дасягае ўзроўня брахма-бхуты і ачышчаецца ад матэрыяльнае гнюсі: прагнасьці й жаданьня пачуцьцёвых задавальненьняў. Па меры таго як сэрца адданага вызваляецца ад прагнасьці й пажадлівасьці, яго прыхільнасьць да служэньня Госпаду яшчэ больш узмацняецца, дапамагаючы яму цалкам ачысьціцца ад матэрыяльнае гнюсі. На гэтым узроўні ён атрымлівае магчымасьць спасьцігнуць Вярхоўнага Госпада. Пра гэта гаворыцца таксама ў «Шрымад-Бхагаватам». Працэс бхакті, трансцэндэнтнага служэньня, працягваецца і пасьля вызваленьня. «Веданта-сутра» (4.1.12) пацьвярджае гэта: а-прайанат татрапі хі дріштам. «Шрымад-Бхагаватам» вызначае сапраўднае вызваленьне ў адданым служэньні як здабыцьцё жывой істотай сваёй сапраўднай прыроды, яе вяртаньне ў свой натуральны стан. Мы ўжо казалі, што па прыродзе кожная жывая істота зьяўляецца неад'емнай часьцінкай Вярхоўнага Госпада. Таму яе прызначэньне - служыць Усявышняму, нават пасьля вызваленьня ад матэрыяльнага рабства. Атрымаць сапраўднае вызваленьне - значыць пазбавіцца падманных уяўленьняў аб жыцьці. Калі чалавек, які пакутуе ад жаўтухі, вылечваецца ад яе з дапамогай цукровых ледзяшоў, да яго вяртаецца здольнасьць цешыцца смакам цукру. Такім чынам, адданае служэньне - гэта адначасова шлях да дасканаласьці і сама дасканаласьць.

 

ВЕРШ 56

 

сарва-карманй апі сада курвано мад-вйапашрайах
мат-прасадад авапноті шашватам падам авйайам

 

сарва - усе; кармані - віды дзейнасьці; апі - хоць; сада - заўсёды; курванах - які робіць; мат-вйапашрайах - абаронены Мною; мат-прасадат - дзякуючы Маёй міласьці; авапноті - знаходзіць; шашватам - вечны; падам - прыстанак; авйайам - неразбуральную.

Нават займаючыся разнастайнай дзейнасьцю, Мой чысты адданы знаходзіцца пад Маёй абаронай, і па Маёй мілас ь ці дасягае вечнага й нятленнага прыстанку.

КАМЭНТАР: Мад-вйапашрайах значыць «пад абаронай Вярхоўнага Госпада». Каб цалкам ачысьціцца ад матэрыяльнае гнюсі, чысты адданы дзейнічае пад кіраўніцтвам Вярхоўнага Госпада ці Яго прадстаўніка, духоўнага настаўніка. Для чыстага адданага не існуе абмежаваньняў па часе. Ён заўсёды, круглыя суткі, пагружаны ў дзейнасьць, зьвязаную з выкананьнем указаньняў Вярхоўнага Госпада. Да такога адданага, паглынутага дзейнасьцю ў сьвядомасьці Крышны, Госпад заўсёды вельмі добры. Пераадолеўшы ўсе цяжкасьці, ён урэшце дасягае духоўнага прыстанку, Крышналокі. Месца ў гэтым прыстанку яму забясьпечана - у гэтым ня можа быць ніякіх сумневаў. Гэты вечны прыстанак не падлягае зьменам; усё існае там вечнае, нятленнае і споўненае ведаў.

 

 

ВЕРШ 57

 

четаса сарва-кармані майі саннйасйа мат-парах
буддхі-йогам упашрітйа мач-чіттах сататам бхава

 

четаса - розумам; сарва-кармані - усе формы дзейнасьці; ма й і - ува Мне; саннйасйа - пакінуўшы; мат-парах – які знаходзіцца пад Маёй абаронай; буддхі-йогам - дзейнасьць у адданым служэньні; упашрітйа - знойдучы як прыстанак; мат-чіттах – які думае пра Мяне; сататам - заўсёды (круглыя суткі); бхава - будзь.