Семінар 6. Сістэма міжнародных культурных сувязяў перыяду "халоднай вайны" (1945-1989)

Пытанні для абмеркавання:

1. Фарміраванне пасляваеннай структуры культурных інстытутаў краін Еўропы.

2. Роля ЮНЕСКА ў развіцці міжнародных культурных сувязей у 1950-я-1980-я гг.

3. Асноўныя супярэчнасці сістэмы міжнародных культурных сувязяў перыяду "халоднай вайны".

4. Асноўныя напрамкі і поспехі міжнародных культурных сувязяў БССР у 1940-х-пач. 1980-х гг.

5. Асаблівасці міжнародных культурных сувязяў БССР у другой палове 1980-х-пач. 1990-х гг.

 

Пры падрыхтоўцы адказу на першае пытанне акрамя матэрыялу лекцыі дапамогуць артыкулы Г. Пашалідзіса і У. Вадап’янава (нумары 12 і 2 у спісе літаратуры), а таксама інтэрнэт-публікацы па гісторыі дзейнасці Саюза савецкіх таварыстваў дружбы і культурнай сувязі з замежнымі краінамі (нумар 7). Асаблівасцю гэтага перыяду з’яўлялася дэкаланізацыя. Былыя метраполіі шукалі новыя шляхі ўздзеяння на свае былыя калоніі. Неабходна назваць асноўныя культурныя інстытуты краін Еўропы, якія былі створаны ў гэты перыяд, звярнуць увагу на той факт, што акрамя “вялікіх дзяржаў” пытаннямі замацавання сваёй культурнай прысутнасці за мяжою займаліся і іншыя краіны (Балгарыя, Чэхаславакія, Венгрыя).

Асобна патрэбна распавесці пра рэгіянальнае культурнае супрацоўніцтва сацыялістычных краін, краін Савета Еўропы і поўначы Еўропы (тут дапаможа публікацыя пад нумарам 2 у спісе літаратуры), стварэнне і дзейнасць шэрагу міжнародных няўрадавых арганізацый (назваць асноўныя).

Адказ на другое пытанне рыхтуецца на падставе лекцыі і тэксту Дэкларацыі прынцыпаў міжнароднага культурнага супрацоўніцтва ЮНЕСКА 1964 г. (самастойны пошук у Інтэрнеце). Арганізацыя стала правапераемнікам міжнароднага камітэта Лігі Нацый па пытаннях інтэлектуальнага супрацоўніцтва і яго выканаўчай установы – Міжнароднага інстытута інтэлектуальнага супрацоўніцтва. Адным з першых дасягненняў ЮНЕСКА ў галіне культуры стала Сусветная канвенцыя аб аўтарскім праве, прынятая ў 1952 г. Дзейнасць Арганізацыі ў сферы культурнай спадчыны атрымала вядомасць падчас кампаніі па выратаванні нубійскай храмаў, разгорнутай у 1960 г. Нават падчас “халоднай вайны” і ў працэсе дэкаланізацыі ЮНЕСКА ўдавалася аб'ядноўваць навукоўцаў, спецыялістаў, праваабаронцаў і моладзь з розных краін свету.

Неабходна падрабязна спыніцца на пераказе асноўных палажэнняў Дэкларацыі прынцыпаў міжнароднага культурнага супрацоўніцтва 1966 г.

ЮНЕСКА першай прапанавала тэзіс, што культура з'яўляецца адным з найважнейшых кампанентаў развіцця. Сярод ключавых падзей у гэтай галіне варта адзначыць Сусветную канферэнцыю па палітыцы ў галіне культуры, якая прайшла ў Мехіка ў 1982 г.

Сярод асноўныя супярэчнасці сістэмы міжнародных культурных сувязяў перыяду "халоднай вайны" (трэцяе пытанне): 1) Захад vs. Усход: “Халодная вайна” была шмат у чым вайною культур. Палітызацыя культуры, якая ўзмацнілася міжваеннай прапагандай, у пасляваенны час ператварае культуру ў сродак ідэалогіі і сінонім ідэалогіі.

2) Поўнач vs Поўдзень. У эпоху распаду імперый, знешняя культурная палітыка была шырока разгорнута для захавання або развіцця эканамічных і культурных сувязяў паміж метраполіяй і былымі каланіяльнымі краінамі, забяспечваючы альтэрнатыўную, новую структуру інтэграцыі.

3) ЗША vs Еўропа. Глабальны ўздым англійскай мовы ў пасляваенны перыяд у спалучэнні з заваяваннем амерыканскай папулярнай культуры сусветнага і еўрапейскага культурных рынкаў зрабілі актуальнай канцэпцыю «культурнага імперыялізму».

Публікацыі В. Шадурскага, Л. Уласавай а таксама шосты том шасцітомнай “Гісторыі Беларусі” (адпаведна нумары 9, 1, 3 у спісе літаратуры) дапамогуць падрыхтаваць разгорнуты адказ на чацвёртае пытанне. Спачатку неабходна назваць абставіны, якія перашкаджалі шырокаму развіццю замежных сувязяў Беларусі ў пасляваенны перыяд. Затым ахарактарызаваць дзейнасць Беларускае таварыства дружбы і культурнай сувязі з замежнымі краінамі (БелТД) і таварыства “Радзіма”.

Неабходна адзначыць розніцу ў формах міжнарожнага культурнага супрацоўніцтва БССР з сацыялістычнымі і капіталістычнымі краінамі, правесці канкрэтныя прыклады супрацоўніцтва. Асобна неабходна распавесці аб рэгіянальным супрацоўсніцтве, правядзенні Дзён культуры, літаратурных перакладах, супрацоўніцтве ў сферы кіно.

Пры падрыхтоўцы адказа на пятае пытанне неабходна выкарыстаць артыкул В. Шадурскага і шосты том шасцітомнай “Гісторыі Беларусі” (нумары 10, 3 у спісе літаратуры). Важная роля ў развіцці замежных сувязяў у доследны перыяд па-ранейшаму належала Беларускаму таварыству дружбы і культурных сувязяў з замежнымі краінамі. Змены ў знешняй і ўнутранай палітыцы Савецкага Саюза ў другой палове 1980-х гг. спрыялі пашырэнню грамадскіх кантактаў з арганізацыямі і зямляцтвамі суайчыннікаў, якія пражывалі ў ЗША, Канадзе, Аргенціне, Англіі, Бельгіі, Галандыі і іншых краінах. Узаемная цікавасць прывяла да стварэння ў верасні 1990 г. Згуртавання беларусаў свету "Бацькаўшчына". Неабходна назваць найбольш вядомых замежных даследчыкаў беларускай гісторыі, культуры, мовы.

Асобна трэба падкрэсліць культурны аспект гуманітарнага супрацоўніцтва, якое разгарнулася пасля аварыі на Чарнобыльскай АЭС. У гэты перыяд пашыраецца рух пародненых гарадоў.

Для паўнаты адказу трэба прывесці канкрэтныя прыклады кантактаў у розных сферах культуры.

 

Тэмы рэфератаў:

1. Дзейнасць БССР ў ЮНЕСКА ў 1954-1989 гг.

2. ЗША ў сістэме міжнародных культурных сувязяў 1945-1989 гг.