Семінар 5. Культурныя сувязі перыяду сусветнай каланіяльнай сістэмы (1870-1945)
Пытанні для абмеркавання:
1. Асаблівасці і асноўныя формы міжнародных культурных сувязей ў 1870-1914 гг.
2. Уплыў еўрапейскай культурнай традыцыі на мадэрнізацыйныя працэсы ў Азіі.
3. Рост дыпламатычнай актыўнасці ў сферы культуры ў міжваенны час (1921-1939 гг.).
4. Станаўленне міжнародных культурных сувязей беларускіх зямель у XIX – пачатку ХХ ст.
5. Асаблівасці культурных кантактаў БССР у 1921-1939 гг.
Адказ на першае пытанне рыхтуецца на падставе канспекта лекцыі. У эпоху позняга Новага часу, якую яшчэ называюць перыядам імпэрыялізму, становіцца відавочным, што культура, міжкультурныя камунікацыі могуць стаць важнай часткай міжнародных адносін, гнуткім і вельмі эфектыўным інструментам у вырашэнні палітычных і эканамічных пытанняў. У апошняй чвэрці XIX ст. адбываецца стварэнне сусветнай каланіяльнай сістэмы. Неабходна адзначыць, якія еўрапейскія краіны ў гэты перыяд стварылі свае імперыі. Паралельна з працэсам каланізацыі ішоў другі геапалітычны працэс – дэкаланізацыя. Таксама неабходна назваць краіны, якія сталі незалежнымі на працягу ХІХ-пачатку ХХ ст.
Патрабуецца раскрыць змест тэзіса аб тым, што каланіяльная палітыка Брытанскай імперыі ў галіне культуры стала падставай для з'яўлення ў XIX ст. тэрміна «культурны імперыялізм», а таксама тэарэтычныя абгрунтаванні знешняй культурнай палітыкі Германіі, Францыі, Італіі ў духу "маральных заваёў" ці "палітыкі без вайны". Важнай адметнасцю гэтага перыяда з’яўляецца арыентацыя некаторых краін на працу са сваёй дыяспарай (якія гэта краіны?), пашырэнне адукацыйных устаноў за мяжою і “вайна моваў”.
Толькі з развіццём імперскага каланіялізму з’яўляюцца першыя пастаянныя культурныя ўстановы асобных дзяржаў за мяжою. Для поўнага адказу неабходна прывесці канкрэтныя прыклады. Адносна Францыі можа дапамагчы публікацыя, якая пазначана ў спісе літаратура пад нумарам 12.
У гэты перыяд было заключана першае двухбаковае міждзяржаўнае пагадненне аб культурным супрацоўніцтве (паміж якімі краінамі?), былі створаны т.зв. “саюзы замежжа” ці “замежныя саюзы” і парныя ці дуалістычныя саюзы (якая краіна тут больш адзначылася?).
Пры адказе на другое пытанне неабходна выкарыстаць тэкст лекцыі а таксама публікацыі, якія пазначаны ў спісе літаратуры нумарамі 10, 11, 19, 23. Асаблівую ўвагу трэба звярнуць на Кітай, Японію, Карэю, Турцыю.
Палітыка мадэрнізацыі, якая праводзілася ў Кітаі ў 1860-1890 гг., атрымала назву палітыкі «самаўзмацнення». Кітай выбарча запазычаў ў Захаду тэхнічныя навінкі. Ажыццяўляўся пераклад замежных кніг на кітайскую мову, сталі выдавацца газеты. Пры характарыстыцы наступнага этапу – нацыянальнага патрыятызму – патрэбна звярнуць увагу на ўплыў хрысціянства і сацыялістычных ідэй на лідэраў кітайскай мадэрнізацыі.
Ведучы гаворку пра Японію, неабходна расказаць пра асноўныя рэформы, якія атрымалі назву Рэстаўрацыя Мэйдзі, уплыў на яе еўрапейскай палітыка-прававой сістэмы. Асобна трэба спыніцца на еўрапейскім і амерыканскім уплыве ў мове.
Ва ўрадзе Карэі была невялікая група рэфарматараў, якія выступалі за «самаўзмацненне». Студэнты, якія атрымалі адукацыю ў Японіі, дзе вывучалі еўрапейскія навукі, сталі выступаць за пераўтварэнне краіны на ўзор еўрапейскіх дзяржаў. Якая краіна стала ўзорам для прыхільнікаў руху «Кэхва Ундон»?
У чым адметнасць мэдэрнізацыі Турцыі ў 1920-я гады? Як абгрунтоў галоўны ідэолаг кемалізму Зія Гек Алп неабходнасць прыняцця заходняй цывілізацыі? У якой сферы запазычанні еўрапейскіх узораў былі найбольшыя?
Адказ на трэцяе пытанне будуецца на падставе тэкста лекцыі. Неабходна адзначыць, што перыд 1921-1945 гг. адносна характару міжнародных культурных сувязей атрымаў назву “культурная прапаганда”. Пасля вайны дзяржаўныя органы выступаюць ініцыятарамі стварэння разнастайных міжнародных устаноў, якія атрымліваюць дзяржаўнае фінансаванне і знаходзяцца пад непасрэдным куратарствам дзяржавы. Назіраецца ўсплеск дыпламатычнай актыўнасці ў сферы культуры. Пасля Першай сусветнай вайны быў створаны першы міжнародны інстытут шматбаковага супрацоўніцтва (як ён называўся).
Культурныя сувязі выкарыстоўваліся для дасягнення палітычных і прапагандысцкіх мэтаў. Адной з галоўных было стварэнне станоўчага іміджу краіны за мяжою. Найбольш гэта вызначэнне датычыць знешняй культурнай палітыкі Германіі і СССР. Адносна СССР можа дапамагчы з адказам публікацыя пад нумарам 7, 9, 17, 22. Раскрыць змест міжнародных культурных сувязей Германні ў 1919-1932 гг. дапаможа кніга В. Космача (нумар 13 у спісе літаратуры). Неабходна назваць асноўныя ўстановы ў абедзьвюх краінах, якія займаліся пытаннямі міжнародных культурных сувязей.
Сярод напрамкаў прапаганды фашысцкай Італіі значнае месца займала прапаганда карпаратывізму і карпаратыўнай сістэмы ў цэлым, дасягненняў фашысцкай эканомікі і культуры, а таксама каланіяльнай палітыкі. Неабходна расказаць пра дзейнасць культурнай асацыяцыі «Італіка», Фашысцкага інстытута культуры, Італьянскіх інстытутаў культуры пры італьянскіх пасольствах за мяжою.
Для больш поўнага адказу трэба прывесці прыклады стварэння іншымі краінамі спецыяльных ўстаноў у сферы міжнародных культурных кантактаў (Вялікабрытанія, Францыя, Балгарыя, Венгрыя).