Семінар 2. Культурныя кантакты ў антычным свеце
Пытанні для абмеркавання
1. Рэлігія і міфалогія Старажытнай Грэцыі ў кантэксце міжкультурных кантактаў і ўплываў.
2. Уплыў дасягненняў культуры Старажытнай Грэцыі на іншыя краіны і народы.
3. Культура элінізму ў суседніх дзяржавах.
4. Распаўсюджанне рымскай культуры, навукі і адукацыі.
Для адказу на першае пытанне выкарыстоўваецца матэрыял публікацый пад нумарамі 5, 7, 10 са спісу літаратуры. Неабходна падкрэсліць факт уплыву ўсходніх культаў на фарміраванне рэлігіі Старажытнай Грэцыі. Прывесці канкрэтныя прыклады. Асобна адзначыць культ сінкрэтычнага грэка-егіпецкага бога Серапіса.
Неабходна расказаць пра шэраг міфалагічных сюжэтаў і матываў, якія былі запазычаны грэчаскай міфалогіяй. Сюды трэба аднесці міф пра патоп (відавочна, вавілонскага паходжання), а таксама міфы, звязаныя з багамі, якія прыйшлі з Усходу (Дыяніс, кабіры і інш.).
Пры адказе на другое пытанне неабходна выкарыстаць раздзел “К читателю» з кнігі М. Куна “Богі і героі” (пазіцыя 7 у спісе літаратуры). Гэты матэрыял дапаможа расказаць пра месца грэчаскіх міфаў у агульначалавечай культуры. Матэрыял главы “Старажытнагрэчаская архітэктура” падручніка культуралогіі (пазіцыя 5 у спісе літаратуры) дазволіць расказаць пра ролю архітэктуры Старажытнай Грэцыі ў развіцці сусветнай архітэктуры. А у матэрыяле электроннай публікацыі пад намарам 5 неабходна знайсці матэрыял, які расказвае пра ўплыў філасофіі Старажытнай Грэцыі на філасофскую думку розных краін і народаў, тэатральнае мастацтва і драматургію, скульптуру і выяўленчае мастацтва.
Адказ на трэцяе пытанне таксама павінен асноўвацца на канспектыўным пераказе зместу электроннай публікацыі пад нумарам 5. Неабходна сказаць, што распаўсюджанне старажытнагрэчаскай культуры адбывалася шляхам каланізацыі, а таксама заваёўніцкіх паходаў Аляксандра Македонскага. Па-за межамі Грэцыі склаліся найбуйнейшыя цэнтры культуры. Такія, напрыклад, як Александрыя ў Егіпце і Пергам ў Малой Азіі. Пасля смерці Аляксандра яго імперыя распалася на шэраг манархій, які спалучалі ў сабе ўсходнія і грэчаскія формы праўлення. Перыяд іх існавання таму і называюць эліністычным. Яго культура мела эклектычны і экстэнсіўны характар. Інтэнсіўна развівалася толькі навука.
Характэрнай рысай эліністычнай культуры стала урбанізацыя. Новыя гарады Егіпта і Азіі былі грэчаскімі па абліччы, побыце, але іх кіраўнікі імкнуліся да не характэрнай для грэкаў ўсходняй раскошы. Галоўным цэнтрам эліністычнага свету стала Александрыя Егіпецкая. Эліністычная навука была шматграннай. Сярод яе самых высокіх дасягненняў варта вылучыць геаметрыю Еўкліда, геліяцэнтрычную гіпотэзу Арыстарха Самоскага, вопыт злучэння навукі і тэхнікі ў механіцы Архімеда, вынаходніцтва паравой турбіны Геранімам Александрыйскім, даследаванні ў галіне фізіялогіі і анатоміі Герафіла і Эрасістрата. Палібій распачаў першую спробу апісаць сусветную гісторыю, Эратасфен вымераў акружнасць зямлі і стварыў яе карту з паралелямі і мерыдыянамі, Тэафраст заклаў асновы батанікі і заалогіі, а Зенадот Эфескі і Філет Коскі займаліся праблемамі лексікі і стварылі першыя кнігі па гісторыі літаратуры, слоўнікі. А для класічных жанраў літаратуры элінізм стаў часам заняпаду.
Пры адказе на чацвёртае пытанне выкарыстоўваецца матэрыял з публікацый, пазначаных у спесе пад нумарамі 1, 4, 8. Асаблівая ўвага павінна быць звернута на працэсы раманізацыі, якія ахапілі ўсе народы, што ўваходзілі ў склад Рымскай імперыі. Неабходна азначыць, што ў перыяд Імперыі атрымліваюць вялікі ўплыў і шырокае распаўсюджванне асноўныя плыні рымскай філасофіі – эпікурыз, стаіцызм і неаплатанізм. Стаіцызм, асабліва погляды Сенэкі, аказаў моцны ўплыў на ранняе хрысціянства.
Філосаф Сенека ўнёс значны ўклад у развіццё трагедыйнага жанру. Менавіта антычную трагедыю драматургі Новага часу абралі ў якасці ўзору для пераймання. Уплыў на паэзію Новага часу аказала паэзія Гарацыя.
Дасягненні рымскай матэрыяльнай культуры сталі асновай тэхнічнага развіцця Заходняй Еўропы ў эпоху Сярэднявечча. Неабходна прывесці канкрэтныя прыклады.
Асобна патрэбна спыніцца на найважнейшай культурнай навацыі рымскай антычнасці – юрыспрудэнцыі.
Тэмы рэфератаў:
1. Эліністычная культура дзяржаў Малой Азіі, Блізкага Ўсходу, Егіпта.