Славутыя слуцкія паясы – адна з нацыянальных рэліквій беларусаў, цудоўны ўзор дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, які стаў не толькі гістарычным культурным сімвалам, але і сучасным брэндам Беларусі.

 

Надзвычай прыгожы, сімвалічны і дарагі прадмет мужчынскага гардэроба, даступны толькі выхадцам з вышэйшых саслоўяў – слуцкія паясы – ткалі ў Беларусі яшчэ ў XVIII стагоддзі. З імі звязаны дзіўныя падзеі і сямейныя таямніцы, загадкавыя і часам містычныя гісторыі.

Сёння старадаўнія слуцкія паясы – рарытэт: у Беларусі захоўваюцца адзінкавыя экзэмпляры і фрагменты, а большая частка твораў нацыянальнага дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва знаходзіцца ў музейных і прыватных калекцыях свету. Беларускія музеі захоўваюць 11 слуцкіх паясоў розных гадоў вырабу і рознага стану, а таксама шматлікія фрагменты.

Тым не менш, у нашай краіне , у горадзе Слуцку адроджаны ўнікальныя традыцыі вырабу слуцкіх паясоў. Сучасныя майстры робяць іх дакладныя копіі, аналагі і мастацкія стылізацыі, якія могуць стаць эксклюзіўным сувенірам з Беларусі.

 

Музей і пардпрыемства “Слуцкія паясы”.

Цікавыя факты пра слуцкія паясы

Славуты верш "Слуцкія ткачыхі" класіка беларускай літаратуры Максіма Багдановіча расказвае пра прыгонных дзяўчын, якія замест персідскага ўзору ткалі "цвяток радзімы васілька". Аднак лірычная гісторыя – мастацкая выдумка, паколькі ткаць паясы мелі права толькі мужчыны – умелыя майстры, праца якіх добра аплачвалася.

Стваральнік знакамітага беларускага ансамбля "Песняры", кампазітар і выканаўца Уладзімір Мулявін напісаў песню на словы Максіма Багдановіча, якая стала адной з самых папулярных у рэпертуары "Песняроў".

Слуцкія ткачыхі

Ад родных ніў, ад роднай хаты

У панскі двор дзеля красы

Яны, бяздольныя, узяты

Ткаць залатыя паясы.

І цягам доўгія часіны,

Дзявочыя забыўшы сны,

Свае шырокія тканіны

На лад персідскі ткуць яны.

А за сцяной смяецца поле,

Зіяе неба з-за акна, –

І думкі мкнуцца мімаволі

Туды, дзе расцвіла вясна;

Дзе блішча збожжа ў яснай далі,

Сінеюць міла васількі,

Халодным срэбрам ззяюць хвалі

Між гор ліючайся ракі;

Цямнее край зубчаты бора...

І тчэ, забыўшыся, рука,

Заміж персідскага узора,

Цвяток радзімы васілька.