Слуцк. Гісторыя і сучаснасць.

Гарады… Вялікія і малыя, розныя па сваіх абрысах і характарах, стаяць яны на зямлі нашай беларускай. І ў кожнага з іх свой лёс, свая гісторыя.

З глыбінь стагоддзяў дайшлі да нас звесткі пра Слуцк - старажытнейшы славянскі горад.

Назва места паходзіць ад ракі Случ. У сваю чаргу, найменьне рэчкі зьяўляецца вытворным ад слова "лука" — выгін ракі, лукавіна (злуч, злучына). У летапісах згадваецца як Случеск, Слуцек.
Летапісны Случаск, Слуцак упершыню ўпамінаецца ў "Аповесці мінулых гадоў" «В лѣто 6624. Приходи Володимеръ на Глѣба; Глѣбъ бо бѧше воевалъ Дрѣговичи и Случескъ пожегъ…», як горад Тураўскай зямлі.

З 1160 г. - цэнтр удзельнага Слуцкага княства, першым князем якога быў унук Уладзіміра Манамаха Уладзімір Мсціславіч. У розныя часы ў горадзе княжылі Рурыкавічы, Алелькавічы, Радзівілы. У 1320-1330-я гг. ён увайшоў у Вялікае княства Літоўскае.

Слуцк быў трэцім беларускім горадам, які пасля Брэста і Гродна на аснове магдэбургскага права атрымаў самакіраванне і герб (1441). Год ад году горад рос і прыгажэў і да XVI ст. стаў адным з палітычных і культурных цэнтраў ВКЛ. У 1579 г. ён быў падзелены паміж трыма братамі Алелькавічамі на Стары горад, Новы горад і Востраў. У 1592 г. княжна Соф'я Юр'еўна (апошняя прадстаўніца роду Алелькавічаў) аб'яднала землі княства, захавала яго праваслаўнае аблічча. Соф'я Слуцкая прылічана да Сабора беларускіх святых. У 1612 г. пасля яе смерці горад перайшоў да Радзівілаў. У 1617 г. Янушам Радзівілам заснавана Слуцкая кальвінісцкая гімназія - адна са старэйшых школ на Беларусі (існавала да 1918 г.). У 1630-1640-я гг. Багуслаў Радзівіл ператварыў Слуцк у горад-крэпасць. Пры княжацкім двары вёўся Слуцкі летапіс - помнік беларуска-літоўскага летапісання XVI ст., была бібліятэка. Пры Праабражэнскім брацтве працавалі школы для гараджан з выкладаннем на беларускай мове. У 1672-1705 гг. дзейнічала друкарня, у 1689-1773 гг. - езуіцкі калегіум. Падчас вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1654-1667 гг. Слуцк, адзіны з буйных гарадоў Беларусі, у 1655 г. вытрымаў аблогу расійскіх і казацкіх войск. Таму ў 1656 г. Б. Хмяльніцкі выдаў універсал з гарантыяй недатыкальнасці Слуцка з боку казацкіх атрадаў, а слуцкім купцам - вольнага гандлю на Украіне. У 1700 г. гораду канчаткова дадзена магдэбургскае права і герб. У Паўночную вайну 1700-1721 гг. Слуцк неаднаразова займалі шведскія войскі.

У 1751-1760-я гг. дзейнічала прыдворная тэатральная трупа Г.Ф. Радзівіла. У тэатры ставіліся оперы, балеты і драматычныя спектаклі. Балетная трупа падрыхтавана ў Слуцкай балетнай школе (заснавана ў 1756 г.). Спектаклі суправаджала капэла музыкантаў высокай кваліфікацыі. У 1740 г. М.К. Радзівіл заснаваў мануфактуру шаўковых паясоў (Слуцкая персіярня) - вырабаў ручнога шаўкаткацтва (дзейнічала да 1844 г.), дзе ствараліся шэдэўры беларускага дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, вядомыя на ўвесь свет.

У 1767 г. была ўтворана Слуцкая канфедэрацыя - саюз пратэстанцкай і праваслаўнай шляхты ВКЛ, арганізаваны для ўраўнавання яе ў правах з каталіцкай шляхтай. У 1793 г. Слуцк увайшоў у склад Расійскай імперыі, стаў цэнтрам Слуцкага павета Мінскай губерні (да 1924 г.). У 1823 г. быў складзены план забудовы горада, які прадугледжваў упарадкаванне вулічнай сеткі, будаўніцтва новых дамоў, зліццё цэнтра з ускраінамі. У 1831 г. скончана будаўніцтва ўчастка Маскоўска-Варшаўскай шашы, што праходзіла праз Слуцк і павет. У 1896 г. распачата будаўніцтва чыгуначнай лініі Асіповічы-Слуцк (скончана ў 1915 г.). У канцы XIX ст. насельніцтва горада складала больш за 14 тыс. чалавек.

З 27 верасня 1938 г. Слуцк - горад абласнога падпарадкавання. У чэрвені 1941 г. акупіраваны нямецка-фашысцкімі захопнікамі, якія арганізавалі тут лагер смерці, яўрэйскае гета, турму. Даваенны горад налічваў амаль 22 тыс. жыхароў, пасля вызвалення засталося толькі 7 тыс. чалавек. Акупантам аказвала супраціўленне патрыятычнае падполле. У ходзе Мінскай аперацыі 1944 г. Слуцк быў вызвалены.

Горад развіваўся паводле генеральных планаў 1947, 1962, 1977 і 1987 гадоў. Паводле перапісу насельніцтва на 01.01.2004 г. у горадзе налічвалася 62,3 тыс. чалавек (прадстаўнікі 43 нацыянальнасцей).

На сённяшні дзень захаваліся помнікі архітэктуры:

будынак духоўнага вучылішча 1767 г.,

Свята-Міхайлаўскі сабор (2-я палова XVIII ст.),

дом дваранскага сходу XVIII ст.,

мужчынская гімназія 1852 г.,

паштовая станцыя XIX ст.

Кажуць, гарады, як людзі. І яны бываюць шчаслівымі тады, калі жывуць у трох вымярэннях - сучасным, мінулым і будучым. У Слуцка ўсё гэта ёсць.

Слуцкія паясы