Патрабаванні да месца правядзення кірмашу
Выбар месца для размяшчэння і будаўніцтва аб’ектаў святочнага кірмашу (прадуктовых палатак, кіёскаў і іншых дробнарознічных гандлёвых пунктаў, а таксама баз для харчовых прадуктаў) узгадняецца з мясцовымі органамі санітарнага нагляду. Памеры тэрыторыі кірмашу ўстанаўліваюцца з улікам колькасці насельніцтва, якія будуць карыстацца таргамі. Кірмаш размяшчаюць з такім разлікам, каб да яго былі добрыя пад’язныя дарогі; яго плошчу фарміруюць з улікам сцёку вады. Кірмаш павінен размяшчацца на адлегласці не меней за 1,5 км ад месца збору смецця і не меней за 500 м ад прамысловых прадпрыемстваў і складоў, у якіх вытворчасць звязана з выдзяленнем пылу і пахаў, а таксама іншых аб’ектаў, якія могуць быць прычынай забруджвання тэрыторыі кірмашу.
Кірмашовую плошчу падзяляюць на дзве часткі — гандлёвую і абслуговую. У гандлёвай частцы ў адпаведнасці з відамі гандлю вылучаюць асобныя дзялянкі для:
а) гандлю харчовымі прадуктамі ў закрытых памяшканнях (магазіны, павільёны, ларкі і інш.);
б) гандлю харчовымі прадуктамі са сталоў, размешчаных радамі па роду прадуктаў (рыбныя, мучныя, малочныя, садавіна, гародніна і інш.);
в) гандлю харчовымі прадуктамі з вазоў і аўтамашын;
г) продажу хатніх жывёл;
д) прамысловых тавараў;
ж) вырабаў народных рамёстваў;
з) таргоў птушкай;
і) прадпрыемстваў культурна-бытавога абслугоўвання (медпункт, цырульня, майстэрня па рамонту абутку).
Санітарна-медыцынскія патрабаванні. Продаж харчовых прадуктаў на кірмашы дазваляецца толькі пасля праверкі іх у адпаведнасці з устаноўленымі правіламі ветэрынарна-санітарнай экспертызы.
На сучасных кірмашах пры продажы халодных і гарачых страў звычайна ўжываецца посуд разавага карыстання, выраблены з пластмасы. Кошт гэтага посуду, як правіла, уваходзіць у кошт страў, а часам аднаразавы посуд прадаецца і асобна. Але ў тых выпадках, калі на святочным гандлі ўжываюць металічны і фарфора-фаянсавы посуд, то на кірмашы неабходна ўсталяваць мыйныя перасоўныя памяшканні для мыцця лыжак, відэльцаў і іншага інвентару з устройствам мыйных металічных ваннаў. Гандлёвыя пункты прадуктаў харчавання павінны быць забяспечаны ў дастатковай колькасці мылам, ручнікамі і шчоткамі для мыцця рук. У тых выпадках, калі гандаль праводзіцца некалькі дзён, кірмаш павінен быць далучаны да водаправода і каналізацыі, што дае магчымасць абсталяваць цёплыя прамыўныя прыбіральні з умывальнікамі. Калі каналізацыя адсутнічае, то можа быць дазволена ўстройства перасоўных прыбіральняў. Месца размяшчэння ўмывальнікаў пры адсутнасці каналізацыі ўзгадняецца з мясцовымі органамі санітарнага нагляду. На кірмашах, далучаных да водаправода, робяць водаправодныя калонкі, а таксама пітныя фантанчыкі ў тых месцах, дзе мясцовымі органамі санітарнага нагляду дазваляецца выкарыстанне сырой вады для піцця. У адваротным выпадку арганізатары павінны павялічыць аб’ём гандлю фруктовымі напіткамі, сокамі, мінеральнай вадой, квасам і інш .
На кірмашах, дзе тавар падвозяць аўтамабільным транспартам, устанаўліваюць металічныя зборнікі з крышкамі для збору смецця ёмкасцю 50 л. Для дробнага смецця ўстанаўліваюць урны. Тэрыторыю кірмашу ачышчаюць да пачатку гандлю і пасля яго заканчэння. У цёплую пару года абавязкова паліваюць вадой. Бягучую ўборку праводзяць на працягу ўсяго рабочага дня. Вываз смецця ў час таргоў не дазваляецца.
З пачатку таргоў трэба правесці санітарнае абследаванне аб’ектаў дробнарознічнага гандлю. Санітарны ўрач або яго памочнік правярае выкананне агульных санітарных патрабаванняў, абавязковых для харчовых прадпрыемстваў, правілы асабістай гігіены, парадак захавання прадуктаў, іх якасць і інш.
У цёплую пару года на кірмашах забараняецца продаж харчовых прадуктаў, якія хутка псуюцца.
Гандлёва-гульнёвыя дзеі
Адметная асаблівасць традыцыйнага беларускага святочнага гандлю — разнастайныя гандлёва-гульнёвыя дзеі. Таму на аднаўленне і захаванне нацыянальнай культурна-гістарычнай спадчыны дырэкцыя кірмашу павінна звярнуць вялікую ўвагу. Так, у зоне продажу хатніх жывёл можна наладзіць сельскагаспадарчую латарэю з розыгрышам бычкоў, парсючкоў, авечак і інш.; у зоне продажу птушак — птушыны аўкцыён; у месцы, дзе прадаецца рыба, — гандлёвыя атракцыёны “Міёрскі павук”, “Палеская рыбалка”, “Рыбная латарэя”; у радах гародніны і садавіны — мінскую латарэю “Па спісу”, “Воранаўскі чыгун”, валожынскую забаву “Не ляпніся ў лужу”; у зоне цацак — “Дзіцячую рыбалку”, “Івацэвіцкую рулетку”; у зоне продажу кандытарскіх вырабаў — атракцыён “Пастаўскі пернік”, латарэю цукерак у форме гульні “Цот — лішка”; на кніжным гандлі — кніжную латарэю і да т.п. Арганізацыя гульнёвых формаў гандлю дае магчымасць уцягнуць у дзею значную колькасць людзей, садзейнічае іх актывізацыі, стварае жыццярадасны настрой у гледачоў.
Адной з галоўных задач пры ўвасабленні гульнёвых формаў гандлю з’яўляюцца захаванне ў структуры кірмашу традыцыйных беларускіх гандлёвых атракцыёнаў і стварэнне на гэтай аснове новых гандлёва-гульнёвых формаўтварэнняў.
Культурная праграма кірмашу
У сучаснай святочнай культуры Беларусi нiводны юбiлей цi свята горада, нiводная ўрачыстасць гарадскога, абласнога, тым больш рэспублiканскага маштабу не абыходзяцца без святочнага гандлю з вiдовiшчамi i забавамi.
Захоўваючы старадаўнiя беларускiя традыцыi правядзення кiрмашоў, сучасным арганiзатарам трэба iмкнуцца да таго, каб усе кiрмашовыя дзеi былi прасякнуты элементамi спаборнiцтва. У нашы днi кiрмашовая дырэкцыя многiх раёнаў Рэспублiкi Беларусь працягвае развiваць гэтую традыцыю: на конкурснай аснове работнiкi дзяржаўнага i кааператыўнага гандлю змагаюцца за лепшае мастацкае афармленне свайго павiльёна, рэкламу i продаж тавараў; калгасы i прыватныя асобы арганiзоўваюць конкурсныя выстаўкi з продажам сельскагаспадарчай прадукцыi; кожны сельсавет — выставу-продаж вырабаў народных рамёстваў; сельскi клуб змагаецца за лепшы калектыў мастацкай самадзейнасцi, а таксама выканаўцаў прыпевак, гумарыста, гарманiста цi iнструмен-тальны ансамбль.
Культурная праграма кiрмашовага свята павiнна складацца з наступнага: тэатралiзаванае адкрыццё; работа гандлёвых выстаў i творчых экспазiцый; фестываль мастацтваў; спартыўныя спаборнiцтвы; конкурсы народнай музыкi i асобных выканаўцаў; кiрмашовыя атракцыёны; гульнi i забавы; дзiцячая зона; урачыстае закрыццё кiрмашу з падвядзеннем яго вынiкаў i тэатралiзаваным фiналам.
У час правядзення кiрмашу яго тэрыторыя падзяляецца на вiдовiшчную, масава-гульнёвую, спартыўную i дзiцячую зоны дзеяння.
Відовішчная зона дзеяння. Структура праграмы можа быць складзена з фестывалю фальклорнага мастацтва, выступленняў прафесiянальных творчых калектываў, народных вандроўных груп, конкурсаў народных iнструментальных ансамбляў, выканаўцаў прыпевак, гумару i інш.
Пры арганiзацыi вiдовiшчаў трэба ўлiчваць, што з’явы кiрмашовага тэатра павiнны перш за ўсё адлюстроўваць i развiваць беларускiя фальклорныя традыцыi, у вынiку чаго пазагандлёвая частка кірмашу набудзе адметныя нацыянальныя асаблiвасці.
Вызначаючы прасторавае вырашэнне кiрмашу, неабходна асаблiвую ўвагу звяртаць на галоўную сцэнічную канструкцыю, дзе будуць адбывацца цэнтральныя вiдовiшчныя мерапрыемствы. Дзеля гэтага трэба пабудаваць эстрадную пляцоўку вышынёй не меней за 1,2 м, каб гледачам было зручна назiраць прапанаваную дзею. Гэта пляцоўка можа быць стацыянарнай або часовай (на аснове платформаў грузавiкоў). Разам з тым трэба памятаць, што раней на беларускіх кiрмашах не было сцэнічных падмосткаў i артысты працавалi сярод гледачоў, у прамым кантакце з імі. Таму ў зоне вiдовiшчных дзей для вандроўных артыстычных груп, перасоўных музычных ансамбляў, маленькiх цыркавых калектываў можна зрабiць фрай (адзiн цi некалькi): акрэслены на зямлi канатамi цi вяроўкамi круг дыяметрам 13 м, дзе вызначаныя калектывы будуць выступаць. Канцэрты ў фраі, як паказвае практыка, з’яўляюцца моцным сродкам эстэтычнага i эмацыянальнага ўздзеяння таму, што ў гэтых умовах у значнай ступені сцiраецца мяжа памiж гледачамi i артыстамi, што павышае эфектыўнасць успрымання прапануемай дзеi.